viasna on patreon

"Турма не спыняе прагрэс": праваабаронцы — з нагоды Дня правоў чалавека

2023 2023-12-08T16:20:56+0300 2023-12-08T16:40:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/5reasons_cover-1246x1920.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 cнежня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень правоў чалавека. Але сёння ўсё складаней верыць у канцэпцыю правоў чалавека. З гэтай нагоды "Вясна" распытала тых, хто працягвае абараняць правы чалавека нават у такі змрочны час. Праваабаронцы распавялі, чаму, на іх пункт погляду, канцэпцыя правоў чалавека ўсё яшчэ працуе, што надае ім сілу і матывацыю абараняць каштоўнасці правоў чалавека цяпер, а таксама якія сродкі прасоўвання гэтых каштоўнасцяў яны бачаць найбольш дзейснымі.

Пяць прычын, чаму канцэпцыя правоў чалавека ўсё яшчэ працуе

Чаму нават у такіх умовах правы чалавека працягваюць заставацца працуючай канцэпцыяй?


Канстанцін Старадубец, міжнародныя сувязі, адвакацыя: 

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Канстанцін Старадубец. Фота: spring96.org

"Паводле штогадовага агляду Freedom House, узровень свабоды ў свеце зніжаецца 17-ы год запар і толькі 84 з 195 краін з'яўляюцца свабоднымі. Высновы не выглядаюць такімі змрочнымі, калі паглядзець на статыстыку 1973 года. 50 гадоў таму свабоднымі лічыліся ўсяго 44 з 148 краінаў. Сацыяльны, палітычны і эканамічны прагрэс наўпрост залежыць ад дэмакратыі і павагі да правоў чалавека. Ён незваротны у глабальным маштабе. Людзі жывуць лепей і даўжэй у дэмакратычных краінах. Яны сапраўды больш шчаслівыя там, дзе свабоды і правы рэальна паважаюцца. Гэта тое, дзеля чаго варта жыць і працаваць.

Правы чалавека — гэта філасофія гуманізму. Яна дапамагае жыць у ладзе з іншымі. Правы чалавека робяць нас больш чалавечнымі і адкрытымі, у тым ліку да непазбежных зменаў. Асабіста для мяне гэта тыя каштоўнасці, якія ляжаць у падмурку штодзённых зносінаў з людзьмі і дзяржавай, гэта тое, без чаго было б немагчыма мець абгрунтаваны спадзеў на перамены ў маім асабістым жыцці і ў жыцці маёй Радзімы. 

Што дае сілу і матывацыю працягваць абараняць правы чалавека? Сілу — ведаць і бачыць, што гвалтоўныя метады не прыводзяць да доўгатэрміновага прагрэсу, што ад гэтага пакутуюць мільёны, а "перамагаюць" адзінкі, пасля якіх не застаецца нічога стваральнага, нічога гуманнага. Матывацыю — гэта сотні і тысячы асабістых прыкладаў праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў з усяго свету. Моцных людзей не становіцца менш, а турма не спыняе прагрэс.

Ва ўсім свеце, але асабліва ў краінах, якія толькі абуджаюцца ад наркозу аўтакратаў, важна рэгулярна і сістэмна паказваць людзям перавагі правоў чалавека і дэмакратычнага ладу. Эфектыўнасць гэтага працэсу немагчымая без укаранення каштоўнасцяў у сістэму адукацыі. Фармальны падыход або недастатковыя высілкі ў важны перыяд трансфармацыі прыводзяць да рэгрэсу і вяртання да аўтакратыі. Важную ролю тут адыгрывае грамадзянская супольнасць. Так і ўлады пост-таталітарнай Беларусі мусяць забяспечыць актыўны ўдзел праваабаронцаў у пераходзе да агульнанацыянальнага светабачання, заснаванага на правах чалавека".


Любоў Ланіна, праваабаронца "Вясны", Валанцёрская служба: 

Любоў Ланіна
Любоў Ланіна

"Калі пачаць назіраць, канцэпцыя правоў чалавека ў нашым свеце працуе на вельмі розных узроўнях: да яе апялююць людзі з усіх куткоў света, яна з’яўляецца прадметам перамоваў на надзяржаўным узроўні. Яна працуе для мяне асабіста як унутраныя каардынаты. Усе правы і свабоды з Дэкларацыі па асобку з’яўляюцца важнымі часткамі жыцця кожнага і кожнай з нас. Правы чалавека — гэта як пастулаты, якімі ты можаш агучваць адчуванні, звязаныя са справядлівасцю і годнасцю, а можаш апеляваць імі у судзе. Канцэпцыя правоў чалавека тлумачыць, што я не павінна баяцца сваёй дзяржавы, а маю ў ёй свае правы і з’яўляюся крытычна важным суб’ектам гэтай самай дзяржавы. Канцэпцыя правоў чалавека сістэматызуе і адлюстроўвае тыя правы і свабоды, што заўсёды былі ў людзей. Улічваючы што міжнародныя дакументы, якія замацоўваюць правы чалавека, з’явіліся ў выніку парушэння правоў з боку дзяржавы, я бачу вялікую каштоўнасць у гэтым канцэпце як ў сістэме, якая дае веды, што такое свабоды і правы, і як іх выкарыстоўваць і абараняць . 

Канцэпцыя правоў чалавека ў нашым свеце бачыцца мне пытаннем не толькі юрыдычным, але і каштоўнасным, якому варта навучаць у дзіцячых садках, на працы, ва ўніверы.  Гэта такое сістэмнае ўладкаванне, у якім няма месца дыскрымінацыі, таму што людзі яе не прымаюць унутры.  У цяперашні момант пытанне правоў чалавека гучыць для беларусаў і беларусак як ніколі гучна. Падзеі 2020-га года выклікалі ў людзей моцнае жаданне весці барацьбу за справядлівасць і свае правы. Таму мне важна працягваць сваю дзейнасць, у шмат чым адукацыйную і асветнікую. Я хачу, каб людзі даведваліся пра правы чалавека і шчыра лічу, што гэта можа змяняць жыццё да лепшага, а таксама дапамагаць адчуваць унутраную моц. Я бачу сваю задачу ў прасоўванні правоў чалавека і падыхода, заснаванным на іх.

Ëсць шмат розных спосабаў казаць пра правы чалавека, яны ўсе важныя. Але я хачу распавесці пра форум-тэатры як магчымасць размаўляць пра правы чалавека і недыскрымінаацыю з выкарыстаннем свайго цела і эмоцый, у бяспечнай атмасферы, праз форум-спектакль. У форум-спектаклях заўсёды ёсць ролі антаганіста і пратаганіста, а таксама магчымасць змяняць сюжэт пастаноўкі, каб пазбегнуць прыгнёта. Праз форум-тэатры разглядаюцца вельмі розныя аспекты парушэння правоў чалавека і дыскрымінацыі, а ў выніку ўдзел у такіх імпрэзах дапамагае людзям шукаць унутраны рэсурс і спосабы як абараняць свае правы. Напрыклад, мы робім форум-тэатры ў ініцыятыве "Адчуй".


Алена Маслюкова, праваабаронца:

Праваабаронца
Праваабаронца Алена Маслюкова. Фота: spring96.org

"Да ўсведамлення і разумення канцэпцыі правоў чалавека чалавецтва прайшло доўгі і складаны шлях. Але нават у ХХІ стагоддзі многія людзі, на жаль, у сваім светапоглядзе пакінулі правы чалавека па-за межамі неабходнасці і значнасці іх у сваім жыцці, не ацанілі іх каштоўнасць. І гэта вельмі сумна, бо ва ўсім свеце мы дагэтуль сутыкаемся з парушэннямі правоў чалавека. Аднак гэта не азначае, што канцэпцыя правоў чалавека не працуе. Справа ў тым, што правы чалавека парушаліся раней і будуць парушацца надалей, бо існуюць дзяржавы. І гэта факт, гэта проста трэба прыняць. А пасля ўсведамлення таго, што любая дзяржава ў любой кропцы свету можа парушыць нашыя правы, варта таксама зразумець іншае: за правы чалавека трэба змагацца сістэмна і паслядоўна, неабходна займацца выбудоўваннем такой дзяржавы, такога палітычнага рэжыму, такой грамадзянскай супольнасці пры якіх правы чалавека стануць найзначнейшаю каштоўнасцю.

Выхаванне бацькоў наклала вялікі адбітак на маё жыццё. Мой тата часта са мной гаварыў на розныя тэмы, якія я ў дзяцінстве не ўспрымала як увядзенне ў правы чалавека. Гэта былі гутаркі пра тое, што такое “добра” і “што такое “кепска”. І гэта засталося са мной на ўсё жыццё. Толькі стаўшы дарослай, я зразумела сэнс ўсяго, пра што мы гаварылі з татам: у жыцці павінна прысутнічаць павага да кожнага чалавека, незалежна ад полу, узросту, нацыянальнай прыналежнасці ці колера скурыПравы чалавека наўпрост звязаныя з чалавекалюбствам,  а прынцыпы гуманізму ёсць мера дзейнасці дзяржавы, у якой патрэбы чалавека, яго цікаўнасці, інтарэсы становяцца  асновай яе функцыянавання. Я ў гэтым перакананая.

Чаму я працягваю бараніць правы? Напэўна таму, што бачу, як мая краіна Беларусь штодзённа скатваецца ў багну прававога нігілізму, дзе правы чалавека нічога не вартыя, што гэтае словазлучэнне ўспрымаецца як нешта непатрэбнае, іншароднае беларусам. У такі цяжкі час, калі не працуюць ні законы, ні Канстытуцыя, калі праві чалавека нічога для ўладаў не вартыя, калі працягваеццца хваля рэпрэсій, калі людзям патрэбна дапамога, то што застаецца рабіць? Працаваць і бараніць правы…

На мой погляд, самым дзейсным метадам прасоўвання канцэпцыі правоў чалавека, было, ёсць і застанецца выхаванне чалавека з самага маленства ў асяродку павагі да правоў чалавека. Адукацыя чалавека цягам усяго жыцця. Не меньш дзейсным з’яўляецца таксама папулярызацыя правоў чалавека праз СМІ і, безумоўна, прыклад жыцця і дзейнасці выбітных праваабаронцаў, такіх, як Элеанора Рузвельт, Нельсан Мандэла і г. д. А для нас, беларусаў, безумоўным прыкладам з’яўляюцца Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова, Уладзь Лабковіч і ўсе палітвязні, якія мелі і маюць гонар і моц бараніць свае правы, нават знаходзячыся за кратамі. Я маю на ўвазе і зняволеных выбітных беларускіх палітыкаў, праваабаронцаў і шэраговых зняволеных грамадзян.


Леанід Судаленка, праваабаронца, былы палітвязень: 

leanid_sudalenka-paslia-vyzvalennia.jpg
Леанід Судаленка

"Нягледзячы на ўзнікаючыя ў свеце канфлікты і нават войны — канцэпцыя правоў чалавека, выкладзеная ва Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека, працягвае несці нам годнае і мірнае жыццё. Чалавецтва 75 гадоў таму дамовілася паважаць чалавечую годнасць, і гэта працягвае прадухіляць міжнародны хаос. Без захавання гэтых правілаў немагчымы прагрэс, развіццё, немагчымы рух наперад! Параўнанне ўзроўню жыцця ў развітых краінах з павагай да чалавечай годнасці з краінамі, якія плююць на правы грамадзян, заўсёды будзе не на карысць апошніх. Каштоўнасць канцэпцыі правоў чалавека закладзена ў яе ўнутраным змесце— чалавечая годнасць і роўнасць. Гэтыя дзве базавыя каштоўнасці лічу найвышэйшым дасягненнем чалавецтва.

Трагічная сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне — не нагода для праваабаронцаў апускаць рукі. Хутчэй гэта выклік, які падахвочвае згуртавацца, яшчэ энергічней змагацца за правы чалавека, несучы і сцвярджаючы павагу да чалавечай годнасці. Менавіта асабістая годнасць дапамагае мне працягваць праваабарончую працу, якая стала самым насычаным сэнсам майго жыцця. Я пра гэта казаў да падзеяў 2020 года, і я пра гэта працягваю казаць пасля турэмнага зняволення.


Дар’я, праваабаронца:

"Я лічу, што канцэпцыя правоў чалавека — дагэтуль самае вялікае, што прыдумаў чалавек. Як хрысціянства ў свой час замацавала ў грамадстве пэўныя каштоўнасці і дамовы, так канцэпцыя правоў чалавека прапанавала ідэю, што неабавязкова абмяжоўвацца нейкай адзінай прыкметай, каб прызнаваць, што мы ўсе роўныя, што добра б, каб нас усіх паважалі. Таму першасна і базісна яна працуе, бо чалавецтва агулам дасягнула гуманітарнага развіцця і прызнае: ёсць агромністая дзяржава, а ёсць чалавек, але пры гэтым дзяржава мусіць не крыўдзіць, не прыніжаць, не руйнаваць правы і свабоды, а наадварот абараняць іх і чалавека. Але гэта не працуе, калі ва ўладзе не самыя гуманітарна і інтэлектуальна развітыя людзі. У такім выпадку адбываецца гуманітарная катастрофа, у людзей забіраюць навык рэфлексіі, як толькі яны нараджаюцца. 

Але агулам канцэпцыя ўсё яшчэ працуе, бо на каштоўнасцях правоў чалавека заключаецца шмат дамоўленасцей паміж дзяржавамі, цяпер правы чалавека — гэта новы этыкет. Тваё стаўленне да гэтага як дзяржавы вызначае, ці заключаць з табой дамовы, ці будуць цябе слухаць. Наколькі ёсць сэнс адстойваць правы чалавека ў час рэпрэсій? Мне падаецца, ёсць сэнс, бо мы робім гэта дзеля людзей. Тым больш, што правы чалавека — частка твайго штодзённага жыцця, нават калі ты не жывеш у стане пастаянных рэпрэсій, не жывеш у Беларусі, а жывеш у Еўропе, напрыклад. Носьбіт правоў чалавека, іх увасабленне — сам чалавек. Ты носіш Дэкларацыю правоў чалавека з сабой у ахапаку паўсюль, куды ні ідзеш, але пытанне, што не ва ўсіх дзяржавах ты можаш пакласці яе на стол, на вялікі жаль. Але ў любым выпадку варта разумець, што гэта за набор, каб дапамагаць іншым і сабе — гэта комплекснае пытанне. Бо калі ты гэта ўсвядомліваеш, на тым жа пашпартным кантролі ці дзе заўгодна ты разумееш, што ты не такі ўжо і маленькі, што любы чалавек у пагонах нясе перад табой значна больш адказнасці, чым ты перад ім. Усё гэта прыводзіць да таго, што ты ствараеш вакол сябе мікра-супольнасць, у якой табе не даводзіцца так агрэсіўна абараняць і прасоўваць правы чалавека, проста таму што ўсё ўжо пабудавана на такой павазе да чалавека, калі табе не страшна перад памежнікамі: усе структуры павагі да асобы ўжо пабудаваныя. 

Для мяне як для юрысткі важныя прававыя метады прасоўвання каштоўнасцей правоў чалавека. Я ведаю, што нават у непрацуючых сістэмах гэта працуе знутры. У той жа дзяржаўнай сістэме працуюць разумныя людзі, і яны таксама заўважаюць шчырага чалавека, які бачыць і адстойвае сваю правату і праўнасць. У выніку гэта прыводзіць да зменаў. Акром гэтага, я бачу вялікі сэнс у мастацкіх метадах прасоўвання гэтых каштоўнасцей. Людзі па-рознаму ставяцца да тых жа перфомансаў, але пастаянна пра гэта гавораць: а ў нашым выпадку важна быць бачнымі. У межах канцэпцыі новай этыкі да прасоўвання правоў чалавека мне бачыцца сэнсоўным залучэнне новых стэйкхолдэраў, каб былі заўважныя не толькі чалавек і дзяржава, але і падгрупы ўнутры грамадства. У гэтым кантэксце, напрыклад, важна паказваць узаемасувязь паміж бізнесам і правамі чалавека".


Святлана, юрыстка і праваабаронца:

sviatlana_pr.jpg
Святлана

"Я ўяўляю сабе канцэпцыю правоў чалавека як лакмусавую паперку, якую грамадства можа прыкласці да сітуацыі і зразумець, ці нармалёва тое, што адбываецца. Нас атачае так шмат інфармацыі і меркаванняў, што часам вельмі проста згубіцца — напрыклад, праз занадта ўпэўненую рыторыку кагосьці. У простых сітуацыях гэтыя каштоўнасці нібыта зразумелыя, але ў жыцці мы сутыкаемся са складанымі, неадназначнымі сітуацыямі. Напрыклад, нядаўна ў Беларусі вынеслі смяротны прысуд. Калі бачыш, што чалавек зрабіў, ёсць рызыка задумацца — а можа, гэта нармальна? Але вяртаючыся да таго свету, у якім ты хочаш жыць, якімі каштоўнасцямі мусіць кіравацца супольнасць, у якой ты жывеш, ты задаеш сабе больш грунтоўныя пытанні, ці хочаш ты, каб так адбывалася? Таму правы чалавека — гэта інструмент, калі ты можаш выдыхнуць, паглядзець на сітуацыю з боку,  узважана і збалансавана. 

Большую частку існавання цывілізацыі ў людзей пануе меркаванне, што чалавек — гэта маленькая частка чагосьці большага: грамадства, краіны. З гэтага палягае шмат месенджаў, што ён мусіць служыць камусьці, што ёсць нейкая вышэйшая мэта, і ў гэтым часта губляецца сам чалавек. Але правы чалавека — гэта якраз пра тое, каб не гублялася як самакаштоўнасць чалавека і чалавечага жыцця, так і чалавечага шчасця. Важна, каб адзіны чалавек быў шчаслівы: жыў у супольнасці, не парушаў прынцыпаў узаемадзеяння ў грамадстве, але і проста быў бы шчаслівым. Гэта самае важнае. Правы чалавека — гэта набор базавых рэчаў, якія дапамагаюць не забывацца пра аднаго чалавека ў вялікім свеце і абараніць чалавечую годнасць. 

Найбольш эфектыўным я бачу скразное прасоўванне каштоўнасцей. Мо, не кожнаму і кожнай будзе цікавая нават базавая адукацыя ў сферы правоў чалавека, але важнае навучанне  простым прынцыпам павагі кожнага і кожнай, прызнання кожнага і кожнай у любых дзеяннях. Тады гэта будзе мець сэнс. Як для чалавека і юрысткі, якая займаецца правамі чалавека, мне важна прасоўваць тэму пра каштоўнасці правоў чалавека, бо гэта даволі складаная тэма і ў нейкіх момантах не суперпапулярная. Прынцыпы правоў чалавека вельмі простыя, але каб ім адпавядаць, часам даводзіцца прымаць складаныя рашэнні. Часам простае рашэнне забіць чалавека, які здзейсніў злачынства, ці забараніць мірныя сходы, бо яны перашкоджваюць працы транспарту — якраз простае рашэнне складанага пытання. Гэта вядзе да таго, што правы шмат каго парушаюцца, інтарэсы не ўлічваюцца, хаця варта было б. Таму каб правы працавалі, патрэбныя складаныя рашэнні ад дзяржавы і арганізацый грамадскай супольнасці, ад міжнароднай супольнасці. Калі мы не хочам, каб былі забытыя ўразлівыя групы, часткі грамадства, мы самі — нам трэба гэтым займацца. Я веру, што юрыдычныя працэдуры хаця могуць не працаваць наўпрост, але працуюць акумулятыўна". 


Сяржук Сыс, праваабаронца і журналіст: 

Пісьменнік і журналіст Сяржук Сыс. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.
Праваабаронца і журналіст Сяржук Сыс. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

"Да канцэптуальнага разумення правоў чалавека я далучыўся досыць позна, гадоў у 45. Менавіта тады я прыйшоў у Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі вельмі мудра адразу прапанаваў павучыцца ў праваабарончай школе. Тады была такая ўнікальная магчымасць для дарослых — “Школа па правах чалавека для настаўнікаў”. Менавіта пасля гэтага шкалярства ранейшыя мае веды займелі ўпарадкаваны характар, а тэкст Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека надоўга стаўся маёй настольнай кнігай.

Часам задаю сабе пытанне: што паўплывала на прыняцце гэтага найгалоўнейшага для чалавецтва дакумента? Магчыма, гэта сусветныя войны, у выніку якіх гуманнасць і дабро перамагала цёмныя сілы. Скажам, пасля Першай сусветнай, у 1919 годзе была заснаваная Ліга Нацый. Сярод галоўных мэтаў аб’яднання розных па сваім складзе краін, былі запачаткаваныя прынцыпы абароны правоў чалавека. Пазней, пасля сканчэння Другой сусветнай вайны, у 1948 годзе чалавецтва саспела да прыняцца “Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”. І зразумела таксама чаму: планетарнае грамадства, якое перажыло гвалт і ліхалецце войн, стала нашмат больш прадбачлівым і гуманным.

На жаль, гістарычныя ўрокі часам забываюцца. Маем новыя войны, маем тыраніі, маем папранне галоўных прынцыпаў абароны і захавання асновапалагаючых прынцыпаў правоў чалавека. У тым ліку і ў Беларусі. Толькі веру, што гэта ўсё часова: ёсць толькі адзін шлях, каб звацца “чалавекам разумным”. І гэты шлях— заўсёднае, штодзённае адстойванне правоў, прадыктаваных самім жыццём і цывілізацыяй. Кіруючыся “Дэкларацыяй…” асабіста я шмат чаго стаў разумець глыбей: у маіх учынках і дзеяннях з’явілася талерантнасць і цярпімасць, а самае галоўнае — перакананасць у тым, што мая праца неабходная, што гады, аддадзеныя мной праваабарончай дзейнасці не прайшлі марна, што шлях, які я абраў, адзіны правільны і ўрэшце рэшт ён возьме верх".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства