70-гадоваму пенсіянеру-"тэрарысту" Васілю Дземідовічу дадалі яшчэ паўгода зняволення па новай справе
У судзе Дзяржынскага раёна 13 лютага агучылі прысуд 70-гадоваму пенсіянеру з Нясвіжа Васілю Дземідовічу — адзін год зняволення са штрафам у памеры 30 базавых велічыняў. Паколькі раней палітвязня ўжо асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі, шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова яго асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыма і штраф у памеры 2 710 рублёў. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). У канцы чэрвеня КДБ унёс Васіля ў "тэрарыстычны спіс" — цяпер ён самы пажылы беларус-"тэрарыст". Праз гэта яму нельга рабіць грашовыя пераводы, а падтрымліваць Васіля няма каму. За кратамі пенсіянера ўтрымліваюць ужо прыкладна год.
Васіля Дземідовіча затрымалі, меркавана, у лютым 2022 года і змясцілі пад варту. Вядома, што 9 лютага мінулага году над ім адбыўся суд паводле адміністрацыйнай справы за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП). Яго прызналі вінаватым у рэпостах з "экстрэмісцкага" канала "Карнікі Беларусі" і прызначылі яму 25 базавых велічыняў штрафу (800 рублёў).
У жніўні 2022 года ў Гродне над ім распачаўся суд па першай крымінальнай справе. Тады яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 391 (абраза суддзі альбо народнага заседацеля ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя); ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 13 і ч.1 арт. 293 (падрыхтоўка да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады).
Паводле матэрыялаў абвінавачання, Дземідовіч, з'яўляючыся актыўным удзельнікам канала "Карнікі Беларусі" і групы "Чат групы Карнікі" ў перыяд з верасня 2021 года па студзень 2022 года размяшчаў у тэлеграме дзясяткі паведамленняў і каментароў, якія змяшчаюць падбухторванні, жаданне, зацікаўленасць і гатоўнасць да стварэння ўзброеных аб'яднанняў, накіраваныя на прычыненне шкоды.
Ён жа, наўмысна, адкрыта размясціў выказванні ў дачыненні да Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, суддзі, у сувязі з ажыццяўленнем імі сваіх службовых абавязкаў.
Вось некаторыя з ягоных каментароў: “Пакуль рабочага руху няма”, “Трэба ўсеагульная стачка ва ўсёй краіне”, “Чакаю на Беларусі ўзброеныя сілы НАТА”, “Зноў чарговы калхазан і ябацька, долбаны маскаль”.
Пенсіянеру з Нясвіжа прысудзілі 6 гадоў калоніі і больш за 33 тысячы рублёў кампенсацый і штрафу
Суд Ленінскага раёна Гродна 1 верасня прызначыў Дземідовічу шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1 600 рублёў). З абвінавачанага таксама на карысць пацярпелых спагнаная грашовая кампенсацыя маральнай шкоды на агульную суму 32 000 беларускіх рублёў.
З 23 лістапада 2022 года Васіля змясцілі пад варту ўжо ў межах новай крымінальнай справы паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). 31 студзеня ў судзе Дзяржынскага раёна адбылося першае пасяджэнне па справе Васіля. Суддзя Раман Крыловіч 13 лютага агучыў прысуд пенсіянеру — адзін год зняволення са штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1 110 рублёў), а шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова яго асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыма і штраф у памеры 2 710 рублёў.
Што вядома пра пенсіянера-"тэрарыста"?
Васіль Дземідовіч нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Стальбоўшчына, што ў Уздзенскім раёне Мінскай вобласці. З 1971 па 1973 год Васіль служыў у войску, праходзіў навучанне ў элітных на той час дэсантных войсках, у інжынерна-сапёрнай часці 11932, якая базіраваліся ў Літве, у пасёлку Гайжуны.
Мужчына доўгі час жыў у Расіі, у Наўгародскай вобласці. Там ён працаваў юрысконсультам і мае адвакацкую ліцэнзію — дагэтуль ён знаходзіцца ў спісах «Адвакацкай палаты г. Масквы». Ужо ў 2013 годзе ён працаваў юрысконсультам у Мінску, але пасля зноўку нейкі час жыў у Расіі — на 2017 год ён працаваў юрысконсультам у падмаскоўнай Каломне.
На Дзень Волі 2021 года Васіля затрымалі за тое, што вывесіў на сваім доме ў Нясвіжы бел-чырвона-белы сцяг. Тады яго асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП і адправілі на "суткі". На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Васіль піша па-беларуску.
Праз тое, што палітвязня ўключылі ў "спіс тэрарыстаў", яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Акрамя гэтага, у Васіля няма сваякоў, якія б маглі яго падтрымліваць.