viasna on patreon

Выракі палітвязням на 121 год няволі. Судзіла "нашаніўцаў" і дзіцячага паэта. Распавядаем пра суддзю Анжэлу Касцюкевіч

2023 2023-07-21T14:00:00+0300 2023-07-21T16:09:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anzhela-kascjukevicz_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя Мінскага гарадскога суда Анжэла Касцюкевіч масава выносіць палітычна матываваныя прысуды. На сёння яны складаюць ужо 121 год зняволення. Яна датычная як мінімум да 38 "палітычных" крымінальных справаў. Анжэла судзіла "нашаніўцаў" Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко, блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна, дзіцячага паэта Дзмітрыя Юртаева, грамадзяніна Польшчы Роберта Тампалу і былога следчага Мікіту Старажэнку. Гэта толькі некаторыя з імёнаў асуджаных ёю па палітычных матывах.

"Вясна" распавядае пра "палітычную" суддзю Анжэлу Касцюкевіч і ўзгадвае палітвязняў, якіх яна асудзіла.

anzhela-kascjukevicz_1.jpg
Суддзя Анжэла Касцюкевіч. Фота: сайт ініцыятывы грамадзянскага кантролю судовай сістэмы "Зубр"

Анжэле Яўгенаўне Касцюкевіч 36 гадоў. За гэты час яна паспела папрацаваць як мінімум у двух сталічных судах. 15 студзеня 2013 года Анжэла была назначана на пяцігадовы тэрмін суддзёй суда Заводскага раёна Мінска. Прапрацаваўшы там дзевяць гадоў, у верасні 2022 года жанчыну назначылі суддзёй Мінскага гарадскога суда. Таксама яна, масава выносячы палітычна матываваныя прысуды, чытала лекцыі па праве маладым курсантам Акадэміі МУС.

Крымінальныя справы

Найболей Анжэла Касцюкевіч вынесла судовых рашэнняў па “народным” артыкуле за актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (342 КК) – 12 прысудаў. Таксама яна нярэдка судзіць за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады (ч. 1 арт. 368 і арт. 369 КК) – шэсць і восем прысудаў адпаведна. За распальванне іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) жанчына асудзіла восем палітвязняў.

Агулам суддзя вынесла палітычна матываваных судовых рашэнняў на 121 год зняволення. Самы вялікі тэрмін яна прызначыла Уладзіславу Савіну – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля іншая суддзя Вікторыя Пакунова асудзіла Уладзіслава яшчэ на 2 гады калоніі.

Як мінімум 38 чалавек асудзіла ці судзіць паводле палітычна матываваных крымінальных справаў Анжэла Касцюкевіч. Таксама 23 чэрвеня 2023 года яна разглядзела апеляцыйную скаргу палітзняволенага палітыка Андрэя Дзмітрыева, якую пакінула без задавальнення.

kursanty-mus_anzhela-kascjuczenka.jpg
Суддзя Анжэла Касцюкевіч з курсантамі Акадэміі МУС. Фота: сайт Вярхоўнага суда

Адміністрацыйныя справы

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, агульная сума штрафаў, якія выдала суддзя па пратэсных артыкулах – 620 базавых велічыняў на 20 чалавек. На сённяшні дзень гэта 22940 рублёў. Арыштавана 19 чалавек на 346 сутак. 

Каго асудзіла Анжэла Касцюкевіч? 

"Нашаніўцы" Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч

jahor-marcinovicz-i-andrei-skurko_kalazh
Палітзняволеныя "нашаніўцы" Ягор Марціновіч (злева) і Андрэй Скурко. Фота: Радыё Свабода

Галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. Першапачаткова іх затрымалі на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Пасля чаго “нашаніўцаў”  на волю не выпусцілі і абралі ім меру ўтрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

28 ліпеня 2021 года мужчынам было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 216 КК ("нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання, зробленае групай асобаў"). Прэтэнзія палягала ў тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была паводле тарыфаў для фізасобаў, а трэба было плаціць паводле тарыфаў для юрасобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству "Мінэнерга" была нанесеная шкода ў памеры больш за дзесяць тысяч рублёў, якую абвінавачаныя кампенсавалі ў поўным аб'ёме. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася. 

15 сакавіка 2022 года былі вынесены прысуды Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко. Суддзя Анжэла Касцюкевіч прызнала іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу і прысудзіла кожнаму па два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі прасіў прызначыць пракурор Мікалай Дзяцел.

20 траўня 2022 г. Мінскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю на прысуд і пакінуў яго ў сіле.

Мінчанка Вольга Сінялёва, якая адмовілася здаваць кватэру “палітычнай” памочніцы пракуроркі

У 2021 годзе 33-гадовая Вольга Сінялёва адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліне Касьянчык. Дзеянні мінчанкі кваліфікавалі па арт. 190 Крымінальнага кодэкса – парушэнне раўнапраўя грамадзян. Суд зрабілі закрытым "у сувязі з неабходнасцю абараніць асабістыя дадзеныя Касьянчык і дадзеныя яе сям'і ад разгалошвання".

Як раней паведаміла генпракуратура, дамова найму жылога памяшкання была падпісана летась 21 ліпеня на два гады. Пацярпелая памочніца пракурора «выконвала своечасова і ў поўным аб’ёме» свае абавязацельствы паводле дамовы. Але арэндадаўца, паводле пракуратуры, «паддалася інфармацыйнаму ўздзеянню Telegram-каналаў і іншых інтэрнэт-рэсурсаў» і запатрабавала ад Аліны Касьянчык вызваліць жылое памяшканне.

Як распавялі родныя Сінялёвай, пацярпелая Касьянчык сама напісала заяву на скасаванне дамовы арэнды праз месяц, а праз два тыдні напісала заяву ў міліцыю, тыя адмовілі, бо не было падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы. Яна пайшла ў СК, тыя доўга выклікалі Вольгу з грудным дзіцем на допыты і распачалі крымінальную справу па арт. 190 КК.

Памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне ў многіх "палітычных" справах, удзельнічала ў працэсах па крымінальных справах супраць пратэстоўцаў.

30 чэрвеня 2021 года суддзя Анжэла Касцюкевіч асудзіла Вольгу Сінялёву паводле арт. 190 Крымінальнага кодэкса “Парушэнне раўнапраўя грамадзян” на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняй хіміі”).

"Дык а людзям навошта пра гэта казаць?". Паказальны дыялог суддзі з блогерам Уладзіславам Савіным

Уладзіслаў Савін

Уладзіслаў Савін — прадзюсар і блогер. Яго абвінавацілі ў махлярстве ў буйным памеры (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса) і арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту (арт. 342 КК). А менавіта ў тым, што ў 2015-2016 годзе ён, паабяцаўшы больш за 100 чалавекам удзел у першых у Беларусі рэаліці-шоў, не забяспечыў ім гэтага. Справу аб махлярстве закрылі. Але ў жніўні 2020 года яе рэзка аднавілі. Таксама Савіна абвінавацілі ва ўдзеле ў трох Маршах у 2020 годзе і арганізацыі пратэстаў з дапамогай відэаролікаў на сваёй старонцы Instagram. Уладзіслаў прызнаў віну па арт. 342 Крымінальнага кодэкса, а па арт. 209 — не.

У судзе Заводскага раёна Мінска 30 сакавіка 2022 года пасля чатырох месяцаў судовых разбіральніцтваў агучылі прысуд. Суддзя Анжэла Касцюкевіч асудзіла яго да васьмі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — менавіта такое пакаранне запрашвала дзяржабвінавачванне.

Адметны дыялог,  які добра паказвае стаўленне суддзі да свабоды выказвання меркаванняў, адбыўся на судзе паміж Уладзіславам Савіным і Анжэлай Касцюкевіч. У дыялогу вялося пра відэаролікі ў Instagram, якія Уладзіслаў публікаваў, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Суддзя запытала, чаму Савіну было важна, каб яго чулі. На гэта блогер адказаў, што лічыў, што беларусаў падманваюць, а "гвалт, які ён бачыў, не мусіць мець месца ў дэмакратычнай краіне пасярод Еўропы".

— Дык а людзям навошта пра гэта казаць? — перапытала суддзя Касцюкеівч.

— У сэнсе? — не зразумеў пытання Савін.

— Вы на сябе якую функцыю ўзялі? — дапытвалася суддзя.

— Я гэта казаў, таму што я маю права згодна з артыкулам 19 Дэкларацыі правоў чалавека гаварыць і выказваць сваё меркаванне, — адказаў Уладзіслаў.

— Калі ласка. Але навошта гэта рабіць на публіку? — не разумела Касцюкевіч.

— Я лічыў, што людзям гэта цікава.

— «Людзям гэта цікава...», — паўтарыла, нібы перадражніваючы, яго словы суддзя.

Мікіта Старажэнка. Былы следчы, які звольніўся пасля выбараў на знак пратэсту

starazhenka_mikita.jpg
Былы следчы Мікіта Старажэнка

Мікіту Старажэнку затрымалі 1 лютага 2022 года ў Мінску ў гандлёвым цэнтры.

Спярша яму інкрымінавалі "распальванне варожасці групай асобаў" паводле ч. 3 арт. 130 КК. На відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, ён кажа, што перадаў кантакты двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКа і намесніка начальніка СК па Мінску аднаму з "пратэсных тэлеграм-каналаў". 

4 траўня 2021 года Старажэнка, як і іншыя сілавікі, якія звольніліся ў знак пратэсту, быў пазбаўлены Лукашэнкам звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу. Пасля звальнення Мікіта працаваў юрыстам. У красавіку 2021-га яго арыштоўвалі на 15 сутак за "несанкцыянаванае пікетаванне".

2 снежня 2022 года суддзя Касцюкевіч асудзіла Мікіту Старажэнку на сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса, а таксама за "незаконны збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці" (ч. 1 арт. 179 КК). Таксама палітвязня абавязалі выплаціць пяць тысяч рублёў маральнай кампенсацыі супрацоўнікам, дадзеныя якіх, паводле абвінавачвання, ён "зліў". 

Паэт Дзмітрый Юртаеў, якога сілавікі прымусілі на камеру чытаць уласныя вершы

Дзмітрый Юртаеў
Дзмітрый Юртаеў

Дзмітрый Юртаеў – дзіцячы паэт і пісьменнік.

Яго затрымалі 21 верасня 2022 года супрацоўнікі ГУБАЗіК. Выкладчыка прымусілі на камеру чытаць уласныя вершы і апраўдвацца — нібыта ён у жніўні 2020 года хадзіў на акцыі, пісаў паведамленні ў Facebook і "ВКонтакте". Таксама ў праўладных каналах з'явіліся скрыншоты з яго сацыяльных сетак з крытыкай дзеянняў уладаў.

Супраць паэта распачалі крымінальную справу за абразу Лукашэнка (368 КК). Пазней стала вядома, што яго таксама абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

Падрабязнасці гэтай справы невядомыя. Вядома толькі, што 14 красавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Анжэла Касцюкевіч пачала разгляд крымінальнай справы Дзмітрыя. Пазней стала вядома, што Юртаева асудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства