viasna on patreon

Рэакцыя міжнароднай супольнасці на прысуд вясноўцам Дапоўнена

2023 2023-03-03T15:20:00+0300 2023-03-06T13:03:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh_viasna-case.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёну Мінска 3 сакавіка лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, старшыню ПЦ "Вясны", праваабаронцу і літаратару Алесю Бяляцкаму прызначылі 10 гадоў калоніі. Намесніку старшыні "Вясны" Валянціну Стэфановічу - 9 гадоў калоніі. Каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодны выбары" Уладзіміру Лабковічу - 7 гадоў калоніі. 

Збіраем рэакцыі міжнароднай супольнасці на ганебны прысуд вясноўцам.

Рада Цэнтра абароны правоў чалавека “Мемарыял” апублікавала заяву з нагоды прысуду:

“Прысуд, як і сам крымінальны пераслед Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча – непрыхаваная беззаконная расправа за іх праваабарончую дзейнасць падчас кампаніі тэрору супраць грамадзянскай супольнасці і ўсяго народу Беларусі, разгорнутай дыктатарскім рэжымам у жніўні 2020 года пасля выбараў, якія прайграў Лукашэнка

Мы патрабауем вызвалення Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча. Выказваем ім сваю падтрымку і салідарнасць. Свабоду палітвязням!”


PEN-International: Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, сябра ПЭН-цэнтра Алесь Бяляцкі асуджаны да турмы

Герман Рохас, старшыня камітэта “Пісьменнікі за мір” Міжнароднага ПЭН-клуба, сказаў:

"Міжнародны ПЭН-цэнтр узрушаны прысудам лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алеся Бяляцкага да 10 гадоў пазбаўлення волі. Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. У снежні яму забаранілі выступіць з прамовай на цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, дзе яго віталі як маяк святла для рэгіёну і за яго межамі. Бяляцкі з'яўляецца сімвалам надзеі, які натхняе праваабаронцаў ва ўсім свеце, і яго трэба шанаваць як такога. Мы заклікаем да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да адмены прысуду і асуджэння".


“Ён адзін з самых моцных галасоў за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Адчайная спроба беларускага рэжыму прымусіць яго і іншых крытыкаў рэжыму замаўчаць доўгімі турэмнымі тэрмінамі жудасная, але не нечаканая. Дэмакратычны рух у краіне сутыкнуўся з жорсткімі рэпрэсіямі з боку рэжыму пасля пратэстаў 2020 года, і сітуацыя пастаянна пагаршаецца. Міжнародная супольнасць павінна працягваць падтрымліваць тых, хто выступае за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі”, - кажа Андэрс Л. Петтэрсан, выканаўчы дырэктар Civil Rights Defenders.


FIDH заклікае да "жорсткай міжнароднай рэакцыі" на прысуд праваабаронцам "Вясны"

“Пасля суда, які прайшоў з парушэннямі, нашы калегі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч былі прыгавораны да 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Мы асуджаем гэты жорсткі і абсурдны прыгавор і заклікаем да жорсткай міжнароднай рэакцыі", — гаворыцца ў паведамленні Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека.


Рабэрта Мецола, прэзідэнтка Еўрапарламента:

“Я абураная прысудам лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру і прэміі Сахарава Алесю Бяляцкаму да 10 гадоў пазбаўлення волі. Палітычна матываваныя прысуды Бяляцкаму і яго паплечнікам - гэта абраза правасуддзя. Я заклікаю неадкладна іх вызваліць. Еўрапарламент падтрымлівае вольную Беларусь”.


Урсула фон дэр Ляйен, старшыня Еўракамісіі:

"Я рашуча асуджаю прысуд рэжыма Лукашэнкі лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму і актывістам “Вясны”. Іх трэба вызваліць. Іх барацьба за правы чалавека і справядлівасць у Беларусі будзе працягвацца. Спробы прымусіць іх замаўчаць будуць правальнымі. Мы будзем несці іх галасы".


Лукаш Ясіна, прэс-сакратар МЗС Польшчы:

"Польшча выступае супраць палітычна матываваных судовых працэсаў і заклікае да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных". 


Артур Міхальскі, амбасадар Польшчы ў Беларусі:

"Гэта адчайная спроба рэжыму прымусіць іх замаўчаць. Гэта бескарысна. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і ўсе палітвязні — сапраўдныя героі Беларусі. Іх заклік да свабоды гучыць гучна нават за кратамі". 


Каментар прэс-сакратара ААН па правах чалавека Равіны Шамдасані з нагоды прысудаў праваабаронцам у Беларусі:

"Турэмныя прысуды, вынесеныя сёння ў Беларусі чатыром праваабаронцам, у тым ліку лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, па абвінавачванні ў кантрабандзе і экстрэмізме, выклікаюць глыбокую трывогу і сведчаць аб рэпрэсіях, якія працягваюцца ў краіне.

Старшыня ПЦ «Вясна» Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Яшчэ трое вясноўцаў — Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч і Дзмітрый Салаўёў — атрымалі дзевяць, сем і восем гадоў адпаведна. Салаўёва судзілі завочна.

Адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы і іншыя парушэнні гарантый справядлівага судовага разбиральніцтва прывялі да крымінальнага пераследу, асуджэння і пакарання праваабаронцаў у Беларусі за іх законную праваабарончую дзейнасць.

17 лютага 10 сябраў Рабочага Руху «Рабочы Рух», у тым ліку шэсць незалежных прафсаюзнікаў, былі асуджаныя на тэрміны ад 12 да 15 гадоў па абвінавачанні ў экстрэмізме і дзяржаўнай здрадзе. 8 лютага журналіста Анджэя Пачобута асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі.

Мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя тым, што на сённяшні дзень, як паведамляецца, каля 1458 чалавек знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі па палітычна матываваных абвінавачваннях". 

Адзначаючы 75-ю гадавіну Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк заклікаў спыніць пераслед праваабаронцаў і людзей, якія выказваюць нязгодныя погляды, а таксама спыніць адвольныя затрыманні аднаразова і для ўсіх.


Намеснік дзяржміністра Велікабрытаніі па справах Еўропы Лео Докерці:

"Я асуджаю сённяшні суровы і палітычна матываваны прысуд супрацоўнікам беларускай праваабарончай арганізацыі "Вясна". Я выказваю спачуванне лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму і суадказчыкам па справе Стэфановічу, Лабковічу і Салаўёву".


Заява амбасады ЗША адносна прысуда па справе "Вясны"

Злучаныя Штаты катэгарычна не прымаюць прысуд, вынесены сёння судом Ленінскага раёна Мінска па справах лідараў «Вясны» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Дзмітрыя Салаўёва і Уладзіміра Лабковіча.

Тым не менш мы не здзіўленыя. Прысуды ў 7-10 гадоў зняволення сталі звыклай часткай мовы рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Іх намер — прымусіць лідараў дэмакратычных сілаў, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў замаўчаць. Іх мэта —  пабудаваць ілюзію стабільнасці, калі ўнутры краіны бяспраўе, а ў рэгіёне няма бяспекі. Іх прыярытэт — захаваць палітычную ўладу за кошт суверэнітэту, незалежнасці, асабістых свабод. Гэтыя намаганні будуць марныя.

Алесь Бяляцкі і яго калегі дэманструюць шматгадовую прыхільнасць захаванню незалежнасці Беларусі, настойваючы на яе дэмакратычным характары. «Вясна» з’яўляецца апірышчам сусветнай супольнасці праваабаронцаў. Злучаныя Штаты стаяць на іх баку і падтрымліваюць іх намаганні.

Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, якіх трымаюць за кратамі, і ўсіх больш чым 1400 палітычных вязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Мы заклікаем спыніць рэпрэсіі супраць беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Мы зноў абавязуемся працягваць падтрымліваць імкненне беларускага народа да дэмакратычнай, суверэннай і стабільнай будучыні.


Упаўнаважаная па правах чалавека Рады Еўропы Дуня Міятовіч: сённяшні прысуд нобелеўскаму лаўрэату Бяляцкаму і іншым праваабаронцам з'яўляецца абуральным нападам на правасуддзе

“Сённяшняе абуральнае асуджэнне і шматгадовае зняволенне вядомых праваабаронцаў Беларусі – старшыні ПЦ “Вясна” і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алеся Бяляцкага і яго калегаў – намесніка прэзідэнта FIDH Вялянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіч – гэта абуральны замах на справядлівасць і спроба прымусіць незалежных крытычных галасоў замаўчаць і пакараць іх за законную праваабарончую дзейнасць.

Гэтае несправядлівае рашэньне, як і дзясяткі іншых асуджаных незалежных журналістаў і праваабаронцаў, у тым ліку партнёраў майго офісу, а таксама іншых нязгодных з рэжымам, зьяўляецца чарговай ілюстрацыяй маштабных і сістэмных рэпрэсіяў і пераследу ўсіх, хто мужна змагаецца за дэмакратыю, справядлівасць і правы чалавека ў Беларусі. Рэпрэсіі рэжыму і парушэнні правоў чалавека павінны спыніцца.

Я паўтараю свой заклік да краінаў-чальцоў Рады Эўропы праявіць салідарнасьць зь беларускімі праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і падтрымаць тых, хто застаўся ў гэтай краіне, і тых, хто вымушана з’ехаў за мяжу. Я выказваю сваё спачуванне і ўдзячнасць за іх мужную і самаадданую працу, якую часам выконвалі з рызыкай для ўласнай бяспекі і свабоды. Як Упаўнаважаны па правах чалавека я буду працягваць садзейнічаць забеспячэнню бяспекі і спрыяльнага асяроддзя для праваабаронцаў у Беларусі і ў іншых краінах Еўропы”.


Міністэрства замежных спраў Літвы:

"Мы абураныя абвешчаным прысудам пасля фіктыўнага суда лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму і траім супрацоўнікам “Вясны” Уладзіміру Лабковічу, Валянціну Стэфановічу, Дзмітрыю Салаўёву за іх нястомную барацьбу за справядлівасць у Беларусі. Мы салідарныя і патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства