viasna on patreon

Дактары будуць супрацоўнічаць з міліцыяй, катэгорый для накіравання стане менш, а мова — больш талерантная? Што прапануе новы законапраект пра ЛПП  

2022 2022-12-22T15:00:51+0300 2022-12-22T15:35:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mogilev_ltp_5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Савет Міністраў унёс праект закона, які датычыць зменаў законаў па пытаннях прымусовага лячэння — накіравання людзей у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Цяпер, калі змены ўхваляць, дзве з трох катэгорый грамадзян больш не будуць накіроўвацца ў ЛПП. Аднак для астатніх уведзены новы механізм пападання туды — праз медустановы, куды чалавек з інтаксікацыяй звярнуўся па дапамогу. Акрамя таго, прапануецца больш не выкарыстоўваць фармулёўку "хранічны алкагалізм". "Вясна" разабралася ў гэтым новым праекце закона — і распавядае, якія пазітыўныя і негатыўныя змены там прапанавалі. І ці ўсе на першы погляд пазітыўныя змены сапраўды такімі з'яўляюцца?


Новая мова — менш стыгматызацыі

Найперш Закон "Аб змене законаў па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі" прапануе выкарыстоўваць новую мову. Так, замест фармулёвак "[чалавек], які пакутуе на хранічны алкагалізм, наркаманію і таксікаманію" цяпер прапануецца выкарыстоўваць "з сіндромам залежнасці ад алкаголю, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналогаў, таксічных і іншых адурманьвальных рэчываў".

Гэта пазітыўныя змены з пункту гледжання лінгвістыкі, мяркуе сузаснавальнік праваабарончай ініцыятывы "Журналісты за талерантнасць" Алег Ражкоў:

"Сапраўды, першая фармулёўка стыгматызуе, бо тут выкарыстоўваецца слова "пакутуе" — і яно мае негатыўную канатацыю, бо робіць акцэнт на тым, што людзі не жывуць з гэтым захворваннем, а менавіта пакутуюць. У новай версіі мы бачым змену фармулёўкі на "сіндром залежнасці" — і тут фармулёўка нашмат мякчэйшая. То бок будзе выкарыстоўвацца people-first language калі на першым месцы ў нас будзе чалавек, а потым нейкая характарыстыка, якая мае значэнне ў кантэксце ("чалавек з сіндромам залежнасці ад алкаголю"). Таму новая фармулёўка больш нейтральная і менш стыгматызуе".

З памяншэннем стыгматызацыі згодны і праваабаронца і прадстаўнік установы “Урачы за праўду і справядлівасць” Васіль Завадскі, які мае адукацыю і досвед працы як ўрач-псіхіятр-нарколаг,:

“Сэнс дасаткова просты — у медыцынскай сферы ёсць стандарты. Зараз у Беларусі карыстаюцца класіфікацыяй хвароб 10-й Міжнароднай формы. А так як класіфікатар міжнародны, то там імкнуцца выкладаць менш стыгматуючай мовай. Таму, я так думаю, тут [у законапраекце] прыводзяць у адпаведнасць з класіфікатарам”.

Старую фармулёўку — "чалавек, які пакутуе на хранічны алкагалізм, наркаманію і таксікаманію" — законапраект прапануе змяніць паўсюль, дзе яна выкарыстоўваецца: у Законе "Аб ахове здароўя", у Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксах, а таксама і ў самым Законе "Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх" ад 4 студзеня 2010 года.

А ў самым першым законе пра ЛПП (ад 1991 года) выкарыстоўвалася яшчэ менш нейтральная фармулёўка — людзей там называлі "хранічнымі алкаголікамі і наркаманамі". Менавіта ад гэтага закона і пачынаецца шлях існавання ЛПП у постсавецкай Беларусі.

Мінус дзве катэгорыі грамадзян. У ЛПП вызваляюцца месцы?

Раней "Вясна" распавядала, як з цягам часу ў Беларусі спрашчаўся шлях паступлення ў ЛПП. Спачатку, законам ад 1991 года, туды прапаноўвалі накіроўваць толькі асоб, якія маюць залежнасць ад алкаголю і наркатычных сродкаў. Пасля туды пачалі адпраўляць і дзве іншыя катэгорыі людзей: "абавязаных" дзяржаве асоб, якія парушылі працоўную дысцыпліну, а таксама беспрацоўных асоб, што вядуць "асацыяльны лад жыцця" (менавіта такая фармулёўка і выкарыстоўваецца заканадаўцамі). Пры гэтым сіндрому залежнасці ад алкаголю яны маглі і не мець. Такім чынам, на гэты момант людзі могуць трапляць у ЛПП паводле трох падстаў.

Ад аховы здароўя да пазбаўлення волі без суда. Як у Беларусі спрашчаецца шлях да накіравання ў ЛПП

Разам з юрыстам “Вясны” Паўлам Сапелкам разбіраемся: якім чынам у Беларусі ўжо мяняліся (спрашчаліся) падыходы да накіравання людзей у ЛПП і што не так у гэтых новых прапановах з боку ўладаў.

Цяпер жа новым праектам пра змены ў закон прапануецца больш не накіроўваць у ЛПП "абавязаных" і беспрацоўных асоб, якія вядуць "асацыяльны лад жыцця", — а вярнуцца да таго, каб у ЛПП траплялі толькі людзі з залежнасцю ад алкаголю і наркатычных сродкаў.

Такія змены здаюцца пазітыўнымі. Але юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка каментуе іх стрымана:

Павел Сапелка"Гэта няблага, таму што хтосьці не апынецца ў стане пазбаўлення волі (а менавіта так праваабаронцы называюць сістэму ЛПП — Заўв.). Добрая навіна і ў тым, што тыя, хто раней быў накіраваны паводле гэтых дзвюх падставаў у ЛПП ("абавязаныя" і беспрацоўныя — Заўв.), будуць адтуль вызвалены, калі гэты закон будзе прыняты і набудзе законную моц.

Але мы заўсёды ў "Вясне" паслядоўна змагаліся з сістэмай ЛПП. І першы наш довад: нельга пазбаўляць волі за тое, што чалавек пакутуе на захворванне (залежнасць ад алкаголю — Заўв.), якое пры гэтым не ўключанае пералік захворванняў, па якіх чалавека можна ізаляваць ад навакольных (да такіх адносяцца сухоты, венерычныя захворванні і г. д.)".

Навошта ж улады прапануюць больш не накіроўваць паводле гэтых дзвюх падстаў людзей у ЛПП?  Каб вызваліць месцы? На гэтыя пытанні Павел Сапелка адказвае так:

"Вядома, з гэтай нагоды хацелася б паразмаўляць з тымі, хто стаіць бліжэй да гэтай сістэмы. І каб яны пачалі свой аповед з таго, колькі наогул чалавек цяпер знаходзіцца за плотам ЛПП (такія звесткі дзяржава не падае — Заўв.) і пазбаўлена волі выключна з прычыны сваёй залежнасці ад алкаголю. І ў іх жа можна ўдакладніць, якія мэты ў гэтага закона. І ці не будзе яшчэ нейкі дадатковы закон, які ахопіць сваёй увагай вось гэтыя дзве выключаныя з заканадаўства пра ЛПП катэгорыі грамадзян ці не зробяцца яны фігурантамі іншага "клопату"? На жаль, улады пра гэта маўчаць. Нават вось гэты праект закона, які, я думаю, так ці іначай шмат каго зацікавіў бы і падняў бы прыстойную хвалю абмеркавання ў грамадстве, праходзіць цяпер без належнага асвятлення ў дзяржаўнай прэсе".

З Паўлам Сапелкам тут згодны і Васіль Завадскі:

“Я не думаю, што гэта істотна зменшыць колькасць людзей. Але мне цікава проста, што тады мяркуецца з такімі людзьмі ўвогуле рабіць. Бо я не думаю, што наша дзяржава проста дазволіць ім спакойна жыць.

У тым, што іх не збіраюцца накіроўваць у ЛПП, “логіка” ёсць — бо гэты ніяк не паляпшае становішча іх дзетак, за якімі яны не могуць даглядаць (“абавязаныя” асобы вінны дзяржаве грошы за ўтрыманне іх адабраных дзяцей—Заўв.). Бо звычайна іх хочуць прыцягваць да працы, каб яны кампенсавалі дзяржаве страты, якія тая нясе на ўтрыманне гэтых дзетак. І логіка была такая: “вось мы іх накіруем у ЛПП, яны там будуць працаваць – і будуць сродкі на ўтрымане дзяцей такім чынам мець”. Але калі людзі зарабляюць у ЛПП капейкі, а нярэдка  ўвогуле там працы ня маюць – то мы бачым, што гэты ніякім чынам не дапамагае вырашыць матэрыяльны аспект гэтай праблемы…”

Праца ў ЛПП – прымусовая, на што таксама не раз звярталі ўвагу праваабаронцы. Гэта — парушэнне правоў чалавека.

Ад трох да двух. Шлях да ЛПП скарачаецца?

У цяперашнім законе існуе наступная сістэма накіравання ў ЛПП: чалавека прыцягваюць тры разы да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення. Пасля гэтага начальнік тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў выносіць такому чалавеку папярэджанне пра магчымасць накіравання ў ЛПП. І калі асоба на працягу года зноў трапляе на "адміністратыўку", то начальнік АУС звяртаецца ў суд, які і выносіць рашэнне наконт накіравання чалавека ў ЛПП.

Зараз жа новым законапраектам прапануецца паменшыць колькасць прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці: ад трох да двух. Гэта значыць, што колькасць "прыступак" у працэсе адпраўкі ў ЛПП памяншаецца.

Светлагорскі ЛПП
Светлагорскі ЛПП

"Супрацоўнічаць" з міліцыяй прымусяць дактароў? Сацыяльны аспект праблемы

Для таго, каб начальнік АУС зрабіў папярэджанне наконт магчымасці накіравання ў ЛПП на аснове "адміністратывак", ён павінен атрымаць інфармацыю пра іх наяўнасць. Зараз жа, у новым законапраекце, крыніцай інфармацыі пра людзей з залежнасцямі прапануюць быць і дактарам.

Так, законапраект прадугледжвае, што начальнік АУС можа атрымаць ад арганізацыі аховы здароўя пісьмовае паведамленне пра чалавека, які звярнуўся ці паступіў туды для аказання медыцынскай дапамогі "ў сувязі з атручваннем, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў".

Ці будуць лекары паведамляць міліцыянтам пра такіх людзей?

“Па сваёй ініцыятыве, канешне, не будуць, — лічыць урач-псіхітятр Васіль Завадскі. — Па-першае, гэта лішняя для іх праца. Па-другое, гэта ніякага дачынення да лячэбнага працэсу не мае. Але калі такія змены ў заканадаўстве будуць унесены, то, відавочна, будуць прынятыя нейкія нарматыўныя дакументы Міністэрствам аховы здароўя (каб прывесці ў адпаведнасць з новым законам), і таксама, напэўна,  інструкцыі, якія будуць абавязваць медыкаў гэта зрабіць. І калі медыкі гэтага не зробяць — то адпаведна будзе для іх нейкае пакаранне: напрыклад, пазбаўленне прэміі… То бок дактары будуць вымушаныя паведамляць пра людзей з залежнасцямі, калі такія змены будуць прынятыя”.

Васіль Завадскі
Васіль Завадскі

Калі праект закона прымуць — то ці не будуць людзі пры алкагольнай ці наркатычнай інтаксікацыі баяцца звяртацца да ўрачэй?

“Такое, безумоўна, будзе здарацца, — упэўнены Васіль Завадскі. — Калі людзі даведаюцца, што звяртанне ў медыцыскую ўстанову можа пацягнуць такія наступствы для іх [накіраванне ў ЛПП], канешне яны будуць пазбягаць гэтага столькі, колькі магчыма. І нават іх сваякі будуць баяцца — бо чалавек у інтаксікацыі можа страціць прытомнасць, і часта ён не сам выклікае хуткую дапамогу”.

Момант з медыкамі новы праект аб зменах у заканадаўстве прапісвае і ў пункце пра накіраванне грамадзяніна ў ЛПП. Раней (і пакуль што цяпер) сістэма была такой: начальнік АУС пры заяве ў суд аб накіраванні чалавека ў ЛПП павінен прыкласці копіі пастановаў аб адміністрацыйных парушэннях чалавека, здзейсненых у стане алкагольнай ці наркатычнай інтаксікацыі. А ў новым законапраекце ж да гэтага дадаюцца і “копіі паведамленняў ад арганізацый аховы здароўя […] аб фактах зварота (пааступлення)” для аказання медыцынскай дапамогі ў сувязі з атручваннем, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў…”. Прычым паміж “адміністратыўкамі” і “паведамленнямі” ад медыкаў стаіць слова “альбо”.

На гэтае альбо і звяртае ўвагу Васіль Завадскі. Магчыма гэта азначае, што начальнік АУС пры спробах накіравання чалавекка ў ЛПП можа ўжо і не ўлічваць наяўнасць адміністратыўных правапарушэнняў у чалавека?

Светлагорскі ЛПП
Светлагорскі ЛПП

З сацыяльнага боку — а менавіта ў лячэнні людзей з залежнасцямі ад алкаголя і наркаточных сродкаў — лячэбна-працоўныя прафілакторыі таксама не дзейсныя. Нельга вылечыць чалавека праз прымусовую працу, тым больш — ва ўстанове, якая падпарадкоўваецца Міністэрству ўнутраных справаў.

“Праблема залежнаўсцяў ў першую чаргу — не міліцэйская, а сацыяльная-медыцынская, сацыяльна-псіхалагічная. Найперш, сацыяльная, канешне. Тут павінен быць індывідуальны падыход да кожнага чалавека, праца з псіхіятрамі-нарколагамі — адзначае Васіль Завадскі. — А калі ў ЛПП знаходзіцца па 1000 – 1500 чалавек і два лекары, то ўжо адным гэтым пытанне аб індывідуальнасці здымаецца”.

Аказваць псіхіятрычную дапамогу цяпер змогуць і … лячэба-працоўныя прафілакторыі? Калізіі ў заканадаўстве

Яшчэ адзін момант, які закранае праект закона “Аб змене законаў па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі”, тычыцца закона аб “Аказанні псіхіятрычнай дапамогі”. Раней (і пакуль што цяпер) там даваўся спіс тых, хто можа аказваць грамадзянам псіхіятрычную дапамогу. Сярод іх — арганізацыі, якія ажыццяўляюць меддапамогу, і ўстановы сацыяльнага абслугоўвання, і нават установы крымінальна-выканаўчай сістэмы, у штаце якіх ёсць урач-псіхіятр.

Цяпер жа да гэтага спісу законапраект прапануе дадаць і лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Ці азначае гэта, што раней ЛПП не аказвалі псіхіятрычную дапамогу (хоць сэнс іх дзейнасці улады прэзентуюць як лячэнне людзей ад залежнасцяў)?

 “Фармальна, атрымліваецца, што так, — кажа праваабаронца Васіль Завадскі. — Але тут я бачу адзіную прычыну: яны хочуць прывесці практыку ў адпаведнасць з заканадаўствам. Я маю на ўвазе тое, што ЛПП гэта наогул вельмі юрыдычна недасканалая форма. Як любяць казаць юрысты: тут шмат калізій. Тут калізія на калізіі. Бо людзі, якія змяшчаюцца ў ЛПП, увогуле не з’яўляюцца асуджанымі па крымінальных артыкулах — злачынстваў яны не здзяйснілі. Такім чынам, ЛПП не могуць адносіцца да ўстановаў крымінальна-выканаўчай сістэмы, на якія распаўсюджваўся раней гэты закон “Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі”. То бок, для таго, каб выключыць гэтае непаразуменне, і уносяцца гэтыя змены”.

mogilev_ltp_5.jpg
Лячэбна-працоўны прафілакторый у Магілёве

Што далей?

Праект закона “Аб змене законаў па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі” прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі.

Закон уступае ў моц адразу пасля афіцыйнага апублікавання Закона. Акрамя артыкула 5 (ён уступае ў моц праз 6 месяцаў пасля апублікавання). Сярод новага ў гэтым артыкуле: “не падлягае выкананню рашэнне суда аб накіраванні грамадзяніна ў лячэбна-працоўны прафілакторый, калі на працягу аднаго года са дня ўступлення ў законную моц грамадзянін не быў дастаўлены ў лячэбна-працоўны прафілакторый”.


Сістэма лячэбна-працоўных прафілакторыяў парушае правы чалавека. Калі вы сутыкнуліся з ЛПП, звяртайцеся па дапамогу ў праваабарончы цэнтр "Вясна".

Кантакты:

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства