"Чалавек, якому балела за ўсё". Да гадавіны смерці Сяргея Гоўшы
Час ляціць хутка, асабліва зараз, калі дні і месяцы напоўненыя важнымі падзеямі, якія пакідаюць адбітак на лёсы тысяч людзей. Тое, што зусім нядаўна здавалася істотным, забываецца, а навіны жывуць суткі-двое і на іх накладаюцца новыя. Але сёння, у свята Божага нараджэння, прыгадваюцца людзі, якія зараз ужо не з намі, пакінуўшы на зямлі свой незабыўны след.
Роўна год таму, 25 снежня 2021 года, на 73-м годзе абарвалася жыццё аднаго з найстарэйшых “вясноўцаў”, сябры Рады арганізацыі, праваабаронцы з Баранавічаў Сяргея Гоўшы.
Пісаць пра Гоўшу, як праваабаронцу – правільна, аднак не зусім дакладна. Напэўна не існавала ў Баранавічах ніводнай грамадскай ініцыятывы, суполкі, ці проста пачынання, у якіх бы не браў удзел Сяргей. Яму балела за ўсё: і раўнадушша чыноўнікаў, і абарона правоў працоўных, і адносіны да беларускай мовы, і экалогія, і шмат яшчэ іншых важных рэчаў. Прычым ён не проста ўдзельнічаў. У кожнай новай справе ён быў актыўным даследчыкам, умеў дамагацца вынікаў.
Варта нагадаць, што Сяргей Гоўша быў адным з удзельнікаў стварэння Таварыства беларускай мовы, Экалагічнага саюза, Беларускага народнага фронту. У 1991 пасля вылучэння ТБМ быў яго абралі дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета. І толькі недзе з 1997 года, Сяргей пачаў займацца праваабарончай дзейнасцю, далучыўшыся да сябраў Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Маючы абвостранае пачуццё справядлівасці, ён часта звяртаўся да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў з прапановамі і заявамі, датычнымі розных актуальных пытанняў – свабоды мірных сходаў, свабоды слова, шмат зрабіў для аднаўлення гістарычнай і культурнай памяці. Разам з аднадумцамі ў 1990 годзе ўсталявалі ў цэнтра горада “Крыж пакут” ахвярам сталінскіх рэпрэсій, які пазней улады прыбралі ў іншае месца. Таксама разам з сябрамі ўсталявалі памятны камень з шыльдай у гонар вялікай бітвы 1771 года гетмана Міхаіла Агінскага з войскамі Суворава.
Не шкадуючы ні ўласных сіл, ні свайго вольнага часу, аказваў дапамогу землякам, абараняў іх на судовых працэсах, дапамагаў абскардзіць несправядлівыя рашэнні ў вышэйшых інстанцыях.
Праваабаронца няўрымсліва адстойваў права беларусаў на свабодныя і празрыстыя выбары, шанаваў і абараняў беларускую мову, быў ініцыятарам і рухавіком стварэння ў горадзе першага беларускамоўнага класа.
Сяргей Гоўша неаднаразова звяртаўся з паведамленнямі ў Камітэт па правах чалавека ААН, дзе ягоныя скаргі былі падтрыманыя і разгледжаныя.
“Самае галоўнае для мяне – змаганне за нашу незалежнасць і змаганне з беззаконнем. Дапамагаць тым, каго ўлада тут прыціскае. А прыціскае яна сапраўды многіх… Калі казаць праўду, я бачу, што мы ніколі не пабудуем дэмакратычную, заможную Беларусь, пакуль не будзе парадку ў гэтай краіне, пакуль не будуць прынятыя добрыя законы, і пакуль яны не будуць выконвацца, і пакуль не будзе падзел улады, як гэта задумвалася, на заканадаўчую, выканаўчую і судовую”, – такім бачыў свой ідэал Гоўша.
Сяргей неаднаразова браў удзел у назіранні і маніторынгу выбараў, ці то мясцовых дэпутатаў, ці то парламенцкіх, або прэзідэнцкіх. Але ён не толькі назіраў: сутыкаючыся з парушэннямі выбарчага заканадаўства, ён абскарджвах іх у камісіях, пісаў свае заўвагі і прапановы тагачаснай старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
Больш трыццаці год свайго жыцця, ад часу свайго прыходу ў “Вясну” Сяргей Гоўша прысвяціў абароне правоў чалавека.
"Як мы прыйшлі да стварэння аддзялення «Вясны» ў Баранавічах? Наша кампанія, чалавек 20-25, рэгулярна ездзіла ў Мінск на мітынгі падтрымоўваць апазіцыю. І вось вясною 1997 года здарыўся наступны выпадак. Калі за некалькі гадзін да санкцыянаванай акцыі мы накіроўваліся ў Чырвоны касцёл паслухаць службу, трох нашых хлопцаў без ніякіх падстаў на нашых вачах затрымалі, пасадзілі ў машыну і адвезлі ў пастарунак. Двух з іх на наступны дзень прысудзілі да штрафаў, а трэці вымушаны быў правесці тры дні за кратамі. Мы звярталіся са скаргамі ва ўсе інстанцыі, але нічога не дабіліся. І вырашылі, што надалей мы створым сваё аддзяленне праваабарончае і будзем абараняць свае правы самі," – распавядаў ён у адным са сваіх інтэрвію.
Дзейнасць Сяргея Гоўшы па адстойванні правоў людзей, ды яшчэ ў сітуацыі калі за гэта затрымліваюць, арыштоўваюць, штрафуюць, не магла не адбіцца на здароўі. Ён перанес некалькі аперацый на сэрцы а 25 снежня яго не стала.
Сяргея Гоўшу ў Баранавічах не толькі памятаюць. Тут ён пакінуў сваіх вучняў і паслядоўнікаў, якія нават ва ўмовах страшэнных рэпрэсій працягваюць ягоную справу. І гэта найвялікшая адзнака для чалавека.