viasna on patreon

"Я застаюся ўнутрана свабодным". Апублікавана апошняе слова палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага

2023 2023-12-21T13:20:00+0300 2023-12-21T14:02:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dubouski_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лістападзе 2022 года суд Заводскага раёна Мінска асудзіў актывіста анархічнага руху Дзмітрыя Дубоўскага за падзеі 13-гадовай даўніны. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі ў Мінску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. Паколькі раней мужчыну ўжо асудзілі на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Дзмітрыя асудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. "Вясна" публікуе вытрымкі з прамовы палітвязня ад 24 лістапада 2022 года, якую апублікаваў тэлеграм-канал "Право на восстание".

Дмитрий Дубовский на суде. Фото: sb.by
Дзмітрый Дубоўскі на судзе. Фота: sb.by

"Падчас судовага пасяджэння і папярэдняга расследавання мая віна па ўсіх эпізодах не даказаная"

"Я не буду падрабязна каментаваць эпізоды, што ставяцца мне ў віну. Лічу, што падчас судовага пасяджэння і папярэдняга расследавання мая віна па ўсіх эпізодах не даказаная. Усе паказанні сведак, дадзеныя супраць мяне іншымі фігурантамі справы, з'яўляюцца ілжывымі і не адпавядаюць рэчаіснасці.

І ўсё ж, карыстаючыся прадстаўленай магчымасцю і правам на гэта апошняе слова, выкажуся крыху пра гэты працэс, які я яшчэ ў самым пачатку ахарактарызаваў як бессэнсоўную і крывадушную працэдуру, а таксама выказаў жаданне адмовіцца ад удзелу ў судзе, бо не меў ілюзій датычна таго, што мая невінаватасць будзе тут разгледжаная.

У цяперашніх рэаліях беларускай дзяржавы бессэнсоўна спадзявацца і чакаць справядлівага суда. Бессэнсоўна тлумачыцца і нешта даказваць суду, якія з'яўляецца палітычна і юрыдычна залежным ад цяпер дзеючай і ў той жа час пагарджанай і адарванай ад грамадства ўлады. Той самай улады, якая ў сваіх спробах панаваць яшчэ трохі, абапіраецца на апарат пакарання (маю на ўвазе суды, турмы, сілавыя структуры і іншыя сістэмы гвалту), патрабуючы ад тых жа судоў паказальных "судзілішчаў" і абвінаваўчых прысудаў.

Гэта тлумачыцца зусім не так званай "няўхільнасцю пакарання", а ў першую чаргу палітычнымі рэпрэсіямі, мэтамі якіх з'яўляюцца спробы запалохаць людзей, знясіліць іх нервы, запалохаць фізічна і тым самым спыніць спробы народнага супраціву і барацьбы грамадзян за свае правы. Гэтая ўлада папросту баіцца сваіх грамадзян і справядлівай адплаты з іх боку.

Ад 18 да 20 гадоў: у Мінску вынеслі прысуды анарха-партызанам

22 снежня 2021 года ў Мінскім абласным судзе абвясцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава.

"Абвінавачаныя тады анархісты панеслі пакаранне", — Зміцер пра падзеі 2010 года

"Калі ж казаць пра крывадушнасць суда, то яна палягае ў тым, што гэты суд наогул адбыўся праз дванаццаць гадоў і з улікам таго, што 27 траўня 2011 года гэты ж суд Заводскага раёна горада Мінска ўжо пазбаўляў волі траіх анархістаў, абвінаваціўшы іх у шэрагу эпізодаў з гэтай справы, што зноў разглядаецца.

Абвінавачаныя тады анархісты панеслі пакаранне і правялі дастатковы адрэзак свайго жыцця ў зняволенні. Здавалася б, гэтага павінна было хапіць для таго, каб паставіць кропку ў гэтай справе і не вяртацца да яе больш.

Крывадушнасці суду дадае яшчэ і той факт, што згодна з прысудам Мінскага абласнога суда, што дакладна так жа абслугоўвае і працуе ў інтарэсах рэжыму, я быў асуджаны да доўгага тэрміну — 18 гадоў пазбаўлення волі".

Вынесены прысуд палітвязню Дзмітрыю Дубоўскаму. Канчатковы тэрмін — 20 гадоў калоніі

Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 ("Хуліганства") і ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса ("Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці") і асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

"Я рады і ганаруся тым, што стаў удзельнікам грандыёзных падзей"

"Нягледзячы на ўвесь гэты сюррэалізм разам з тымі складанасцямі і ціскам унутры так званых папраўчых устаноў, я ўсё ж застаюся ўнутрана свабодным і верным сваім анархічным перакананням, асноватворнымі якіх для мяне з'яўляюцца: праўда, сумленне, справядлівасць! І ў сваіх учынках я заўсёды кіраваўся выключна гэтымі прынцыпамі.

Але гэта тое, што не зразумець і ніколі не адабраць заступнікам законаў у несправядлівай сістэме, якімі з'яўляюцца бок абвінавачвання і ўсякі суд у гэтай дзяржаве. Якім бы не быў ваш прысуд, я спакойны і шчаслівы ад таго, што апраўданы той часткай грамадства, з якой мы адзіныя ў жаданні стаць свабоднымі, пераўтварыць і паспрабаваць арганізаваць жыццё грамадства на сапраўды справядлівых пачатках, у параўнанні з тым, як яна ўладкаваная і выглядае цяпер.

Я таксама рады і ганаруся тым, што стаў удзельнікам грандыёзных падзей, што абавязкова ўвойдуць у гісторыю краіны як найвялікшае шэсце за свабодную Беларусь!"

"Беларусь будзе вольнай, а мы свабоднымі!"

"Я, як і многія іншыя анархісты, хацеў звярнуць увагу на сацыяльныя, эканамічныя і многія іншыя праблемы і беды ў краіне, у якой нарадзіўся і жыў. Я палічыў, што шлях барацьбы з аўтарытарнай сістэмай будзе правільным і нашмат больш сумленным і высакародным, прынамсі для мяне самога, чым усякае прытворства, пакорлівасць і абыякавасць да ўсяго таго, што адбываецца.

У барацьбе мы здабудзем права сваё!

Праўда за намі!

Увесь кашмар, які адбываецца, занадта недарэчны, каб працягвацца доўга.

Беларусь будзе вольнай, а мы свабоднымі!"


Падтрымайце Змітра лістамі салідарнасці, паштоўкамі і тэлеграмамі:

Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Дзмітрый Мікалаевіч Дубоўскі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства