viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2023 2023-03-23T12:02:00+0300 2023-03-24T11:49:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/freeviasna_banner_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.

Марфу Рабкову этапавалі ў гомельскую калонію, Андрэя Чапюка — у івацэвіцкую

Праваабаронцу "Вясны" Марфу Рабкову, асуджаную да 14 гадоў і 9 месяцаў калоніі, 15 сакавіка этапавалі ў гомельскую ПК-4. Валанцёр Андрэй Чапюк, асуджаны да 5 гадоў і 9 месяцаў калоніі, этапаваны ў івацэвіцкую ПК-22.

Праваабаронцу Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка ўнеслі ў "тэрарыстычны спіс"

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Стала вядома, што туды ўнеслі Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка. Таму ім забароненыя грашовыя пераводы ў калоніі

Нажаль, Марфе і Андрэю ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх ўступіў у сілу.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

Марыі Аляксандраўне Рабковай: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 
Андрэю Сяргеевічу Чапюку: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20

Былая сукамерніца распавяла пра здароўе Марфы Рабковай у СІЗА-1

Нядаўна споўнілася два з паловай гады, як Марфа Рабкова ў няволі. Увесь гэты час яна утрымлівалася ў следчым ізалятары № 1 у Мінску. За гэты час у 28-гадовай дзяўчыны сур'ёзна пагоршылася здароўе і яна мае патрэбу ў добрым абследванні і лячэнні. Надзея застаецца на тое, што цяпер гэта адбудзецца ў калоніі.

"Ёй ужо трэба не проста УГД зрабіць, а пункцыйную біяпсію", — сукамерніца Марфы Рабковай пра яе здароўе

Былая сукамерніца Марфы экскурсаводка Валерыя Чарнаморцава распавяла "Вясне" падрабязней пра здароўе нашай каляжанкі.

Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: "Мы ўсе ўсё зрабілі і робім правільна"

Палітзняволены праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч даслаў паштоўку з СІЗА-1, дзе ўтрымліваецца ўжо 20 месяцаў.

"Вось ужо і прысуд вынеслі. Сапраўды ўсё прадвызначана. І лёс наш напэўна таксама. Але я ведаю, што ўсё зрабіў правільна, мы ўсе ўсё зрабілі і робім правільна. Я перакананы, што мы абавязкова яшчэ сустрэнемся!", — напісаў праваабаронца.

Нагадаем, Валянцін быў асуджаны да 9 гадоў зняволення і буйнога штрафу разам з калегамі — кіраўніком “Вясны” Алесем Бяляцкім і юрыстам Уладзімірам Лабковічам, якім прызначылі 10 і 7 гадоў калоніі адпаведна.

Фота Алеся Бяляцкага разам з Мікалаем Статкевічам з’явілася на выставе ў Вільні

 У Вільні, у бібліятэцы Акадэміі Навук імя Урублеўскіх прэзентавалі выставу "Шляхам свабоды", прысвечаную палітзняволенаму палітыку Мікалаю Статкевічу. На адным з фота ён — разам з Алесем Бяляцкім.

“Мікалай Статкевіч не раз супрацоўнічаў з Алесем Бяляцкім, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 2022 года. Яны разам стаялі ля вытокаў арганізацыі Маршу волі ў 1999 годзе. Яны абодва былі палітвязнямі з 2011 да 2014 года, абодва не хацелі з'язджаць з Беларусі і бачылі сваю будучыню толькі тут.

Цяпер Статкевіч і Бяляцкі зноў знаходзяцца ў турме за тое, што хацелі свабоды для Беларусі. Абодва прысуджаныя да жахлівых тэрмінаў: Мікалай Статкевіч — да 14 гадоў калоніі, а Алесь Бяляцкі — да 10. Разам яны тут — на адным з фота на нашай выставе”, — расказалі на адкрыцці выставы арганізатары.

У ААН узгадалі праваабаронцаў "Вясны"

"Вусная заява ў рамках інтэрактыўнага дыялогу з экспертамі УВКПЧ па Беларусі падчас 52-й сесіі Савета ААН па правах чалавека" прайшла 22 сакавіка ў Жэневе. На ім прадставілі даклад па Беларусі, а таксама выступілі зацікаўленыя краін, дэлегацыя Беларусі і НДА. Імёны "вясноўцаў" там гучалі неаднаразова.

Напрыклад, Балгарыя асудзіла прысуды, вынесеныя ў пачатку сакавіка Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму.

Намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адоменас у выступе ад імя паўночных балтыйскіх краін прамовіў:

"Амаль 1500 палітычных зняволеных цяпер у Беларусі. Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі сярод іх. Яны падвяргаюцца катаванням, гвалту, на іх наважваюцца цэтлікі, яны не маюць доступу да медыцынскай дапамогі. А адвакаты, якія іх абараняюць, пазбаўляюцца ліцэнзіі. Мы асуджаем палітычна матываваныя прысуды праваабаронцаў і таксама падтрымліваем апазіцыю ў спасылцы, мы праяўляем салідарнасць палітычным зняволеным, заклікаем іх вызваліць без папярэдніх умоў".

Вось што сказала прадстаўніца Right Livelihood:

"З праваабаронцамі звярталіся як з горшымі злачынцамі: у кайданках, у клетцы, без ручак і паперы, у дзяржаўных СМІ яны падвяргаліся паклёпніцкім кампаніям і, у канчатковым выніку, прыгаворваліся да доўгіх тэрмінаў зняволення і штрафаў, якія не падлягаюць выплаце".

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

У Польшчы прайшоў шэраг мерапрыемстваў з удзелам Наталлі Пінчук — жонкі Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага

Прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі 21 сакавіка сустрэўся з Наталляй Пінчук.

"Спадарыня Наталля — гэта голас беларускай апазіцыі. Гэта надзвычайна моцная, харызматычная жанчына, якая кажа і перадае тое, што яе муж не можа сказаць, бо цяпер у беларускай турме, асуджаны на 10 год у дэманстрацыйным палітычным працэсе.

Нягледзячы на выклікі і цяжкасці, якія штодня прыносіць вайна ва Украіне і рэпрэсіі Лукашэнкі супраць беларусаў, мы павінны найдалей падтрымліваць дэмакратычную апазіцыю за нашай усходняй мяжой. Гэтага патрабуе дзяржаўны інтарэс Польшчы. Гэтага патрабуе чалавечая прыстойнасць. Гэтага патрабуе будучыня і бяспека Еўропы", напісаў Маравецкі на сваёй старонцы ў Facebook.

Польшча паабяцала зрабіць усё, каб Алесь Бяляцкі бліжэйшым часам выйшаў на волю

Пра гэта паведамляе Беларуская служба Польскага радыё, цытуючы словы прэс-сакратара МЗС Польшчы Лукаша Ясіны. Нагадаем, сёння Наталля Пінчук — жонка Алеся Бяляцкага — сустрэлася з прэм'ер-міністрам Польшчы і міністрам замежных спраў гэтай краіны.

"Міністр Рау запэўніў спадарыню Наталлю, што Польшча зробіць усё, каб бліжэйшым часам Алесь Бяляцкі выйшаў на волю, а калі гэтага не атрымаецца, Польшча працягне звяртаць увагу ўсяго свету на сітуацыю ўсіх палітычных вязняў у Беларусі".

22 сакавіка Наталля Пінчук сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Наталля Пінчук і Анджэй Дуда пагутарылі пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, праблемы іх сем’яў, а таксама пра пытанні бясьпекі ў рэгіёне ў сувязі з вайной Расіі супраць Ўкраіны.

Прэзыдэнт Польшчы выказаў удзячнасць і павагу за непахіснасць Алеся Бяляцкага, які гадамі змагаецца за правы чалавека ў Беларусі, за што быў паказальна асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама ён заявіў пра падтрымку Польшчай незалежнай дэмакратычнай Беларусі, беларускага народу і яго законных імкненняў жыць у свабоднай дэмакратычнай дзяржаве.

 Наталля Пінчук правяла ў Варшаўскім універсітэце сустрэчу, прысвечаную Алесю Бяляцкаму. Пра гэта паведаміла Беларуская служба польскага радыё.

"У нашай краіне рэпрэсіі адбываюцца кожны дзень. Іх адсочваюць і дапамагаюць людзям тыя вясноўцы, якія засталіся на волі, якія годна працягваюць справу Алеся, пакуль ён у турме.

Спадзяюся, што вольнаму свету надалей важна тое, што адбываецца ў Беларусі. Што ён будзе выказваць салідарнасць з беларускім народам. З тымі, хто за кратамі, з іх сем’ямі. Падтрымка патрэбная і тым уцекачам, тысячам, якія знаходзяцца цяпер за межамі Беларусі. І тым, хто знаходзіцца ў турмах, і іх родным.

Для нашай краіны – цяпер вырашальны момант. Не толькі вызначаецца лёс свабоды яе людзей, але стаіць пытанне выжывання Беларусі як асобнай дзяржавы, а беларусаў як народу".

 На наступны тыдзень, 28 сакавіка, запланаваная падобная вечарына ў Еўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце ў Вільні.

Анонсы

  • Беларускі дом у Варшаве на 23 сакавіка запланаваў сяброўскую сустрэчу з Наталляй Пінчук. 28 сакавіка такая ж сустрэча запланаваная ў Беларускім доме ў Вільні.
  • У Варшаве 24 сакавіка адбудзецца прэзентацыя кнігі (пра) Алеся Бяляцкага "Алесь". Яна пройдзе з удзелам Наталлі Пінчук, якая атрымлівала Нобелеўскую прэмію ад імя палітвязня ў Осла. Падчас мерапрыемства можна будзе набыць кнігу і атрымаць аўтограф Наталлі. У прэзентацыі возьмуць удзел таксама іншыя сябры і калегі набеліста. Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі — і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яркіх яго прадстаўнікоў. Адкрывае чытачу Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць.
  • У Вільні 23 сакавіка ў 18:00 пройдзе прэзентацыя трэцяга тому трылогіі "Галасы Беларусі" (адрас: Vilniaus, 20) — выдання “Радыё свабоды” пры ўдзеле вядомых беларусаў (і ня толькі). На вокладцы трэцяга тому — Наталля Пінчук падчас атрымання Нобелеўскай прэміі міру-2022 Алесю Бяляцкаму.

"Беларусы гатовы змагацца за свае погляды, але цяпер уся Беларусь, па сутнасці, у турме"

У інтэрв'ю DW Наталля распавяла пра вайну і рэпрэсіі, пра Нобелеўскую прэмію і суды над вясноўцамі, пра салідарнасць і цяперашняе жыццё.

DW таксама выпусціў відэа-інтэрвью з Наталляй Пінчук:

Вядома, што яны застаюцца ў СІЗА да разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд. 

Доўгі час няма навінаў і ад кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі, асуджанага да трох гадоў пазбаўлення волі. Нажаль, Леаніду Судаленко ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу.  

Напішыце Леаніду!

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА вызначаны ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку, Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх ўступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @Viasnainfo, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу і Алесю Бяляцкаму ў следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да яго набыў моц. Таксама нельга зрабіць грашовыя пераводы Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку.

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства