viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр "Вясна" — лаўрэат прэміі ААН у галіне правоў чалавека 2023 года

2023 2023-07-20T20:50:26+0300 2023-07-21T14:23:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vozhyk_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Генеральнай Асамблеі Чаба Керэшы 20 ліпеня абвясціў лаўрэатаў прэстыжнай прэміі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека за 2023 год. Сёлета яе атрымалі пяць пераможцаў: Праваабарончы цэнтр "Вясна", праваабаронца з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Жульен Лусенж, Аманскі Цэнтр даследаванняў у галіне правоў чалавека з Іарданіі, актывіст і грамадскі дзеяч з Уругвая Хуліа Перэйра, глабальная кааліцыя арганізацый грамадзянскай супольнасці, карэнных народаў, грамадскіх рухаў і мясцовых супольнасцяў за "ўсеагульнае прызнанне права на чыстае, здаровае і ўстойлівае навакольнае асяроддзе". 

vozhyk_90.jpg
"Вясноўцы" на ўручэнні прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці" ў 2020-м

"Прыхільнасць пераможцаў кажа аб універсальным характары правоў чалавека ў крытычны час. Прэмія накіроўвае абаронцам правоў чалавека ва ўсім свеце выразны сігнал аб тым, што міжнародная супольнасць удзячная і падтрымлівае іх намаганні па прасоўванні ўсіх правоў чалавека для ўсіх",— сказаў Чаба Керэшы, старшыня 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі.

Лаўрэаты прэміі былі абраныя Спецыяльным камітэтам з больш чым 400 намінацый, атрыманых ад дзяржаваў-членаў, сістэмы ААН і грамадзянскай супольнасці. 

"Члены Спецыяльнага камітэта выказваюць сваё глыбокае захапленне ўсімі суб'ектамі грамадзянскай супольнасці, якія сваёй нястомнай працай спрыяюць заахвочванню, абароне і прасоўванні правоў чалавека. Члены Спецыяльнага камітэта прызнаюць важную ролю, якую адыгрываюць праваабаронцы і актывісты, і хацелі б выказаць сваё захапленне іх мужнасцю і самаадданасцю, рашуча асуджаючы любыя спробы прымусіць іх замаўчаць і запалохаць іх. Яны выказваюць, у прыватнасці, сваю глыбокую салідарнасць з тымі, хто затрыманы ў адплату за іх працу па абароне правоў чалавека і ажыццяўленню ўсіх палажэнняў Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека, 75-годдзе якой мы адзначаем у гэтым годзе. Спецыяльны камітэт заклікае дзяржавы-члены вызваліць усіх затрыманых праваабаронцаў", — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Цырымонія ўручэння прэміі 2023 года адбудзецца ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў снежні 2023 года ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных Дню правоў чалавека.


Заснаваная Генеральнай Асамблеяй у 1966 годзе (A/RES/21/2217), прэмія была ўпершыню прысуджана ў 1968 годзе, у дзень, які цяпер вядомы як Дзень правоў чалавека, 10 снежня. Яна прысуджаецца кожныя пяць гадоў за "выдатныя дасягненні ў галіне правоў чалавек". Сярод папярэдніх атрымальнікаў былі Джымі Картэр, Нэльсан Мандэла, Д-р Дзяніс Муквеге, Элеанора Рузвельт, Малала Юсафзай і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК).

"Вясна" была намінаваная фондам Right Livelihood. Намінацыю падтрымалі калегі вясноўцаў з БХК, НХК і FIDH.


Нагадаем, на гэты момант шэсць вясноўцаў застаюцца за кратамі: старшыня Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскай філіі Леанід Судаленка, валанцёр Андрэй Чапюк

Апошнія навіны пра нашых зняволеных калег і каляжанку можна знайсці тут: freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства