viasna on patreon

Новыя затрыманні, "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка палітычнага пераследу 8-9 снежня

2022 2022-12-09T12:00:26+0300 2023-01-03T17:40:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zerkala.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8-9 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Instagram-старонка "Zerkalo_io" прызнаная "экстрэмісцкай"

Адпаведнае рашэнне 1 снежня прыняў суд Лоеўскага раёну Гомельскай вобласці.

Таксама "экстрэмісцкімі матэрыяламі" прызнаная TikTok-старонка "Кастусь Каліноўскі".


ГУБАЗіК затрымаў чатырох адміністратараў чата "Тыповая Серабранка"

Паводле сілавікоў, у дачыненні да затрыманых распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).


Былы палітвязень Ілля Міронаў зноў затрыманы

Па інфармацыі праваабаронцаў, сёння зноў быў затрыманы гамельчук Ілля Міронаў. Гэта здарылася, калі ён пайшоў у РАУС на прафілактычную гутарку. Прычыны пакуль высвятляюцца.

Нагадаем, Іллю ўжо затрымлівалі ў сярэдзіне лістапада. Тады яго адправілі за краты на 5 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) — нібыта за падпіску на «экстрэмісцкі» канал.

А ў кастрычніку былога палітвязня асудзілі да 1,5 года калоніі па "справе Зельцэра". За кратамі яго ўтрымлівалі больш за год.

UPD.  Іллю Міронава будуць судзіць 9 снежня пасля абеду.

У чым абвінавачваюць мужчыну — пакуль невядома, паведамляе @viasnaHomel.

Пазней стала вядома, што Іллю Міронаву прызначылі 12 сутак арышту. Таксама ў хлопца канфіскавалі мабільны тэлефон, паведамляе @nashaniva.


З новага года не змогуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі па "пратэсным" артыкуле

Гэта вызначана пастановай урада №839 ад 7 снежня.

Так, не змогуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі паводле арт. 130 КК (Распальванне варожасці), арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і іншых артыкулаў.

Таксама пад забарону трапяць экскурсаводы, якія маюць адміністрацыйныя прысуды паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне), арт. 24.22 КаАП (распаўсюд сродкамі масавай інфармацыі загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць Лукашэнкі).

У лістападзе паводле арт. 342 КК быў асуджаны краязнаўца Ігар Хмара, якога затрымалі, калі ён праводзіў экскурсію па Мінску. За кратамі чакаюць суды экскурсаводкі Аксана Манкевіч  і Валерыя Чарнаморцава, якім таксама інкрымінуюць «народны» 342 артыкул КК.


Група грамадзян, аб'яднаных пад назвай "Веснікі", прызнана ў Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы са спасылкай на рашэнне МУС.


Ларысу Шчыракову сёння, імаверна, перавядуць з ІЧУ ў СІЗА

Ларыса Шчыракова. Фота: Аляксандр Буракоў

У ізалятары не прынялі для яе перадачу ад сваякоў, паведамляе @viasnaHomel.

Таксама праваабаронцам стала вядома, што непаўнагадовы сын Ларысы не прысутнічаў на вобшуку. Ёсць звесткі, што яго забралі яшчэ са школы — раней, чым затрымалі маці.


Жыхар Віцебску хацеў падняць настрой суседу-міліцыянту і напісаў на ягонай заснежанай машыне "Жыве Беларусь" — мужчына арыштаваны на 10 сутак

Суд Чыгуначнага раёна Віцебска разглядзеў адміністрацыйны працэс у дачыненні да мясцовага жыхара — мужчына атрымаў 10 сутак аршыту за надпіс «Жыве Беларусь» на заснежаным капоце машыны суседа-міліцыянта. Суддзя палічыла гэта несанкцыянаваным пікетаваннем

На судзе мужчына сказаў, што проста хацеў падняць суседу настрой, піша @zamkadomby


Пасля 100 сутак на Акрэсціна супраць святара Уладзіслава Багамольнікава распачалі крымінальную справу

Святар быў затрыманы 31 жніўня і правёў на Акрэсціна сем адміністрацыйных арыштаў запар. Вядома, што за кратамі ён трымаў галадоўку і перахварэў на кавід.

Па інфармацыі праваабаронцаў, Уладзіславу інкрымінаваны «народны» артыкул 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Некаторы час ён будзе ў ІЧУ на Акрэсціна.

Уладзіслаў Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.


Супраць Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка распачалі "спецвытворчасць" — іх просяць прыехаць у Беларусь, каб даць паказанні

Сцяпану інкрымінавана 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130, ч. 1 арт. 290-5, ч. 1 і ч. 3 арт. 293, ч. 1 і ч. 2 арт. 342, ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361-1, ч. 2 арт. 361-2, ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 368, арт .369-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Яну інкрымінавана 10 артыкулаў — ч. 3 арт. 130, ч. 1 і ч. 3 арт. 293, ч. 1 і ч. 2 арт. 342, ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361-1, ч. 2 арт. 361-2, ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 368, арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

У адрозненні ад Пуцілы, Рудіку не інкрымінаваны арт. 290-5 КК — Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі.

Хлопцаў просяць прыехаць у Беларусь і даць паказанні ў Следчым камітэце.


1 снежня кваліфікацыйная камісія не атэставала ажно дзевяць адвакатаў

Акрамя Уладзіміра Пыльчанкі і Віктара Мацкевіча, пра якіх паведамлялася раней, гэта:

Марыя Давыдчык, Сяргей Космач, Галіна Маманько, Уладзімір Ягадзінскі, Людміла Асіеўская — «з прычыны недастатковай кваліфікацыі».

Яўген Дзямбіцкі, Уладзімір Пячэрскі — у сувязі са «здзяйсненнем правін, несумяшчальных са званнем адваката».

Аб гэтым паведаміў @defendersbelarus


Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства