viasna on patreon

Ціск на палітвязняў у калоніі, масавыя затрыманні ў рэгіёнах: хроніка пераследу 28-29 сакавіка Дапоўнена

2023 2023-03-29T11:42:05+0300 2023-03-29T17:59:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalesnikava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-29 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

28 сакавіка

З'явілася інфармацыя пра тое, што Марыя Калеснікава знаходзіцца ў ПКТ

Марыя Калеснікава

Пра гэта паведамляе @viktarbabarykaofficial.

Памяшканне камернага тыпу — гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці спагнання за злосныя парушэнні вызначанага парадку калоніі.

Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін і хадзіць на працу.


Палітзняволенаму журналісту Дзянісу Івашыну ў калоніі скарацілі норму атаваркі

Дзяніс Івашын

Пра гэта напісала ягоная жонка Вольга. Яна паведамляе, што цяпер яму дазволена атаварвацца ў турэмнай краме толькі на дзве базавыя велічыні (74 рублі) замест пяці.

Звычайна такія абмежаванні ўжываюцца ў дачыненні да тых вязняў, якіх адміністрацыя прызнае "злосным парушальнікам рэжыму".

Таксама Вольга піша, што Дзяніс хацеў атрымаць падпіску на газету "Белорусы и рынок", бо не ведаў, што выдавецтва спыніла сваю працу праз пазбаўленне рэгістрацыі.

Падтрымайце палітвязня: ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну


Гомсяльмаш пачаў публікаваць "пакаяльныя відэа" сваіх работнікаў, затрыманых па палітычных матывах

Прапагандысцкае відэа было распаўсюджана 28 сакавіка каналамі прадпрыемства. Гук допытаў, дадзеных пад прымусам, выдалены @flagshtok.


Стала вядома пра мужа і жонку, затрыманых па справе дыверсіі ў Мачулішчах

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра тое, што 3 сакавіка супрацоўнікамі КДБ па справе дыверсіі ў Мачулішчах быў затрыманы Максім Лапацін. Мужчыну трымаюць у СІЗА КДБ. Пра Лапаціна ў сваім фільме па БТ узгадвалі прапагандысты.

23 сакавіка затрымалі і жонку Максіма — Людмілу Лапаціну. І Максіму, і Людміле інкрымінаваны арт. 289 КК — «Тэрарызм». Варта адзначыць, што ў сужэнцаў двое непаўналетніх дзяцей.


Масавыя затрыманні ў Круглым

@MAYDAYMog стала вядома аб затрыманні шасцярых чалавек у гарадскім пасёлку Круглае. Меркаваная прычына затрымання — удзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Адна з затрыманых — Аліна Горава. Увечары 27 сакавіка яна пайшла ў Следчы камітэт для дачы паказанняў у якасці сведкі па крымінальнай справе аб удзеле ў мірных акцыях пратэсту і на волю ўжо не выйшла — Аліна была затрымана на трое сутак.


На мяжы з Літвой быў затрыманы 28-гадовы жыхар Гомеля

Як паведамляе @MAYDAYMog, на пачатку сакавіка, у раёне вёскі Воранава (Гродзенская вобласць), быў затрыманы Віктар Залатарэўскі. Мужчына спрабаваў выехаць з Беларусі ў Літву. Пры аглядзе яго мабільнага тэлефона супрацоўнікамі міліцыі былі знойдзеныя падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Як атрымалася высветліць MAYDAY, пазней мужчына быў арыштаваны паводле арт. 19.11 КаАП РБ (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

10 сакавіка, у дзень вызвалення, яму былі прад'яўленыя абвінавачанні па арт. 361-1 і арт. 361-4 КК РБ за нібыта рэгістрацыю ў плане «Перамога». Віктар знаходзіцца ў СІЗА Гродна.

Вядома, што да падзеяў сакавіка мужчына працаваў у Мінску ў адной з дзяржаўных арганізацый і пражываў у інтэрнаце. Пасля затрымання быў звольнены.


Затрымалі сына Анатоля Лябедзькі — Арцёма

«Сёння забралі майго сына. Толькі за тое, што ён Арцём Лябедзька, што ён мой сын. Самае мярзотнае, калі пачынаюць распраўляцца з роднымі, бяруць у закладнікі тваіх блізкіх.

Сын не з’язджаў з Беларусі таму што хацеў жыць там, таму што перакананы, што яму няма чаго прад’явіць акрамя таго што ён сын свайго бацькі!» — напісаў Анатоль Лябедзька.

UPD.  29 сакавіка стала вядома, што сыну Анатоля Лябедзькі Арцёму прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту

Пра гэта палітык паведаміў @radiosvaboda.

Паводле яго, Арцёма асудзілі за тое, што ён нібыта «стаяў ля міліцыі і нецэнзурна лаяўся».


З акна калоніі ў Навасадах выкінуўся зняволены

@viasnaHomel стала вядома, што праз жорсткае абыходжанне са зняволенымі ў ПК № 14 у Навасадах, 26 сакавіка выкінуўся з акна з другога паверха адзін са зняволеных. Вядома прозвішча пацярпелага — Іпатаў Уладзімір Уладзіміравіч. Зараз ён знаходзіцца ў шпіталі Барысава.

Крыніца, якая паведаміла пра здарэнне, сцвярджае, што ў яго праблемы з пазваночнікам і ён асуджаны па палітычным артыкуле.

У папраўчай калоніі №14 свае тэрміны адбываюць пяць палітвязняў, сярод якіх шматдзетны бацька Зміцер Дашкевіч.


Палітвязень з Гомеля Міхаіл Зубкоў абвясціў сухую галадоўку ў ШІЗА калоніі

Паводле крыніцы @radiosvaboda, Міхаіл абвясціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага змяшчэння ў штрафны ізалятар. Раней палітвязня выдала ўладам Беларусі Расія, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суду правоў чалавека. Зубкову прызначылі тры гады калоніі.

Міхаіл адбывае свой тэрмін у калоніі ў Навасадах, дзе днямі з акна выкінуўся зняволены.


29 сакавіка

Тэлеграм-канал Зянона Пазняка прызнаны "экстрэмісцкім"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 27 сакавіка.

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі Telegram-каналы «Магілёўцы abroad», «Варшава 97%», «Цівалі».


Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманні і суды ў рэгіёнах

Раніцай 17 сакавіка ў Ляхавічах былі затрыманы як мінімум тры чалавекі. Паведамляюць, што аднаго з затрыманых катавалі супрацоўнікі АМАП на вачах у сям'і.

Таксама праваабаронцам вядома, што ў Мёрах на гэтым тыдні ўжо адбылося як мінімум 6 судоў паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Таксама вядома пра «судовы канвеер» у гарадскім пасёлку Акцябрскі.


ГУБАЗіК — кіроўцаў-"экстрэмістаў" правераць на прадмет выкарыстання транспарту ў адпаведнасці з законам

Як паведамляе праўладны тэлеграм-канал, па даручэнні кіраўніка МУС, супрацоўнікі міліцыі дадуць «жорсткую ацэнку дзеянням асоб, якія дапускаюць грубыя парушэнні ПДР».

Па інфармацыі ГУБАЗіКа, пад «грубымі парушэннямі» будуць мецца на ўвазе таксама ўсе парушэнні дарожных правіл, звязаныя з «экстрэмізмам» — «тыя, хто раней прыцягваліся за спыненне на праезнай частцы, падачу сігналу або дэманстрацыю з аўто забароненай сімволікі, будуць узяты на асаблівы ўлік і старанна правераны на прадмет выкарыстання транспарту ў адпаведнасці з законам».

Па інфармацыі праваабаронцаў, кожны месяц адбываюцца судовы працэсы за «пікетаванне» налепкамі на аўто.


Былога следчага Мікіту Старажэнку ўнеслі ў "тэрарыстычны спіс"

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ чатырох чалавек.

Сярод іх Алег Ермакоў, Мікіта Старажэнка, Аляксандр Пугач і Яўген Каваленка.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1038 чалавек, з іх 290 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1045 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства