viasna on patreon

Справа Дар'і Лосік ужо ў судзе, звальненні за грамадзянскую пазіцыю: хроніка пераследу 6 снежня Дапоўнена

2022 2022-12-06T11:25:00+0300 2022-12-06T12:44:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhukovich-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларускіх грамадзян – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Справа Дар'і Лосік накіраваная ў суд

Пракуратура Брэсцкай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачанні палітзняволенай Дар'і Лосік ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).

Дар'я Лосік. Фота з сацсетак

Паводле матэрыялаў справы, як піша Генпракуратура, Дар'я Лосік дала інтэрв'ю экстрэмісцкаму фармаванню "Белсат”, у якім пазіцыянавала сябе як жонка “палітвязня". Яна дала асабістую негатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і адпраўленне правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала іншых сваякоў асуджаных рушыць услед яе прыкладу.

Пасля вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры Брэсцкай вобласці прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачвання, дастатковасці сабраных доказаў, поўным і аб'ектыўным даследаванні абставінаў злачынства. Пагадзіліся з прававой кваліфікацыяй зробленага па ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, Дар‘ю Лосік, жонку палітвязня Ігара Лосіка, затрымалі 18 кастрычніка. Дачка Ігара і Дар'і цяпер знаходзіцца ў бабулі з дзядулем.


У Бярозе звальняюць настаўніка, які адмовіўся весці групу настаўнікаў у Мінск на праўладны мітынг

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў Бярозе не падаўжаюць кантракт настаўніку вышэйшай катэгорыі, навукоўцу, «выдатніку адукацыі», вялікаму аматару беларускай мовы і літаратуры, выкладчыку-метадысту, лектару курсаў перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў пры Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. Пушкіна Жуковічу Мікалаю Васільевічу. Ён з’яўляецца аўтарам школьных падручнікаў па беларускай літаратуры для пачатковых і сярэдніх класаў.

Мікалай Жуковіч 26 гадоў працаваў дырэктарам першай школы горада Бярозы, выкладаў беларускую мову і літаратуру, займаўся навуковай дзейнасцю, быў аўтарам метадычных дапаможнікаў для настуаўнікаў, арганізоўваў сустрэчы з культурнымі дзеячамі для сваіх вучняў.

Мясцовыя звязваюць скасаванне працоўных зносін з падзеямі жніўня 2020 года. Тады Мікалай Жуковіч адмовіўся ад ўдзелу ў фальсіфікацыі выбараў, а пасля і наогул адмовіўся весці групу настаўнікаў у Мінск на праўладны мітынг 16 жніўня 2020 года. Пасля гэтага ён пазбавіўся пасады дырэктара і заняў пасаду намесніка дырэктара. Па непацверджанай інфармацыі, аддзел адукацыі Бярозаўскага райвыканкама прыняў рашэнне не працягваць кантракт з дасведчаным настаўнікам.


Валянціну Болбат, актывістку з Верхнядзвінску, будуць судзіць другі раз запар

6 снежня ў Наваполацкім гарадскім судзе адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы, распачатай супраць спадарыні Валянціны паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Справу будзе разглядаць суддзя Зінаіда Балаболава, паведамляе "Віцебская Вясна".

Нагадаем, 22 лістапада дома ў Валянціны Болбат правялі ператрус. Тады прайшла цэлая хваля затрыманняў актывістаў руху «За Свабоду». Паводле звестак праваабаронцаў, спадарыню Валянціну дапыталі ў міліцыі і адпусцілі, але праз некалькі дзён затрымалі зноў.

Меркавана, 25 лістапада яе асудзілі за распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў і пакаралі арыштам на 10 сутак. У такім выпадку, 5-га снежня жанчыну мусілі вызваліць. Аднак на сувязь з блізкімі яна так і не выйшла.


Штодзень – новыя "экстрэмісцкія матэрыялы"

Па заяве пракуратуры горада Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала і Telegram-чата «Движение большинства», а таксама Telegram-бота «Движение большинства Бот» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».


Праваслаўны святар, якога пазбавілі прыходу за антываенную пазіцыю, з’ехаў з краіны

Айцец Пётр Пракапцоў амаль 20 год год праводзіў служэнні ў вясковай царкве ў Прыбытках Гомельскага раёна і меў вялікі аўтарытэт сярод прыхаджанаў, піша "Гомель Штодзень"

Але з пачаткам вайны, калі мясцовае царкоўнае начальства дазналася пра ягоныя антываенныя погляды, у яго ўскладніліся адносіны з некаторымі іерархамі. У прыватнасці, з архіепіскапам Гомельскім і Жлобінскім Стэфанам.

Пасля некалькіх фактаў пераследу з боку сілавых структур святар прыняў рашэнне пакінуць Беларусь.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства