viasna on patreon

"Апагей беларускай беззаконнасці". Што казалі пра Беларусь у ААН

2023 2023-03-23T13:30:54+0300 2023-03-23T16:29:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2023-03-22-13_32_20-37th-meeting---52nd-regular-session-of-human-rights-council-_-livehood.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Вусная заява ў межах інтэрактыўнага дыялогу з экспертамі УВКПЧ па Беларусі падчас 52-й сесіі Савета ААН па правах чалавека" прайшла ў Жэневе. На ёй падалі даклад па Беларусі, а таксама выступілі зацікаўленыя краіны, дэлегацыя Беларусі і НДА. "Вясна" распавядае, што яны казалі.


Даклад УВКПЧ ААН

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека 17 сакавіка падала другі даклад па становішчу на парозе прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і пасля іх. Цяпер, 22 сакавіка, прайшла яго вусная заява. Даклад агучыла намесніца Вярхоўнага камісара Нада аль-Нашыф. Вось кароткі змест яе выступу:

2023-03-22-12_07_59-37th-meeting---52nd-
У цэнтры — намесніца Вярхоўнага камісара Нада аль-Нашыф. Тут і далей — скрыншоты з трансляцыі ААН

"У дакладзе змешчаны падрабязны аналіз больш 200 гутарак з ахвярамі. Незаконныя забойствы мелі месца як мінімум пяці чалавек у кантэксце пратэстаў 2020 года. Для кантролю за рухамі пратэстоўцаў выкарыстоўвалася зброя для таго, каб разагнаць пратэсты (як мінімум да лістапада 2020 года). Супраць пратэстоўцаў падчас канстытуцыйнага рэферэндуму ў лютым 2020 года ўжывалася сіла, у якой не было неабходнасці. Шырока распаўсюджана практыка катаванняў і неналежнага абыходжання з людзьмі ў адносінах да рэальнай ці меркаванай апазіцыі. Гэтыя парушэнні здзяйсняліся звычайна пасля затрымання, у транспартных сродках паліцыі, участках і цэнтрах затрымання. У большасці выпадкаў затрыманыя не атрымалі неабходнай медычнай дапамогі. УВКПЧ паведамляе пра больш за 100 выпадкаў сэксуальнага і гендарнага гвалту: 4 хлопчыка, 46 дзяўчын і 60 мужчын пацярпелі. Паведамляецца пра згвалтаванні, спробы згвалтавання, пагрозы згвалтавання, прымусовае распрананне, сэксуальны гвалт таксама мелі месца з боку мужчын у адносінах да мужчын. За апошнія два гады ўлады ў Беларусі адвольна арыштоўвалі і затрымлівалі дзясяткі тысяч чалавек, шмат з якіх проста мірна ўдзельнічалі ў дэманстрацыях. 27-28 лютага мінулага года каля 1500 тысяч чалавек былі адвольна затрыманыя за ўдзел у мірных дэманстрацыях.

Сістэматычныя парушэнні права на справядлівыя судовыя працэсы. У адносінах да адвакатаў прымянялася несправядлівая працэдура арышту і пераследу толькі за тое, што адвакаты выконвалі сваю прафесійную функцыю. Прымянялася непрапарцыянальнае пакаранне ў адносінах да апазіцыянераў, блогераў, журналістаў, праваабаронцаў, дзеячаў прафсаюзаў, адвакатаў, уключаючы Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. УВКПЧ лічыць гэтыя прысуды палітычна матываванымі. Улада душыць СМІ за тое, што яны карыстаюцца правам свабоды слова. Большасць незалежных СМІ ў Беларусі былі прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі, а таксама БАЖ была прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем. Колькасць ліквідаваных НДА дасягнула 797. 432 арганізацыі закрыліся, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу.

Шматлікія парушэнні можна прыраўнаваць да злачынстваў супраць чалавечнасці, бо яны былі наўмыснымі, шырока распаўсюджанымі, парушэнні здзяйсняліся ў адносінах да грамадзянскага насельніцтва па прымеце рэальнай ці меркаванай прыналежнасці да апазіцыі.

Мы заклікаем Беларусь вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама ўсіх іншых, хто быў адвольна затрыманы, і спыніць іншыя парушэнні правоў чалавека, уключаючы сістэматычнае задушэнне грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, груп апазіцыі і прафсаюзаў, найхутчэйшыя эфектыўныя і незалежныя расследаванні павінны быць распачаты па ўсіх мінулых парушэннях правоў чалавека, уключаючы адказнасць для вінаватых. Іншыя краіны-сябры павіны разглядзець дасягнення падсправаздачнасці за лік нацыянальнай працэдуры на аснове прынятых прынцыпаў экстратэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцый у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі належнага працэсу і справядлівага суда. Наша ўпраўленне глыбока шкадуе пра тое, што Беларусь па-ранейшаму не супрацоўнічае. УВКПЧ прызнае з вялікай удзячнасцю, што ахвяры і сведкі парушэння правоў чалавека ў Беларусі падзяліліся сваёй інфармацыяй", — зрабіла вывад Нада аль-Нашыф.

Што на гэты сказала дэлегацыя Беларусі?

Слова далі дэлегацыі закранутай краіны — Беларусі. Вось што сказала яе прадстаўніца:

"Я хачу пачаць свой выступ з запрашэння, якое не аднойчы гучала ў гэтай залы. Прыязджайце ў Беларусь. Сёння дзве траціны жыхароў краін свету могуць прыехаць да нас без віз. Вы ўбачыце спакойныя дагледжаныя гарады і вёскі, мірнае стваральнае жыццё нашых грамадзян. Пагутарыце [...] проста з людзьмі на вуліцах — гэта будзе праўдзівая інфармацыя. [...]

Беларусь жыве і развіваецца наперакор ціску і істэрыі, якая нагнятаецца шэрагам заходніх краін і так званай экспертызай УВКПЧ... Аўтары гэтых дакладаў і ініцыятары антыбеларускіх рэзалюцый у Савеце па правах чалавека зневажаюць беларускі народ, калі спрабуюць атаясаміць усю нашую нацыю з некалькімі маргінальнымі НДА і парай сотняў нібы апазіцыянераў, якія баязліва збеглі з краіны пасля няўдалай спробы каляровай рэвалюцыі ў 2020 годзе [...]"

Што сказаў Еўрапейскі саюз?

Еўрапейскі саюз падзякаваў намесніка Вярхоўнага камісара за даклад.

"Мы глыбока занепакоены ўсё большымі рэпрэсіямі ў адносінах да грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, незалежных СМІ ў Беларусі. Як пра гэта паведамляецца Вярхоўным камісарам, існуюць падставы меркаваць, што сістэматычныя, шырока распаўсюджаныя сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека здзяйсняліся і здзяйсняюцца ў Беларусі, таму мы падкрэсліваем, што становішча з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца. У дакладзе таксама сцвярджаецца далейшы рост колькасці палітзняволеных. Сёння мяркуецца, што іх 1462, уключаючы непаўнагадовых. Затрыманыя сутыкаюцца з катаваннямі, нечалавечым утрыманнем, і іх прыгаворваюць да доўгіх тэрмінаў зняволення, палітычна матываваных і жорсткіх. Мы занепакоены парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, якая ўдзельнічае ў расійскай вайне супраць Украіны, і заклікаем Беларусь скончыць парушэнні правоў чалавека шляхам спынення ўдзелу ў гэтай аперацыі", — сказала прадстаўніца Еўрапейскага Саюза.

ЕС зацікавіўся выпадкамі сэксуальнага гвалту ў адносінах да затрыманых, а таксама агульным становішчам палітычных зняволеных Беларусі.

Якія краіны падтрымалі і не падтрымалі заяву ЕС?

Далучыліся да заявы ЕС і падтрымалі працяг мандата па даследаванню сітуацыі ў Беларусі наступныя краіны: Літва, Ліхтэнштэйн, Фінляндыя, США, Чэшская Рэспубліка, Германія, Францыя, Бельгія, Латвія, Кіпр, Швейцарыя, Польшча, Славакія, Нідэрланды, Малдова, Аўстрыя, Іспанія, Албанія, Грэцыя, Мальта, Чарнагорыя, Румынія, Балгарыя, Аўстралія, Ірландыя, Украіна, Харватыя.

Не падтрымалі альбо засталіся нейтральнымі ў адносінах да рэзалюцыі Савета па правах чалавека ААН Кітай, Венесуэла, Куба, Таджыкістан, РФ, КНДР, Лаоская НДР, Іран, Нікарагуа, Камбоджа, Ліван, Сірыйская Арабская Рэспубліка, Казахстан, Азербайджан і Зімбабвэ.

Напрыклад, Венесуэла адзначыла, што даклад УВКПЧ быў складзены аддалена:

"Мы асуджваем паліталізацыю і ўмяшанне ва ўнутраныя справы краіны і падтрымліваем дзеянні Беларусі за мір і ў ахову асабістага суверэнітэту", — адзначыў прадстаўнік Венесуэлы.

На што звярнулі ўвагу краіны, якія падтрымалі ЕС?

Намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас выступіў ад імя паўночных балтыйскіх краін:

"Амаль 1500 палітычных зняволеных сёння ў Беларусі. Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі сярод іх. Яны падвяргаюцца катаванням, гвалту, на іх навешваюцца цэтлікі, яны не маюць доступу да медычнай дапамогі. А адвакаты, якія іх абараняюць, пазбаўляюцца ліцэнзіі. Мы засуджваем палітычна матываваныя прысуды праваабаронцаў і таксама падтрымліваем апазіцыю ў ссылкі, мы праяўляем салідарнасць палітычным зняволеным, заклікаем іх вызваліць без папярэдніх умоваў. Міжнародная супольнасць павінна забяспечыць адказнасць уладаў Беларусі за парушэнні міжнароднага права і скончыць з безадказнасцю".

2023-03-22-12_22_08-dokument4---mantas-a
Мантас Адаменас

Шматлікія краіны згадалі пра зняволенне праваабаронцаў "Вясны". Так, Балгарыя асудзіла прысуды, якія былі вынесеныя ў пачатку сакавіка Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу і нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму.

Заклікалі Беларусь зноў далучыцца да Факультатыўнага пратакола да МПГПП Грэцыя і Ірландыя.

Занепакоенасць у шматлікіх краін (Іспаніі, Румыніі, Балгарыі, Харватыі, Аўстрыі і інш.) выклікала пашырэнне выкарыстання смяротнага паказання ў Беларусі. Краіны заклікалі да яе адмены і ўвядзення мараторыя.

"Выкарыстанне смяротнага пакарання ў адносінах да спробаў тэрарыстычных актаў асабліва непакоіць. Гэта можна выкарыстоўваць для таго, каб апраўдваць палітычныя пакаранні, а гэта значыць спаўзанне ў тэрор. Міжнародная супольнасць павінна патрабаваць падсправаздачнасці", — адзначыла Харватыя.

Акрамя таго, Ірландыя асудзіла выпадкі дыскрымінацыі ў Беларусі ў бок прадстаўнікоў ЛГБТ, уключаючы ненавісніцкую рыторыку з боку ўладаў, а Літва выказала асаблівую занепакоенасць у сферы адукацыі этнічных меншасцяў у Беларусі: Пяляская літоўская сярэдняя школа была закрытая ўладамі, у той час, калі беларусы ў Літве маюць магчымасць навучацца на роднай мове. Чэшская Рэспубліка занепакоілася зняволеннем Ігара Лосіка ў турму і яго спробай здзяйснення суіцыду і спытала, як краіна можа дапамагчы ў яго долі. Славакія згадала пра нядаўнія прысуды Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай.

Шматлікія краіны (сярод іх Латвія, Германія, Нідэрланды) адзначылі фразу дакладу УВКПЧ ААН пра тое, што "некаторыя з парушэнняў могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці". Краіны спыталі: што можа зрабіць міжнародная супольнасць, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці, і як можна забяспечыць належнае расследаванне?

Таксама шматлікія краіны згадалі і засудзілі ролю Беларусі ва ўдзеле з ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Што казалі НДА?

Выступы недзяржаўных арганізацый былі суцэльныя ў сваёй сутнасці. Сярод тых, хто выступалі, — International Fellowship of Reconciliation, Беларускі Хельсінскі Камітэт, Human Rights House Foundation, Міжнародная супольнасць юрыстаў, FIDH, Міжнародная камісія юрыстаў, Камітэт супраць катаванняў і іншыя.

Вось што сказаў прадстаўнік Right Livelihood:

"Сістэматычнае задушванне асноўных свабодаў у Беларусі, падаецца, не ведае межаў. У сярэдзіне наступнага выбарчага цыкла ўлады працягваюць сеяць атмасферу страху, адвольна затрымлівая і падвяргаючы катаванням усіх, хто ажыццяўляў свае правы на свабоду выказваць меркаванні і мірных сходаў. Памножыліся і законы, якімі карыстаюцца для пераследу актывістаў: ад магчымасці праводзіць завочныя суды да пазбаўлення грамадзянства, а таксама прымянення смяротнага пакарання за "замах на тэракт". Раней у гэтым месяцы завяршыўся судовы працэс над лідарамі "Вясны": Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам, Уладзімірам Лабковічас і Дзмітрыем Салаўёвым, што можна назваць апагеем беларускай беззаконнасці. Да праваабаронцаў ставіліся як да найгоршых злачынцаў: у кайданках, у клетцы, без асадак і паперы, у дзяржаўных СМІ яны падвяргаліся паклёпніцкім кампаніям і, у канечным выніку, прыгаворваюцца да працяглых тэрмінаў зняволення і штрафаў, якія не падлягаюць выплаце. Спадар Прэзідэнт, з часам рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца, а магчымасці для правасуддзя паслабляюцца. Паколькі ўнутраных сродкаў прававой аховы не існуе, міжнародная супольнасць павінна актывізавацца. Таму мы заклікаем Савет (1) працягваць заклікаць Беларусь неадкладна і безагаворачна вызваліць усіх палітычных зняволеных; (2) разглядзець пытанне стварэння незалежнага следчага механізма для Беларусі і (3) заклікаць усе зацікаўленыя юрысдыкцыі, прыцягнуць да адказнасці сапраўдных вінаватых у злачынствах і падтрымаць беларусаў і беларусак у іх пошуках справядлівасці".

2023-03-22-13_32_20-37th-meeting---52nd-
Выступ прадстаўніцы Right Livelihood

Што далей?

Апошні тэрмін падачы прапаноў з нагоды працягу мандату па Беларусі — 23 сакавіка ў 13:00 (па Жэневе). Просьба аб працягу павінна быць абгрунтаваная і паведамлена ў Сакратарыят. Працяг будзе ўстанаўлівацца Саветам па правах чалавека толькі пры выключных абставінах і будзе дазволены толькі адзін раз. Затым прапановы будуць устаноўлены Саветам і зарэгістраваны Сакратарыятам.

"У нас няма палітзняволеных, у нас ёсць людзі, якія парушылі закон", — адзначыла ў заключнай рэмарцы Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства