viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 12 снежня Дапоўнена

2023 2023-12-12T12:50:00+0300 2023-12-13T12:12:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kastus-tenc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Дома ў Леаніда Судаленкі адбыўся ператрус

"Па месцы маёй рэгістрацыі ў аграгарадку пад Гомелем зараз скончыўся ператрус. Што шукалі, не казалі, мэблю ад сцен не адсоўвалі, 990 тыс. даляраў пад канапай не знайшлі.

Заўтра мабыць прыйдуць шукаць "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" ў гарадскую кватэру. Крымінальную справу вядзе РАСК па Гомельскаму раёну...", — напісаў Леанід у сацсетках 12 снежня.

У лістападзе 2021-га году Леаніда асудзілі да 3 гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі Судаленку ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.


Пастара і служыцеля наваполацкай царквы поўнага Евангелля "Царква Валадарства Божага" арыштавалі на 15 сутак

aljaksandr-herasimovicz_zleva_vadzim-saf
Аляксандр Герасімовіч (злева), Вадзім Сафонаў (справа)

Справу пастара царквы Аляксандра Герасімовіча (на фота злева), а таксама служыцеля Вадзіма Сафонава (на фота справа) 12 снежня разглядалі ў раённым судзе. Як паведамляе "Хрысціянская візія", іх абвінавацілі, верагодна, у распаўсюдзе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў.

Абодва мужчыны — шматдзетныя бацькі: Аляксандр выхоўвае 7 дзяцей, а Вадзім — 3.


У Магілёве затрыманы былы блогер Алесь Сабалеўскі

ales-sabaleuski_1.jpg
Алесь Сабалеўскі

Як стала вядома MAYDAY.TEAM, раніцай 12 снежня сілавікі затрымалі на працы магіляўчаніна Алеся Сабалеўскага. Прычыны затрымання не ўдакладняюцца.

Верагодна, у дадзены момант Сабалеўскі ў ІЧУ.


Аблава ў Чэрвені: ГУБАЗіК паказаў траіх затрыманых

taras-vjasnjanka.jpg
Тарас Вяснянка

Адзін з затрыманых 12 снежня, якога ўдалося апазнаць "Нашай Ніве", — гэта 43-гадовы Тарас Вяснянка. Яго вінавацяць у рэпосце з нейкага рэсурсу, прызнанага "экстрэмісцкім".

Пра другога мужчыну вядома, што ён у 2020-м вывешваў беларускі нацыянальны сцяг на даху свайго прыватнага дома. Меркавана, яго вінавацяць у няправільным захоўванні зарэгістраванай зброі, якая на відэа ляжыць проста на паліцах — аніякіх "палітычных" абвінавачанняў яму не закідаюць.

Трэці затрыманы — малады хлопец, які выходзіў у 2020-м на пратэсты. Адметна, што ў відэа дэманструюцца ягоныя нявыдаленыя гісторыі ў інстаграме, якія ён публікаваў для "блізкіх сяброў" і не выдаліў з архіву.


Беларускі саюз мастакоў ліквідаваў суполку "Пагоня"

Пра гэта паведамляе "Радыё Свабода" са спасылкай на "Позірк".

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з саюзу раней выключылі палітзняволенага Генадзя Драздова, які ўзначальваў суполку з 2011 па 2016 год.

Аб’яднанне было створанае 33 гады таму, у 1990 годзе. Яго мэтамі называлася "разьвіццё нацыянальнага мастацтва, зберажэнне і памнажэнне мастацкіх набыткаў культурна-гістарычнай спадчыны дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу".


Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Царквы "Новае Жыццё"

Пра гэта 12 снежня паведаміла "Хрысціянская візія".

Царква "Новае жыццё" — гэта рэлігійная абшчына хрысціян поўнага Евангелля. У пачатку 2021 года ўлады горада абвінавацілі суполку ў нямэтавым выкарыстанні ўчастка, на што вернікі сцвярджалі, што іх незаконна пазбавілі права на зямлю.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

12 снежня ў яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты "Беларусы Батумі Белорусы Батуми", "КОТОС: мясцовае самакіраванне", "Окрестина задержанные", "Публічны чат – Народныя амбасады Беларусі", "Гільдыя Беларусаў";
  • Сацсетки праекту "belonews";
  • Старонка ў Facebook "Valery Tsepkalo".

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за каментары ў Telegram-каналах

"Пакаяльнае" відэа з затрыманым з'явілася 12 снежня ў праўладным тэлеграм-канале.

Сцвярджаецца, што мужчына нібыта абражаў сілавікоў у "экстрэмісцкіх" Telegram-чатах.


У "спіс тэрарыстаў" унеслі яшчэ аднаго беларуса

Камітэт дзяржаўнай бяспекі 12 снежня абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек.

Сярод іх чатыры грамадзяніна Гаіці, а таксама 31-гадовы беларус Міхаіл Бабошка. Паведамляецца, што ў дачыненні да яго ўступіў у сілу прысуд паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці).

Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1150 чалавек, з іх 391 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1159 пазіцыі, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


Затрымалі студэнта гомельскага ўніверсітэта, які ладзіў беларускія імпрэзы

kastus-tenc.jpg
Кастусь Тэнц

Пра гэта "Палескай Вясне" паведамілі аднакурснікі Кастуся Тэнца.

Затрыманне, імаверна, адбылося 8 снежня. Прычыны яго на гэты час невядомыя. Пры гэтым ужо пасля ягонага затрымання нехта заходзіў на ягоную старонку ў сацыяльнай сетцы Укантакце.

Кастусь родам з Рэчыцы. Яшчэ ў дзяцінстве быў вядомы там сваімі перамогамі ў розных відах спорту. У 2019 годзе зацікавіўся беларускай мовай. Наведваў курсы Мова Нанова ў Рэчыцы. Перайшоў сам на беларускую мову. Пасля паступіў у БелДУТ.

Як распавялі аднакурснікі Кастуся, ён часта ва ўніверсітэце ладзіў розныя акцыі для прапаганды беларускай мовы – віктарыны, дыскатэкі з беларускамоўнымі песнямі, экскурсіі ў адметныя беларускія месцы і ў родныя мясціны выбітных беларускіх дзеячоў.

У той жа дзень "Гомельская вясна" паведаміла, што Кастуся Тэнца арыштавалі на 15 сутак. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства