Спартоўца з Фаніпаля асудзілі на два з паловай гады "хатняй хіміі" за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе
У судзе Дзяржынскага раёну 9 лютага асудзілі палітзняволенага Юрыя Джэнжэру паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Фядчук прызначыла Юрыю два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняй хіміі”).
Яго абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе перакрываў рух транспарту ў Фаніпалі — а менавіта ішоў па дарозе падчас акцыі пратэсту. Сведкамі на працэсе выступілі Салянка і Сарцюк.
Падчас пасяджэння Юрый не пагадзіўся з прад’яўленымі яму абвінавачваннямі. А таксама ўказаў суддзі на шматлікія несупадзенні ў паказаннях сведкаў.
Юрыя вызвалілі ў зале суда.
Нагадаем, што ў жніўні 2022 года праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра тое, што Дзяржынскім РАСК распачата крымінальная справа паводле арт. 342 КК РБ у адносінах да 34-гадовага Ігара Пастухова і 32-гадовага Юрыя Джэнжэры. Іх абвінавачвалі ў тым, што ў 2020-ым годзе яны перакрывалі рух транспарту ў Фаніпалі — а менавіта, шлі па дарозе падчас акцыі пратэсту.
Мяркуючы па відэа, якое апублікавалі сілавікі, доказамі «блакіроўкі дарог» сталі «сторысы» аднаго з затрыманых у Instagram — на іх людзі ідуць па дарозе. Яны былі ў архіве профіля і знайшлі іх супрацоўнікі, хутчэй за ўсё, пасля «вывучэння» тэлефона мужчыны.
Юрый прафесійна займаецца міні-футболам. Спартовы досвед больш за 20 гадоў. Раней граў за клуб “Лівадыя”. Выступаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, восем гадоў быў капітанам футбольнай каманды. Таксама Юрый у Фаніпалі займаўся пасажырскімі перавозкамі. Мужчына мае дваіх дзяцей.
"Хапуны", прысуд у 2 гады калоніі, заклікі міліцыянтаў "здацца" ў мясцовым чаце: што вядома пра "фаніпальскую справу" за падзеі 2020 года