Новы парадак падачы зваротаў і скаргаў у дзяржорганы. Цяпер улады збіраюць яшчэ больш асабістых даных
З гэтага году электронны зварот у дзяржорганы можна падаць толькі праз адмысловы сайт обращения.бел. Цяпер на партале, апроч імя і адраса, патрабуецца падаць ідэнтыфікацыйны нумар, нумар тэлефона, а таксама пазначыць, ці пражывае заяўнік унутры Беларусі. Застаецца пытаннем, ці паўплывае збор дадатковых звестак на якасць і хуткасць апрацоўкі зваротаў і скаргаў.
З 2023 года дзейнічае новы парадак падачы электронных зваротаў і скаргаў у дзяржаўныя органы і арганізацыі. Цяпер усе звароты і скаргі, якія накіроўваюцца праз электронныя сродкі сувязі, павінны падавацца праз адмысловы сайт обращения.бел.
З аднаго боку, гэта падобна на крок да большай сістэматызацыі і ўліку паступаючых зваротаў. З іншага боку, гэта спрашчае магчымасці адсочваць, напрыклад, усе звароты і скаргі, якія былі пададзеныя адной асобай, альбо ўсе скаргі на пэўную тэматыку.
Агульнае патрабаванне для падачы звароту ці скаргі — пазначыць поўнае імя заяўніка і адрас. Партал обращения.бел, каб пачаць ім карыстацца, патрабуе прайсці рэгістрацыю з указаннем шырэйшага пераліку асабістых даных, уключаючы ідэнтыфікацыйны нумар, тэлефон. Таксама асобна обращения.бел запытвае інфармацыю, ці пражывае заяўнік у Беларусі альбо за яе межамі.
Можа падацца, што падаваць пісьмовыя звароты цяпер бяспечней электронных. Але праз партал прадугледжана рэгістрацыя таксама пісьмовых зваротаў і скаргаў — гэтыя даныя будуць уносіць самі дзяржаўныя органы і арганізацыі.
Ці прывядуць такія змены да паляпшэння якасці разгляду зваротаў і скаргаў — усё яшчэ пытанне хутчэй палітычнай волі, чым тэхнічнага забеспячэння працэсу. Таму што на практыцы цалкам зручная адзіная сістэма ўліку і апрацоўкі зваротаў не перашкодзіць даваць праз яе фармальныя адказы і не разглядаць скаргі па сутнасці, пакуль гэта ўпісваецца ў агульную палітыку дзеючых уладаў.