viasna on patreon

Пятнаццатая праваабарончая прэмія: трэці год не ў Беларусі, частка пераможцаў – за кратамі

2023 2023-12-11T11:24:00+0300 2023-12-11T14:24:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/premia-supolnasci-2023-41.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Вільні ў Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня былі названыя пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2023 год. Прэмія, заснаваная 15 год таму “Праваабарончым альянсам” трэці раз уручаецца не ў Беларусі, а частка яе намінантаў знаходзіцца зараз за кратамі за сваю праваабарончую і грамадскую дзейнасць.

Напачатку ўганаравання пераможцаў, якое праходзіць у час наймацнешых рэпрэсій і пераследу, калі ўсе, хто бароніць правы чалавека, праяўляюць самаахвярнасць, было ўзгаданае імя заўчасна пайшоўшага з жыцця кіраўніка Беларускага Хельсінкскага камітэту Алега Гулака (1967 – 2022). Алег – аўтар ідэі стварэння нацыяльнага індэкса правоў чалавека, які прыклаў шмат намаганняў і сіл для стварэння камунікацыі паміж праваабарончай супольнасцю, дзяржаўнымі і міжнароднымі інстытутамі ў самых розных сферах. На ўручэнні прысутнічала экспертка Беларускага Хельсінкскага Камітэта Кацярына Дэкайла, якая падзякавала камандзе БХК за тое, што яны змаглі пасля гэтай вялікай страты пераарыентавацца і працягнуць сваю дзейнасць. Ёй быў уручаны адмысловы дыплом.

premia-supolnasci-2023-11.jpg
Кацярына Дэкайла

Па традыцыі, для уручэння прэмій былі прадстаўленыя тры класічныя намінацыі: “Праваабаронца года”, “Журналіст года” і “Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года”. З’явілася таксама і новая пазіцыя – “Праваабарончая салідарнасць года”. Але, як падкрэслівалі пад час ўручэння прэмій выступоўцы, лепей бы такой узнагароды больш не было, паколькі на гэтую намінацыю былі вылучаныя асобы, якія пацярпелі і церпяць зараз ад рэпрэсій за сваю дзейнасць па прасоўванні і абароне правоў чалавека ў Беларусі. Усе прэтэндэнты –  выбітныя асобы, чые імёны вядомыя не толькі сярод грамадзянскай супольнасці Беларусі, але і за яе межамі. Яшчэ адной адметнасцю сёлетняга года стала прадстаўленне пераможцаў не лаўрэатамі мінулагодняй прэміі, а іншымі праваабаронцамі, паколькі частка з іх, як напрыклад Наста Лойка, знаходзяцца за кратамі.

Усе трое намінантаў “Праваабарончай салідарнасці года" – палітзняволеныя 

Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Васіля змясцілі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванні. 5 студзеня 2023 г. быў вынесены прысуд: суддзя Анастасія Папко прызначыла Васілю Берасневу дзевяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Неўзабаве палітвязня перавялі з СІЗА-1 у магілёўскую Турму № 4. У Васіля значна пагоршылася здароўе, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.

Уладзімір Лабковіч  — юрыст "Вясны", каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Далучыўся да працы праваабарончага цэнтра ў 1998 годзе як валанцёр, пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2001-м стаў паўнавартасным сябрам "Вясны".

Уладзімір быў затрыманы разам з жонкай Нінай 14 ліпеня 2021 г. пасля вобшуку ў іх кватэры. 3 сакавіка 2023 г. у судзе Ленінскага раёна суддзя Марына Запаснік  вынесла Уладзіміру разам з іншымі вясноўцамі прысуд: 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. На волі Уладзіміра чакае трое дзетак.

Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста. Была затрыманая 3 студзеня 2021. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, сканфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. 9 чэрвеня 2021 г. у судзе Маскоўскага раёна Брэста быў вынесены прысуд: два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ужо ў гомельскай жаночай калоніі 7 красавіка 2022 года яе асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і прызначылі дадаткова  яшчэ адзін год  калоніі. 

Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная паводле гэтага артыкула. На волі яе чакаюць муж і дзеці.

premia-supolnasci-2023-7.jpg
Андрэй Шарэнда і Сяргей Сыс

Менавіта Паліну Шарэнду-Панасюк і ўганаравалі прэміяй “Праваабарончая салідарнасць года-2023”. Прэмію, якую прадставіў праваабаронца “Вясны” Сяргей Сыс,  атрымаў за Паліну муж Андрэй Шарэнда разам з сынам палітзняволенай.

"Добра, што вы ёсць, калегі!"

На прэмію “Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года” былі намінаваныя наступныя кампаніі і ініцыятывы: Служба эвакуацыі фонда беларускай салідарнасці “BYSOL”, ініцыятыва “Права на абарону” і марафон салідарнасці “Нам не ўсё адно”.

Служба эвакуацыі фонду BYSOL выконвае вельмі важную і адказную ў гэтыя часы функцыю: яе, нябачныя для многіх аператары, дапамагаюць з экстраным выездам з Беларусі тым, каму пагражае палітычна матываваная крымінальная адказнасць, аказвае ім і кансультацыйную і нават псіхалагічную дапамогу. Практычна за тры гады існавання служба эвакуацыі аказала рэальную дапамогу вялікай колькасці людзей уратавацца ад турмы і пераследу, пакінуць краіну і ўратаваць сваю свабоду. Агулам, як падкрэсліў Андрэй Стрыжак, 1848 чалавек атрымалі падтрымку службы.

Ініцыятыва “Права на абарону” была створаная беларускімі адвакатамі, якія пазбаўленыя ліцэнзій, зазналі пераслед, а многія з іх вымушаныя былі з'ехаць з краіны. Цяпер у Беларусі засталося ўсяго 1650 адвакатаў. Хаця яшчэ 6 гадоў таму іх было 2127, а летась – 1872. У цэлым пасля прэзідэнцкіх выбараў і пачатку масавых рэпрэсіяў пад пераслед трапілі 111 адвакатаў, з іх 11 – пад крымінальныя справы. Дзясяткі адвакатаў пазбавілі права на працу дзяржаўныя камісіі.

Марафон салідарнасці “Нам не ўсё адно” – марафон па зборы сродкаў для беларускіх палітычных зняволеных і іх сем'яў. Ініцыяваны прадстаўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольгай Гарбуновай. Марафон доўжыўся два дні з 29 ліпеня па 30 ліпеня 2023 года. Было сабрана 574 000 еўра.

premia-supolnasci-2023-31.jpg
Андрэй Стрыжак і Таццяна Царова

Пераможцу агучвае прадстаўніца Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў Таццяна Царова, а прэмія ўручаецца службе эвакуацыі фонду BYSOL. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак, які атрымаў узнагароду, прадставіў магчымасць пачуць словы самага галоўнага “эвакуатара”, які па зразумелых прычынах, застаўся ананінмным. Ён жа запрасіў на сцэну і іншых намінантаў, якія распавялі пра свае ініцыятывы.

Кранальныя словы прамовіў праваабаронца Ленанід Судаленка, які выйшаўшы на волю, змог пакінуць краіну, дзякуючы хуткай дапамозе службы эвакуацыі.

Леанід, падзякаваўшы фонду BYSOL  за працу, узгадаў, што ў першыя хвіліны на волі, калі ён толькі паспеў адыйсці ад сцен калоніі “Віцьба”, з ім звязаўся Андрэй Стрыжак і прапанаваў дапамогу. Праз 11 дзён Судаленка быў у бяспецы. "Добра, што вы ёсць, калегі!", – падзякаваў ён усім намінантам.

Апошняе слова Аляксандра Манцэвіча на судзе — сімвал мужнасці і грамадзянства

На намінацыю “Журналіст(ка) года-2023” былі вылучаныя вельмі годныя асобы, таму выбар журы быў няпростым.

Алег Груздзіловіч – былы палітвязень, журналіст "Радыё Свабода" які пачаў працаваць там з пачатку 1990-х. Алега затрымалі 16 ліпеня 2021 года падчас масавых вобшукаў у незалежных журналістаў у Мінску і іншых гарадах Беларусі.  А 3 сакавіка 2022 года ў судзе Савецкага раёну Мінска журналісту быў вынесены прысуд: 1,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Выйшаў на волю па амністыі і пакінуў Беларусь. Пазней напісаў кнігу "Мае турэмныя муры".

Аляксандр Манцэвіч  — галоўны рэдактар "Рэгіянальнай газеты", вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і рэгіёна. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы. Суд Маладзечанскага раёна 3 лістапада 2023 года пастанавіў пакараць журналіста пазбаўленнем волі тэрмінам на чатыры гады ва ўмовах агульнага рэжыму. 

Дзіяна Пінчук – журналістка і актывістка Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Па прычыне пераследу сябраў “Вясны”, пакінула Беларусь увесну 2021 года. Аўтарка журналісцкіх праектаў на сайце. Журналісцкую працу сумяшчае з актывізмам, праводзіць праваабарончыя мерапрыемствы, запачаткавала  Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі, прымеркаваны да дня смерці ў турме палітзняволенага Вітольда Ашурка 21 траўня.

premia-supolnasci-2023-51.jpg
Яўгенія Парашчанка

Пераможцаў намінацыі абвясціла прадстаўніца Беларускага дома правоў чалавека Яўгенія Парашчанка. У гэтай намінацыі перамог Аляксандр Манцэвіч, заснавальнік і галоўны рэдактар незалежнай грамадска-палітычнай "Рэгіянальнай газеты". Узнагарода будзе чакаць журналіста на волі.

Алег Груздзіловіч адзначыў, што яго моцна кранула апошняе слова Манцэвіча на судзе, у якім ён змог данесці сваю пазіцыю барацьбіта за права выказвання сваіх меркаванняў і думкі.

Праваабаронцам года абралі юрыста БАЖА і былую адвакатку

У намінацыі «Праваабронца года-2023» у спіс фіналістаў былі ўключаныя: Алег Агееў, Павел Левінаў і Наталля Мацкевіч.

Алег Агееў – юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. З 2015 году кіруе Прававым цэнтрам БАЖ, працуе ў сферы свабоды выказвання і свабоды СМІ. Пасля ператрусу 16 лютага 2021 года Агееў вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер працягвае дзейнасць у БАЖ за мяжой.

Павел Левінаў – вядомы віцебскі праваабаронца, прыйшоў у БХК ў 2000 годзе, актывіст кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, аўтар больш за 160 індывідуальных паведамленняў, пададзеных у КПЧ ААН. Па прычыне пераследу з’ехаў за мяжу.

Наталля Мацкевіч – адвакатка. Выступала абаронкай у рэзанансных палітычных працэсах: абараняла кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, анархіста Міколу Дзядка, праваабаронцу Марфу Рабкову, Генадзя Фядыніча і іншых. Была абаронцам у шматлікіх іншых палітычна матываваных справах. Пазбаўленая ліцэнзіі ў кастрычніку 2021 года, пасля 27 гадоў адвакацкай практыкі.

Пераможцу ў намінацыі абвясціла прадстаўніца Беларускага дома правоў чалавека Яўгенія Парашчанка. Неспадзявана імі сталі адразу двое: Алег Агееў і Наталля Мацкевіч.

premja-2023.jpg
Алег Агееў, Наталля Мацкевіч і Яўгенія Парашчанка.

Наталля Мацкевіч прызналася, што балела за Паўла і Алега, шчыра шкадавала, што ў гэты годзе не мае магчымасці аказваць адвакацкую дапамогу сваім зняволеным падабаронным. “Кожную раніцу, прачынаюся і ўзгадваю іх імёны, як сваю маленькую малітву”, - сказала яна.

Алег Агееў казаў аб тым, што лепей, каб усе тры намінанты сталі пераможцамі і побач стаяў  і Павел Левінаў. Ён таксама ўзгадаў імёны зняволеных праваабаронцаў – Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, якіх ўспрымае як сваіх настаўнікаў і таму сваю ўзнагароду сёння прысвячае таксама і ім.

Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе. Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко. За гады з моманту заснавання прэмія пашырылася і сёння ёсць прэміяй, якой беларуская праваабарончая супольнасць штогод адзначае праваабаронцу года, журналіста года, адваката года (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 г. – праваабарончую кампанію ці ініцыятыву года - за ўнёсак у абарону і прасоўванне правоў чалавека. Падрабязней пра Прэмію.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства