Рэпрэсіі супраць святароў і палітвязняў: хроніка пераследу 1-3 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-3ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязня Андрэя Сачэўку ў калоніі змясцілі ў ШІЗА
У верасні 2022 года Андрэя Сачэўку асудзілі да 6 гадоў калоніі за каментары ў адным з гродзенскіх тэлеграм-каналаў паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Вядома, што ён напісаў каментары ў ноч з 11 на 12 жніўня 2020 года, калі ішлі жорсткія разгоны пратэстоўцаў.
Паводле @MAYDAYMog, Сачэўку з 19 чэрвеня адміністрацыя бабруйскай калоніі змясціла ў ШІЗА на 10 сутак, а пазней працягнула тэрмін яшчэ на 10 сутак. Паведамляецца, што ў атрад, у якім знаходзіцца палітвязень, прыйшоў супрацоўнік калоніі Навічыхін і наўпрост заявіў, што трое чалавек, у тым ліку і Андрэй, змяшчаюцца ў ШІЗА.
Вядома, што палітвязень мае разлад асобы.
Падтрымаць палітвязня: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Андрэю Сяргеевічу Сачэўку.
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзена ў "Навінкі"
Пра гэта паведаміў яе муж Андрэй, які зараз пражывае з двума непаўнагадовымі сынамі ў Вільні. Паводле яго, 27 чэрвеня ім стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк ужо ў аддзеле экспертыз у псіхіятрычным цэнтры «Навінкі».
Нагадаем, пасля таго, як у канцы траўня Паліна, стаміўшыся ад жорсткага ціску і пераследу ў калоніі, адмовілася ад грамадзянства Рэспублікі Беларусь, адміністрацыя калоніі прыняла рашэнне накіраваць яе на псіхіятрычна-судовую экспертызу. Хаця 2 гады таму Паліна праходзіла ўжо экспертызу ў гэтай установе і была прызнана здаровай.
Як кажа Андрэй, маці Паліны ўдалося перадаць прадуктовую перадачу, бо жанчына ўжо год наогул не ела садавіны і гародніны. Аднак лекі, якія жыццёва неабходныя для арганізма зняволенай, не ўзялі, спасылаючыся на тое, што «тут усё ёсць». Як удалося даведацца ўскосным чынам, перадачу з лекамі не ўзялі, бо «Паліна сябе дрэнна паводзіла».
Каталіцкага верніка Уладзіслава Беладзеда трэці раз запар адправілі на суткі
2 ліпеня адбыўся чарговы суд над ім — суддзя Карсюк вынес пастанову аб арышце на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія».
Пасля 30 сутак, праведзеных на Акрэсціна, Уладзіслаў выглядае як чалавек, які падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню, як адзначае «Хрысціянская візія», але ён захоўвае маральную сілу.
Як стала вядома, першае спагнанне ў выглядзе арышту на яго было накладзена за перасылку адной з пропаведзяў Патрыярха Кірыла.
Упершыню Уладзіслаў быў затрыманы 31 мая. Яго выклікалі ў той дзень у ДАІ, дзе і адбылося затрыманне. Вернік пад ціскам быў вымушаны зняцца ў міліцэйскім відэа, піша "Наша Ніва".
Улады адмовіліся замяніць пакаранне ўніяцкаму святару з Полацку
Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова 2 чэрвеня адхіліла скаргу святара Аляксандра Шаўцова на рашэнне суда Полацкага раёна і г. Полацка.
Гэта азначае, што пастанова ад 26 траўня раённага суда застаецца без змены і Шаўцоў будзе вымушаны адбыць 15 арыштаў за распаўсюд у сацыяльных сетках “экстрэмісцкіх” матэрыялаў.
У суботу ў Гародні затрымалі дзяўчыну
Праваабаронцам паведамляюць, што ў суботу, 1 ліпеня, у Гародні супрацоўнікамі міліцыі была затрыманая Аліса Дольнікава. Пакуль невядома, дзе яна знаходзіцца і што паслужыла прычынай затрымання дзяўчыны.
Рамуальда Улана асудзілі на Дзень незалежнасці
Суд Смаргонскага раёна 3 ліпеня, на Дзень незалежнасці, вынес прастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці былога палітвязня Рамуальда Улана. Яго затрымалі яшчэ 30 чэрвеня і трое сутак пратрымалі ў ІЧУ. Сёння, нягледзячы на афіцыйнае свята, Улану прысудзілі сем сутак арышту.
Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан у студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў. У траўні стала вядома, што яго вызвалілі па амністыі.
Апошні раз Улана затрымлівалі 17 чэрвеня і таксама на трое сутак.
Учора ноччу ў Лідскім раёне сілавікі ўварваліся ў дом да асуджанага па палітычным артыкуле, але ён там даўно не жыве
У доме жывуць яго былая жонка і 10-гадовы сын, які пасля начнога візіту моцна спалоханы.
Валерый Будрык у 2020 годзе ў сацсетцы «Одноклассники» назваў лідскіх міліцыянтаў Прозарава і Квача фашыстамі.
«Гэта было адразу пасля выбараў, я бачыў, як яны збіваюць людзей, вось на эмоцыях і напісаў», – расказаў нам Валерый.
Яго асудзілі на паўтара года хатняй «хіміі» і аштрафавалі на 1000 рублёў. За 4 месяцы да заканчэння тэрміну збіраліся рэальна пазбавіць волі. Будрык вымушаны быў бегчы ў Літву, падчас таго, як пералазіў забор, зламаў нагу. З такой нагой каля кіламетраў поўз да літоўскіх памежнікаў.
Але і пасля ўцёкаў з Беларусі сілавікі тэлефанавалі яму ў вайбер і пагражалі «дастаць» яго 80-гадовую маці.
«Потым каля года была цішыня, а ўчора вось прыйшлі. Моцна стукалі ў вокны, дзверы, потым увайшлі ў хату і пачалі пытацца, дзе я. Хоць ведаюць, што мяне даўно няма ў Беларусі. У канцы сказалі былой жонцы, што будуць прыходзіць рэгулярна. Верагодна, палохаць майго сына. Дом аформлены на мяне па дароўнай, то сказалі былой жонцы, што забяруць яго».
Да 2020 года Валерый Будрык працаваў токарам на ТАА «Тэхмаш» у Лідзе.
Інфармацыя дапаўняецца.