viasna on patreon

Затрыманні, новыя "экстрэмісцкія фарміраванні": хроніка пераследу 11-14 жніўня Дапоўнена

2022 2022-08-12T20:24:00+0300 2022-08-15T10:07:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dakota.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-14 жніўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрыманы менеджэр рэстарана Макдональдс Дзяніс Ландычанка 

Паводле праўладных крыніц, 23-гадовы хлопец быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і рабіў з іх рэпосты.


ГУБАЗіК затрымаў ураджэнца пасёлка Акцябрскі Яўгена Грыцока

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 24-гадовы хлопец «наслухаўшыся дэструктыўнага земляка» прыняў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе — а менавіта, стаяў у «счэпцы».


Палітвязня Мікіту Емяльянава зноў змясцілі ў ШІЗА

Актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава ў сярэдзіне чэрвеня перавялі ў ваўкавыскую калонію. За гэты час яго ўжо ў другі раз змясцілі ў штрафны ізалятар. Адразу па прыбыцці ў калонію яго закінулі туды на 18 сутак, а цяпер — на сем сутак. Прычыны пакуль невядомыя, паведамляе "Баста". Акрамя гэтага, яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання.


Палітвязня Міколу Статкевіча на паўгода змясцілі ў адзіночную камеру 

Мікалай Статкевіч. Фота: Уладзь Грыдзін

Пра гэтае паведамляе яго жонка Марына Адамовіч:

«З 5 жніўня ён на паўгады быў змешчаны ў якасці пакарання ў адзіночку памерам каля 3-х кв. метраў, шырынёй у метр, з прышпіленымі да сцяны "нарамі". Пакаранне, аналагічнае ПКТ у "звычайнай" калоніі, дзе вязні - у казармах і могуць выходзіць на вуліцу. У калоніі асаблівага рэжыму, дзе ён і так у камеры, можна пакараць, хіба, памерамі і паўпадвальным памяшканнем. Ну і адсутнасцю званкоў і прагулак.

Але няхай ён сам раскажа. Крышку пазней яго лісты агучу. Пакуль радая таму, што дачакалася ліста. І усяго ж толькі паўтары месяцы мінула».

Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 26 месяцаў. 14 снежня 2021 Мікалаю быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.


У Гродне быў затрыманы Дзяніс Янцэвіч

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах, абразах супрацоўнікаў міліцыі ў Telegram-каналах і рэгістрацыі ў плане «Перамога».


За друкаванне налепак з арнаментам і Пагоняй затрымалі дырэктара студыі дызайну Аляксандра Васільева

Сілавікі ставяць у віну яму «друкаванне пратэснай сімволікі» — на відэа і фота, якія яны публікуюць, магніты, налепкі і іншая прадукцыя з нацыянальным арнаментам і Пагоняй.

Мужчыну аднойчы ўжо затрымлівалі падчас пратэсту 8 лістапада 2020 году і прысудзілі дзесяць сутак арышту. Адбываў пакаранне ён у Жодзіне.

Каналы сілавікоў паведамляюць, што ў мужчыны канфіскавалі частку тавараў. Па іх словах, разглядаецца пытанне пра завядзенне супраць яго крымінальнай справы.


ГУБАЗіК затрымаў Святлану Герасімовіч, маці спявачкі Рыты Дакоты 

Святлана Герасімовіч

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што яна была «ўдзельніцай масавых беспарадкаў, падтрымлівала нацысцкі ўкраінскі рэжым, займалася кібербулінгам».

Рыта Дакота — вядомая расійска-беларуская спявачка. У 2020 годзе падтрымала пратэсты і выпусціла песню «Уходи», якую адрасавала Лукашэнку.


Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне 27-гадовага Вячаслава Мішуры 

Вячаслаў Мішура

Хлопца затрымалі 20 ліпеня супрацоўнікі ГУБАЗіК. Праз некалькі дзён яму прызначылі 13 сутак арышту за дробнае хуліганства (арт. 19.1 КаАП).

Пазней супраць Вячаслава распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК («актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Ён знаходзіцца за кратамі.


10 жніўня ў Фаніполі ў межах арт. 342 Крымінальнага кодэкса затрыманы Міхаіл Кудлач. Цяпер ён утрымліваецца ў ІЧУ Дзяржынска.


Палітвязню Анатолю Латушку дадалі новы артыкул. Справа ўжо ў пракуратуры

Па інфармацыі праваабаронцаў, Анатолю Латушку канчаткова прад’явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 339 КК (Хуліганства), арт. 370 КК (Абраза дзяржаўных сімвалаў) і ч. 1 арт. 342 КК (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

З Алены Маліноўскай, якая праходзіць па гэтай справе, знялі абвінавачванне паводле арт. 203-1 (Распаўсюд асабістай інфармацыі ва ўлётках). Цяпер ёй ставяць у віну ч. 2 арт. 339 КК і арт. 370 КК. Лілію Ананян вінавацяць па ч. 2 арт. 339 КК.

Крымінальную справу ўжо перадалі ў пракуратуру. Хутка над імі адбудзецца суд.

Нагадаем, ноччу 31 студзеня сілавікі затрымалі палітязняў за тое, што яны малявалі па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах жылога дома герб «Пагоня».

Падтрымайце палітзняволеных:

- Следчая турма №8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А (Лілія Лернікаўна Ананян)

- СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, (Алена Віктараўна Маліноўская, Анатоль Віктаравіч Латушка)


Пракуратура Гарадзенскай вобласці распачала крымінальныя справы па "справе Аўтуховіча"

Генеральная пракуратура паведамляе, што ў "дэструктыўных Telegram-каналах з'явіліся звесткі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных намесніка начальніка аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці, памочніка пракурора Савецкага раёна г. Мінска, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і папраўчай установы "турма №1", суддзі Гродзенскага абласнога суда і іх блізкіх сваякоў у сувязі з разглядам судом Гродзенскай вобласці крымінальнай справы па абвінавачванні Мікалая Аўтуховіча і іншых".

Іншыя карыстальнікі Telegram пакінулі каментары "абразлівага характару ў сувязі з выкананнем прадстаўнікамі ўлады службовых абавязкаў". Па дадзеных фактах пракуратура Гродзенскай вобласці ўзбудзіла крымінальныя справы па ч. 3 арт. 203-1, арт. 369 Крымінальнага кодэкса.


Працягваюцца затрыманні родных «каліноўцаў»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Бабруйска Сяргея Франчука. На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту пасля выбараў, а таксама ў тым, што пісаў негатыўныя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі.

На відэа ён кажа, што з'яўляецца стрыечным братам намесніка камандзіра ў Палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.

Папярэдне, Франчуку прызначылі 15 сутак арышту за «непадпарадкаванне».

Ёсць інфармацыя, што падчас затрымання Сяргея моцна збілі — на «пакаяльным відэа» ён стаіць з залепленым ілбом.

Раней паведамлялася, што былі затрыманыя родныя загінулага байца Палка імя Кастуся Каліноўскага Васіля Парфянкова.


Экс-палітвязня Ігара Банцэра арыштавалі на 15 сутак

Ігар Банцар

Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на музыку Фёдара Жывалеўскага, які сядзеў на Акрэсціна разам з Банцэрам. Ці выпусцяць рок-музыканта праз 15 дзён, пакуль няясна.

«Ведаю, што яму 18 адміністрацыйных артыкулаў павесілі і прывезлі з Горадні», — расказвае Жывалеўскі.

Што стала прычынай для гэтага, таксама невядома.

«Ён мне расказаў, што хоча жыць тут і жыць нармальна, але яму ясна даюць зразумець, каб ён з'ехаў. Ён не жадае нікуды ехаць... Мне падалося, што ён ужо без надзеі на тое, што нешта зменіцца... Расказаў, што ягоная мара — займацца музыкай», — успамінае размовы з Банцэрам сукамернік.


Краязнаўцу і журналіста Ігара Хмару затрымалі за размову на беларускай мове на вуліцы

Пра гэта стала вядома ад чалавека, які знаходзіўся з Ігарам на Акрэсціна. Адзначым, што гэта не адзінкавы выпадак — акрамя Ігара, на Акрэсціна таксама былі людзі, якіх затрымлівалі з-за размоваў па-беларуску на вуліцы.

Нагадаем, Хмара быў затрыманы ўвечары 2 жніўня пасля шпацыру па Мінску. Паводле папярэдняй інфармацыі, Ігара пасадзілі ў сіні бус двое супрацоўнікаў міліцыі.


Сілавікі затрымалі жыхара Баранавічаў за абразу міліцыянта 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 45-гадовага Андрэя Гіля. Паводле іх, жыхару Баранавічаў прызначылі 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Таксама сцвярджаецца, што супраць мужчыны распачата крымінальная справа паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) за абразу міліцыянта.


Супраць двух мужчын распачалі крымінальную справу за блакіроўку дарог у 2020 годзе — доказамі сталі «сторысы» ў Instagram

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра тое, што Дзяржынскім РАСК распачата крымінальная справа паводле арт. 342 КК РБ у адносінах да 34-гадовага Ігара Пастухова і 32-гадовага Юрыя Джэнжэры. Іх абвінавачваюць у тым, што ў 2020-ым годзе яны перакрывалі рух транспарту ў Фаніпалі — а менавіта, шлі па дарозе падчас акцыі пратэсту.

Мяркуючы па відэа, якое апублікавалі сілавікі, доказамі «блакіроўкі дарог» сталі «сторысы» аднаго з затрыманых у Instagram — на іх людзі ідуць па дарозе. Яны былі ў архіве профіля і знайшлі іх супрацоўнікі, хутчэй за ўсё, пасля «вывучэння» тэлефона мужчыны.


МУС абвясціла экстрэмісцкім фарміраваннем сайт, сацсеткі і лагатып аб'яднання "Малады Фронт Беларусь". Такое рашэнне было прынятае 11 жніўня.

Таксама экстрэмісцкім фарміраваннем абвешчаны чат "ХАТА" ў тэлеграме і «Белсатаўшчына», а таксама YouTube-канал «Максим Шабуцкий».


За ўдзел у паслявыбарчых пратэстах затрымалі жыхара Бараўлянаў Дзмітрыя Латушкіна

Дзмітрый Латушкін
Дзмітрый Латушкін

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 33-гадовы супрацоўнік «Мінгаз» нібыта прымаў удзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перакрываў рух транспарту — за гэта і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.


З 9 жніўня 2020 па 1 ліпеня 2022 году ў Беларусі завялі больш за 11 тысяч крымінальных спраў за "злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці"

Такую лічбу 11 жніўня агучылі ў Следчым камітэце.


ГУБАЗіК затрымаў чарговую прадстаўніцу IT-індустрыі

Анастасія Гунько
Анастасія Гунько

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 32-гадовай супрацоўніцы IT-кампаніі Анастасіі Гунько. Паводле іх, у 2020-ым годзе дзяўчына прымала ўдзел у акцыях пратэсту і перакрывала рух транспарту.

Адзначым, што на «пакаяльным відэа» Анастасію прымушаюць назваць свой заробак.


Сяргея Ціханоўскага перавялі на турэмны рэжым. Хутка яго этапуюць з калоніі 

Сяргей Ціханоўскі. Фота: svaboda.org, Уладзь Грыдзін

Суддзя Кастрычніцкага раёна Магілёва Жанна Пушкіна 11 жніўня пастанавіла ўзмацніць рэжым і перавесці палітвязня Сяргея Ціханоўскага ў турму тэрмінам на тры гады. Хутка ў яго пачнецца этап. Нагадаем, палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага асудзілі 14 снежня да 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У калоніі Ціханоўскі знаходзіцца толькі месяц.

На дадзены момант праваабаронцам вядомыя прозвішчы 43 палітвязняў, якіх па «надуманых правінах» адміністрацыя калоній карае за «парушэнне ўстаноўленага парадку». З іх 28 палітвязням узмацнілі рэжым і перавялі на турэмны рэжым.


Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА

У аршанскай калоніі № 8 Дзмітрый Сушчык знаходзіцца з красавіка. За чатыры месяцы яго пазбавілі перадач, званкоў, ліставання і спатканняў. Нядаўна палітвязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Цяпер стала вядома, што яго рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар за «парушэнне парадку». Пры гэтым, тэрмін ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ.

Дзмітрыя абвінавацілі па ч. 1 арт. 368 КК «Абраза Лукашэнкі» і арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Суд прысудзіў Сушчыку 1,5 года калоніі. Вядома, што мужчыну затрымаў ГУБАЗіК у лістападзе мінулага года — пасля затрымання Дзмітрыя павезлі ў лес, дзе «падвергнулі псіхалагічнаму і фізічнаму гвалту». Пасля затрымання мужчыну выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, а 17 лютага падчас, спробы выехаць за мяжу, яго спынілі расійскія памежнікі, вывезлі ў Беларусь і перадалі сілавікам.

Падтрымайце палітвязня: ПК № 8, 211388, Віцебская вобл., г. Орша, вул. Леніна, 195А, Дзмітрый Васільевіч Сушчык


У Гродне затрымалі адміністратара Instagram-старонкі «Гродна для жыцця» Яўгена Стральчэню

Пра гэта паведамляе @nebovkletku са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле сілавікоў, 36-гадовы жыхар Гродна распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы і асабістыя дадзеныя больш за 2000 супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту пасля выбараў і адміністраваў Instagram-старонку «Гродна для жыцця» (цяпер яна выдаленая).


Дызайнера Дзмітрыя Кубарава, якога двойчы судзілі па «палітычных» справах, у калоніі змясцілі ў ПКТ

Па інфармацыі праваабаронцаў, 26-гадовага палітвязня Дзмітрыя Кубарава з 5 жніўня змясілі ў памяшканне камернага тыпу на шэсць месяцаў. Паведамляецца, што цяпер у наваполацкай калоніі шмат «палітычных» знаходзяцца ў ПКТ. Прычыны спагнання невядомыя. Сёння роўна два гады, як палітвязень утрымаліваецца за кратамі.

Дзмітрыя ўжо двойчы судзілі па крымінальных справах і паспелі разглядзець і задаволіць у яго дачыненні тры грамадзянскія пазовы «Мінсктранса». Па крымінальных справах, узбуджаных за жнівеньскія падзеі мінулага году, палітвязню агулам прысудзілі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма і пастанавілі спагнаць з Кубарава больш за 46 700 рублёў. На першым судзе Дзмітрый заявіў пра катаванні пасля затрымання.

Падтрымайце палітвязня: ПК №1, 211440, г. Наваполацк, вул. Технічная, 8, Кубараву Дзмітрыю Уладзіміравічу


BYPOL хочуць прызнаць тэрарыстычнай арганізацыяй

Генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні тэрарыстычнай арганізацыі «BYPOL» з структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна – аналітычны цэнтр» і «Мабілізацыйны план «Перамога», якія ўваходзяць у яе.


Жыхароў Светлагорска выклікаюць у міліцыю пад рознымі нагодамі і просяць паказаць мабільныя тэлефоны — шукаюць «экстрэмізм»

Як паведамляюць са Светлагорска, у міліцыю людзей выклікаюць нібыта як сведкаў пра дарожна-транспартныя здарэнні, скаргі ад суседзяў на шумі т. п. Пасля агляду тэлефона складаецца пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП – «Распаўсюджванне, вырабленне, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэміскай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць». Затым адміністрацыйная справа накіроўваецца ў суд.


За ўдзел у пратэстах ГУБАЗіК затрымаў жанчыну ў дэкрэце

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 32-гадовай Кацярыны Лукашэвіч. На «пакаяльным відэа» яна кажа, што ўдзельнічала ў шматлікіх паслявыбарчых акцыях пратэсту, анонсы якіх глядзела ў «дэструктыўных каналах». Сілавікі пішуць, што цяпер жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

Потым стала вядома, што Кацярыну вызвалілі.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства