viasna on patreon

"Сапраўдныя ваяры дабра, якія ахвяруюць уласнай свабодай дзеля нашай будучыні". Грамадскія дзеячы пра зняволеных вясноўцаў

2023 2023-07-14T14:45:00+0300 2023-07-14T16:22:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalazh_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 ліпеня 2021 затрымалі старшыню ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і юрыста “Вясны” Уладзіміра Лабковіча. 3 сакавіка 2023 суддзя Марына Запаснік прызначыла вясноўцам па абсурдных абвінавачваннях ад сямі да дзесяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сёння два гады, як яны знаходзяцца ў няволі за сваю праваабарончую дзейнасць і імкненне да дэмакратыі. Нашыя калегі шмат гадоў паслядоўна і самаахвярна абараняюць каштоўнасці правоў чалавека ў Беларусі.

Мы папрасілі юрыстаў і праваабаронцаў, грамадскіх і культурніцкіх дзеячаў паразважаць, чаму цяпер для Беларусі важна працягваць займацца праваабарончай дзейнасцю, як правы чалавека ўплываюць на іх прафесійную сферу, а таксама падзяліцца ўспамінамі аб сустрэчах і размовах з вясноўцамі.

"Спыненне дзейнасці праваабаронцаў – найгоршы сцэнар". Валянціна Гарцуева, акторка незалежнай трупы "Купалаўцы"

valjancina-harcueva_1.jpg
Валянціна Гарцуева, акторка незалежнай трупы "Купалаўцы". Фота: "Радыё Свабода"

"Як актрыса, якая трапіла ў "чорныя спісы" у Беларусі, я добра ведаю, што значыць забарона на прафесію, забарона на тваю асабістую свабоду. 2020 год змяніў мяне цалкам. Ніякі поспех тэатральны альбо кіношны, якім калі шчыра я жыла раней, не варты замоўчвання сітуацыі з палітзняволеннымі ў краіне. Проста няма такіх выгод ў свеце, што можна атрымаць коштам маўчання. Відавочна, што палітвязні, гвалт, “чорныя спісы” дзеячаў культуры, пераслед за беларускую мову прывядзе да знікнення культурнай прасторы і спадчыны. Усе дзяржаўныя загады ад 2020 года заганяюць Беларусь у “Гулаг”, дзе дэмакратычныя каштоўнасці беларусаў знішчаны.

Таму сёння галоўнае расказваць свету праўду пра сапраўдны генацыд беларускага народу, падмену каштоўнасцяў, дапамагаць палітвязням, адстойваць правы, збіраць дакументы, факты рэпрэсій і злачынстваў, якія магчыма будуць працаваць пазней, але без гэтых доказаў мы не зможам ісці наперад, аднаўляць і будаваць новую Беларусь. І ўсё гэта штодзённая праца праваабаронцаў.

Гэта сапраўдныя ваяры дабра, якія часта ахвяруюць сваёй асабістай свабодай дзеля нашай будучыні. Не трэба мець ілюзій адносна іх ўплыву на паводзіны ўлады. Але спыненне іх дзейнасці— найгоршы сцэнар для грамадскай супольнасці Беларусі, які толькі можна ўявіць".

"Алесь удзельнічаў у першым Марафоне паштовак салідарнасці". Дар'я Рублеўская, каардынатарка "Майстэрні паштовак салідарнасці"

darja-rubleuskaja.jpg
Дар'я Рублеўская, каардынатарка Майстэрні паштовак салідарнсаці. Фота: "Наша Ніва"

"Як толькі мы пачалі пісаць паштоўкі палітвязням, Алесь Віктаравіч персанальна моцна падтрымаў нашу дзейнасць — даставаў з архіваў старыя вясноўскія паштоўкі, дапамагаў з пошукам паштовых марак і канвертаў. Ён шмат казаў пра ўласны досвед атрымання карэспандэнцыі салідарнасці на прыкладзе першага зняволення, і гэта вельмі ўмацоўвала нашу веру ў вернасць абраных дзеянняў".

Дар’я распавядае, што Алесь удзельнічаў у першым Марафоне паштовак салідарнасці, і прыгадвае яго знакавую фразу, якую цяпер паўтарае на сустрэчах Майстэрні:

“Нястомнае пісанне паштовак, лістоў, тэлеграм палітычным зняволеным, віншаванні з днём нараджэння, з Новым годам, з іншымі святамі, з 25 сакавіка – гэта вельмі важныя моманты, якія рэальна ўтрымліваюць іх і ўмацоўваюць псіхіку, робяць іх больш моцнымі ў гэтых няпростых умовах. Спадзяюся, што людзі не будуць пакідаць і забываць тых палітыяных зняволеных”.

"Утрымліваць веру, што ўсё недарма". Кацярына Дзяйкала, экспертка Беларускага Хельсінкскага Камітэта

kacjaryna-dzjaikala.jpg
Кацярына Дзяйкала, экспертка Беларускага хельсінскага камітэту. Фота са старонкі Facebook Кацярыны

Кацярына распавядае пра сустрэчу з вясноўцамі незадоўга да іх затрымання:

"Так атрымалася, што за пару тыдняў да затрымання Валіка і Уладзя мы сядзелі адным вечарам учатырох (я, Алег Гулак і хлопцы, як іх называў Алег) і размаўлялі. Гэта было ў Грузіі на адным мерапрыемстве. Мы размаўлялі аб сітуацыі, аб тым ці з’яджаць, што рабіць і што можна прагназаваць і ўвогуле за жыцце. Валік і Уладзь успаміналі, як прыйшлі ў праваабарону, яны ўсе ўтраіх успаміналі пачатак 90-х. Пасля таго, як іх затрымалі, мы кожны дзень успаміналі той вечар. І гэта не дзеля “чырвонага слоўца”. Алег успамінаў і гаварыў аб іх кожны дзень і я зараз думаю аб іх кожны дзень. Гэта тое самае малое, што я магу зрабіць".

Утрыманне веры ў агульную справу, кажа Кацярына, тое, дзеля чаго варта працягваць правабарончую дзейнасць.

"Ведаеце, у нас, у БХК ёсць праграма анлайн стажыроўкі для беларускіх студэнтаў-юрыстаў. І вось пасля апошняй праграмы адзін з удзельнікаў, які ў Беларусі, падзяліўся зваротнай сувяззю: “Вельмі цяжка знаходзіцца побач з тымі, хто кажа, што права чалавека ў Беларусі не працуюць і сэнсу іх вывучаць няма. Цяжка ўтрымліваць гэтую веру ў сябе. Але ж гледзячы на вас я бачу, што вядзецца беспрерыўная праца і ёсць тыя, хто гарыць гэтай праблемай.

Думаю, менавіта для гэтага неабходна працягваць праваабарончую дзейнасць – каб людзі маглі ўтрымліваць веру, што ўсё не дарма. І нягледзячы ні на што застаюцца людзі, якія проста ідуць свой шлях да таго, каб вяршэнства права і правы чалавека сталі часткай жыцця кожнага беларуса і беларускі. І яны стануць, я ўпэўнена".

"Я заўсёды пытаю сябе: "Чаму не я?". Марыя Колесава-Гудзіліна, адвакатка, пазбаўленная права на прафесію

maryja-kolesava-hudzilina_1.jpg
Марыя Колесава-Гудзіліна, адвакатка пазбаўленая права на прафесію. Фота са старонкі Facebook Марыі

"Падумайце аб сваім жыцці з канца, азіраючыся назад. Што вы хочаце, каб пра вас памяталі?

Мне будзе сорамна перад Алесем Бяляцкім, калі я кіну займацца правамі чалавека.

Свет, у якім вінаватыя знаходзяцца на волі, а невінаватыя – у турме, у якім парушальнікі правоў чалавека знаходзяцца на волі, а тыя, хто паведамляе аб гэтых парушэннях, – за кратамі. Але я веру, што я як адвакатка, усё яшчэ магу нешта з гэтым зрабіць. Ці, прынамсі, паспрабаваць. Казаць аб гэтым.

Мы называем тое, што мы робім, барацьбой за справядлівасць у адносінах да парушэнняў правоў чалавека. Таму што справядлівасць не ўзнікае проста так – яе трэба дамагацца, да яе трэба імкнуцца. Вось я і не збіраюся апускаць рукі.

Я знаходжу сілу ў мужнасці людзей, якіх я памятаю і ўяўляю. У людзях побач, у маіх калегах, якія і ёсць праваднікі перамен.

Я кожную раніцу спрабую не падаць духам і перастала задаваць сабе пытанне "Чаму я?" і заўсёды пытаю сябе: "Чаму не я?".

"Праваабарончыя арганізацыі – ядро грамадзянскай супольнасці". Генадзь Коршунаў, сацыёлаг

henadz-korszunau_2.jpg
Генадзь Коршунаў, сацыёлаг. Фота: БЕЛТА

Генадзь вылучае інфармацыйны і грамадзянскі складнікі праваабарончай дзейнасці, як адныя з галоўных цяпер:

"Для мяне як для сацыёлага і грамадзяніна дзейнасць правабаронцаў мае як мінімум два важных складніка. Першы складнік – інфармацыйны. У той сітуацыі, якая цяпер у Беларусі, мы часта не маем магчымасці адсочваць дзеянні ўладаў. Нават не для таго, каб праверыць, ці яны правамоцныя, бо тое, што сёння чыняць улады далёка ад законаў і права. Бракуе наўпрост інфармацыі пра рэпрэсіі ў Беларусі, пра тое, што адбываецца ў турмах. І ў гэтым сэнсе дзейнасць праваабаронцаў неацэнная.

Другі складнік – грамадзянскі. Ён звязаны з тым, што апошнім часам праваабарончыя арганізацыі з’яўляюцца ядром грамадзянскай супольнасці, асабліва ў Беларусі. Мы бачым па шэрагу даследванняў, што менавіта праваабарончыя арганізацыі карыстаюцца найбольшым даверам сярод беларусаў. У тым ліку дзякуючы праваабаронцам беларусы разумеюць, што ёсць грамадства, якое мусіць адсочваць і кантраляваць дзеянні органаў улады".

Удзел у сацыялагічных даследваннях як частка грамадзянскай адказнасці.

"Што датычыцца сацыялагічнай дзейнасці, ва ўмовах, калі правы чалавека не выконваюцца (свабода слова, права на свабоду асацыяцый і інш.), запыт на сацыялогію зніжаецца, бо грамадства не бачыць сэнсу ў выніках сацыялагічных даследванняў. У такіх умовах людзі не разумеюць як карысці, так і неабходнасці свайго ўдзелу. Бо ўдзел у падобных даследваннях – гэта частка грамадзянскай адказнасці. Зрэшты дадаецца страх праявіць сябе і выказаць сваё меркаванне. У такіх умовах сацыёлагам становіцца вельмі складана збіраць інфармацыю".

"Мы іх голас, мы іх рукі". Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяціі журналістаў

barys-harecki.jpg
Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Фота: "Радыё Свабода"

"Цяпер ў Беларусі за кратамі знаходзіцца каля 1500 палітвязняў. Беларусы ў няволі пазбаўлены будзь-якой магчымасці абараняць свае правы, казаць пра свае праблемы, знаходзяцца ў інфармацыйнай блакадзе. Таму мы іх голас, мы іх рукі. Мы тыя, хто мусіць расказваць свету пра палітвязняў Беларусі, каб хутчэй іх вызваліць".

Барыс расказвае пра даўняе сяброўства з Валянцінам Стэфановічам і прыгадвае, як сустракаў яго на радзіме ў 2011 годзе пасля вымушанай эміграцыі:

"З даўніх часоў я знаёмы са зняволенымі вясноўцамі. З Валянцінам Стэфановічам мы сябры і жылі доўгі час у адным раёне на адной вуліцы. Усе мы выйшлі з моладзевых арганізацый: я з Маладога фронту, Валянцін – з Задзіночання беларускіх студэнтаў. Уладзімір Лабковіч быў галоўным юрыстам Беларускага народнага фронту. Калі я ў 2001 годзе прыйшоў у Малады фронт Уладзімір быў узыходзячай зоркай у БНФ. Але далей вырашыў займацца праваабаронай і неўзабаве перайшоў у “Вясну”.

Прыгадаю адзін момант. Калі ў 2011 годзе на Алеся Бяляцкага завялі першую крымінальную справу, мы з журналістамі доўга яго шукалі, стаялі пад Акрэсціна, высвятлялі абставіны затрымання. Журналісцкая інтуіцыя падказала мне, што, магчыма, Алесь знаходзіцца ў Дэпартаменце фінансавых расследванняў. Я паехаў туды і застаў, як Алеся выводзілі з будынку Дэпартаменту. Цішком я зрабіў здымак на тэлефон, які быў апошняй фатаграфіяй Алеся перад арыштам.

Валянцін тады ў мэтах бяспекі часова выехаў з Беларусі, але праз непрацяглы час прыняў рашэнне вяртацца. Мы з адвакатам паехалі сустракаць Валіка, бо не выключалі, што яго могуць затрымаць. У выніку ўсё абыйшлося без “прыгодаў”. Мы яго цёпла сустрэлі на радзіме пасля кароткай вымушанай эміграцыі. Валянцін з валізай па начным Менску вяртаўся да сваёй сям’і".

"Чарната і бяссільле – нерэсурсныя станы". Святлана Курс, пісьменніца

svjatlana-kurs_1.jpg
Святлана Курс, пісьменніца. Фота са старонка Facebook Святланы

"Праваабарочыя высілкі ў наш час патрэбныя як ніколі. Чарната і бяссільле – нерэсурсныя станы, зь якімі і ў якіх ні чалавек ні грамадства ня ўстане працаваць. Міжтым я чытала цудоўныя аналітычныя даклады праваабарончых экспэртаў, якія маюць паліталягічную адукацыю эўрапейскай якасьці. Яны паэтапна, падэтальна паказваюць, як  дзяржава канструюе нам таталітарызм з аўтарытарызму. Гэта дае яснае зразуменьне, як мысьляць нашыя ворагі і каты і як потым зь іхнай спадчынай працаваць. Дапрыкладу, гэтыя ўсе “крымінальныя справы ў дачыненьні да мёртвых”, “справа генацыду беларускага народу” маюць на мэце зьнішчыць нам сымбалі, гісторыю і герояў – замазаць фашызмам, так каб людзі шарахаліся. Спрытны ход. Алеся Пушкіна забілі менавіта таму, што ён ствараў, бараніў і ўтрывальваў беларускі нацыянальны код.

Зьдзекі, забойствы, ізаляцыя і катаваньні ў дачыненьні да закладнікаў-палітвязьняў маюць на мэце дэмаралізаваць, застрашыць, абязрушыць, прымусіць плакаць, апусьціўшы рукі, верыць, што нічога зрабіць няможна. Міжтым зрабіць можна уга колькі добрых рэчаў! Кожны, азірнуўшыся, пабачыць магчымасьці.

Адчай заўжды можна адкласьці на заўтра, не такая ўжо гэта класная рэч.

Жыве Беларусь".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства