Звальненні за вылучэнне Бабарыкі, затрыманні журналістаў: хроніка пераследу 23-24 сакавіка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23-24 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволеную Аксану Зарэцкую шпіталізавалі з «Валадаркі»
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што яшчэ 16 сакавіка з СІЗА-1 была шпіталізаваная сябра асноўнага складу Каардынацыйнай Рады Аксана Зарэцкая. Прычыны шпіталізацыі невядомы. Таксама праваабаронцы не маюць інфармацыю, дзе зараз Аксана і ў якім яна стане.
Зарэцкая — сябра асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, трэнерка па этыкеце і бізнэс-камунікацыях, культуралагіня, магістарка педагогікі. 14 сакавіка ёй прысудзілі 1,5 года калоніі па «народным» арт. 342 КК.
У Бабруйску зноў затрымалі журналіста выдання «Коммерческий Курьер» Дзмітрыя Суслава
У чым яго абвінавачваюць — невядома, але верагодна, што заўтра адбудзецца суд па адміністрацыйнай справе, паведамляе @bajby.
У мінулым годзе Дзмітрыя ўжо затрымлівалі і арыштоўвалі на 15 сутак за рэпост у сацсетках.
У Віцебску масава звальняюць людзей, якія падпісваліся за вылучэнне Віктара Бабарыкі
Як паведамляе «Віцебская Вясна», паведамленні пра звольненых на гэтай падставе паступаюць ад работнікаў розных гарадскіх прадпрыемстваў. Абсалютна розныя і пасады, якія займалі ўжо звольненыя – ад прыбіральшчыцы да начальніка цэха. Ад людзей не хаваюць, што «паступіў загад разабрацца».
Апраўданняў пра тое, што ўлетку 2020 года Віктар Бабарыка абвясціў збор подпісаў за свае вылучэнне на цалкам законных падставах, ніхто не слухае.
Прысуд лідарам БКДП пакінулі без змяненняў
Пра гэта паведамляе "Салідарнасць".
Сёння, у Вярхоўным судзе РБ адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі ў дачыненні да кіраўніцтва Асацыяцыі прафсаюзаў "Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў" (БКДП) і прайшоў без удзелу абвінавачаных. Суд пакінуў прысуд без зменаў.
Нагадаем, што старшыні Аляксандру Ярашуку было прызначана 4 гады пазбаўлення волі, яго намесніку Сяргею Антусевічу - 2 гады, а бухгалтарцы Ірыне Бут-Гусаім - 1,5 гады пазбаўлення волі.
Былога палітвязня Валадара Цурпанава выклікалі ў міліцыю
Магілёўскі актывіст у сябе на старонцы ў Facebook пакінуў запіс, што 24 сакавіка каля 7:40 раніцы да яго дадому заявіліся трое супрацоўнікаў міліцыі, адзін з якіх здымаў усё на камеру. Цурпанаву паказалі з'явіцца да 15: 00 У, верагодна, Кастрычніцкі РАУС Магілёва «на прафілактычную гутарку».
Пры гэтым, зыходзячы з запісу, Цурпанаў патрабаваў, каб з ім размаўлялі на беларускай мове, аднак сілавікі адмовіліся гэта рабіць. Магчыма, справа ў недахопе адукацыі, але дакладнай інфармацыі няма, піша MAYDAY.
Цурпанаву прыгразілі, што калі ён не з'явіцца на прафілактычную гутарку, то яму пагражае адказнасць.
У Гомелі затрыманы былы іераманах Аляксандр Тарасенка
Учора ў Гомелі былі брутальна затрыманыя некалькі чалавек. На "пакаяльным" відэа "Хрысціянская ВІЗІЯ" апазнала вядомага праваслаўным гамяльчанам Аляксандра Тарасенку, былога іераманаха Гомельскага Свята-Мікольскага манастыра.
На відэа Тарасенка "прызнаецца", што нібыта размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку"абразлівы пост на адрас прэзідэнта".
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу
Гаворка ідзе пра кнігу «Адысея капiтана БНР» Анатоля Гатоўчыца. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Добрушскага раёну 16 сакавіка.
Таксама экстрэмісцкі спіс папоўнілі:
Telegram суполкі і чаты «Красная точка», «Публичные призывы», «безЛУКА», «STOP LUKA (без цензуры)», «Борисов для жизни, резервный чат», «Клуб 70», «Право на восстание», «Навоша», «#Разрушим_тюрьмы – #Free_Emelianov», «Р У Х», «Верхний шкаФчик», «Референдум и Право»;
Tik-Tok-акаўнт «Беларускi Гаюн»;
Instagram-акаўнты «borisov_on», «belarusinuk», «belarusla», «supolka_bel_wro»;
Суполка ва «Укантакце» «Рэгіянальная газета — RH.BY»;
Facebook-профіль «Yerafeyeu Mikhail (Міхась)»;
YouTube-старонка «Р У Х».
У Брэсце быў затрыманы сябра ЦК БСДП Валянцін Лазарэнкаў
Вядома што дома ў яго адбыўся ператрус. Падставы для затрымання невядомыя, піша @BSDP_Hramada.
Інфармацыя дапаўняецца.