#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"
Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.
Мінула 1100 дзён за кратамі знаходзіцца палітзняволены валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк
У мінулым верасні Андрэю прысудзілі 6 гадоў калоніі. Чапюка абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках), ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці — за графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе).
Пазней Вярхоўны Суд скараціў тэрмін на тры месяцы — да 5 гадоў і 9 месяцаў зняволення. У сакавіку Чапюка этапавалі ў івацэвіцкую калонію.
Мінула 37 месяцаў, як за кратамі знаходзіцца Марфа Рабкова
Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрымана 17 верасня 2020 года. Пазней праваабаронцу абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення.
Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і Рабкову этапавалі ў гомельскую калонію.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20 |
Мінула 27 месяцаў, як у зняволенні ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча
14 ліпеня 2021 года да іх і іншых вясноўцаў прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў "кантрабандзе" і "фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
3 сакавіка суддзя Марына Запаснік прысудзіла вясноўцам вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.
Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч сустрэлі свае Дні народзінаў за кратамі
14 кастрычніка Валянціну Стэфановічу споўнілася 51 год, а 22 кастрычніка Уладзіміру Лабковічу споўнілася 45 гадоў.
Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16 ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183 ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8 |
Поўную аўдыторыю сабрала прэзентацыя кнігі "Алесь Бяляцкі" у Гарвардскім універсітэце
Яе прывезла туды старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай, піша Еўрарадыё.
Акрамя кнігі і шляха Алеся Бяляцкага, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі тэму палітзняволеных, стан беларускай культуры, правоў чалавека, пагаварылі пра ролю асобы падчас гістарычных пераломаў, а таксама пра тое, чаму для рэжыма ў Беларусі беларуская культура і беларускасць — такія невыносныя і раздражняльныя.
Гарвард — адзін з вядучых універсітэтаў у свеце. Ён стала займае першыя радкі ў рэйтынгах.
На REVOLUTIONALE нагадалі пра палітзняволеных вясноўцаў
У нямецкім Лейпцыгу з 9 па 13 кастрычніка адбылася міжнародная канферэнцыя па дэмакратыі і правах чалавека REVOLUTIONALE. На канферэнцыі быў і стэнд кампаніі FreeViasna.
Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
3. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
4. Падтрымаць "Вясну" на Patreon ці аднаразовым данатам.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org