Вышэйшы гаспадарчы суд пакінуў у сіле яшчэ адно папярэджанне "БДГ"
23-га сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў чарговы зыск рэдакцыі "БДГ" (УП "Марат") да Міністэрства інфармацыі. Журналісты спрабавалі аспрэчыць папярэджанне, якое міністэрства вынесла газеце 30-га студзеня, -- паведамляе Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
Падставай для вынясення папярэджання стаў артыкул Ірыны Макавецкай "Виконт" не вписался в белорусскую действительность", які з'явіўся ў №104 "БДГ" ад 10 снежня 2003 г. Міністэрства інфармацыі палічыла, што журналістка парушыла арт. 5 Закона "Аб друку і іншых СМІ", апублікаваўшы матэрыялы судовай справы, не завершанай вытворчасцю, без пісьмовага дазволу суддзі.
Такім чынам, сёлета Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў ужо тры судовыя зыскі УП "Марат" да Міністэрства інфармацыі, у якіх рэдакцыя патрабавала скасаваць папярэджанні "БДГ". Два папярэднія выносіліся 16-га і 26-га снежня 2003 г. за распаўсюд звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці (арт. 32 Закона аб друку)
Нагадаем таксама, што 13-га лютага за публікацыю "Виконт" не вписался в белорусскую действительность" І. Макавецкай вынесла папярэджанне пракуратура Гомельскай вобласці.