Гомельскага прадпрымальніка асудзілі за падтрымку Украіны і данаты ў фонд салідарнасці
У Гомельскім абласным судзе 17 жніўня вынесены прысуд прадпрымальніку і рэзідэнту Гомельскага тэхнапарку Юрыю Ташкінаву. Яго абвінавацілі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт.361-2 КК).
Па версіі следства ён «пакідаў негатыўныя каментары адносна журналістаў дзяржСМІ, а таксама перавёў каля 100 долараў фонду салідарнасці Bysol".
Гомельскі абласны суд разглядаў гэтую справу ў закрытым рэжыме пачынаючы з 20 ліпеня. Справу вёў суддзя Аляксандр Піскуноў.
Юрый Ташкінаў быў рэзідэнтам Гомельскага тэхнапарку. У 2018 годзе ён распрацаваў мабільнае прыкладанне для анлайн-пошуку выканаўцаў розных работ і паслуг.
Пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну гамяльчук у сацыяльных сетках выказваўся супраць вайны і публікаваў справаздачы аб гуманітарнай дапамозе жыхарам Чарнігаўшчыны, якая была акупаваная ў пачатку вясны 2022 года.
Ташкінаву прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады.
Таксама ў Юрыя Ташкінава канфіскавалі мабільны тэлефон.