Мінчука, якога ўтрымлівалі на Акрэсціна амаль тры месяцы, цяпер будуць судзіць за каментары Дапоўнена
У Мінскім гарадскім судзе 12 снежня будзе разглядацца крымінальная справа супраць 36-гадовага Віталя Енаровіча. Суддзя Вера Галоўкава будзе яго судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Віталя затрымалі ў сакавіку, але паводле сведчанняў сукамернікаў з ЦІП, ІЧУ і СІЗА-1 на "Валадарку" мужчыну перавялі толькі напрыканцы чэрвеня.
"Пакаяльнае" відэа з Віталем з'явілася на праўладных тэлеграм-каналах 21 сакавіка 2022 году. Паведамлялася, што мужчына нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарных пратэстах, а таксама пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да міліцыянтаў, беларускіх і рускіх вайскоўцаў. Больш пра лёс Віталя праваабаронцам не было вядома нічога.
Нядаўна былы арыштант ЦІП на Акрэсціна распавёў пра свайго сукамерніка Віталя Енаровіча:
"Ён сядзеў на той час ужо пятую ці шостую адміністратыўку, не выходзячы на волю. Уявіце: чэрвень, а чалавек з зімовай вопраткай, ботамі, ні разу не падстрыжаны за ўвесь гэты час. Але ў той жа час — ніякай тугі, пазітыўны, на правах старажыла ўжо падтрымлівае парадак".
Мужчына звяртае ўвагу на праблему, што некаторыя людзі ў ЦІП на Акрэсціна ўтрымоўваюцца месяцамі без перадач:
"На "Валадарцы" ёсць перадачы. На Акрэсціна ж людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць. Я бачыў чалавека ў шкарпэтках, у якіх няма падэшваў — пара нітак толькі".
Дапоўнена сведчаннямі яшчэ двух сукамернікаў. Яшчэ адзін сукамернік Віталя — ужо з ІЧУ на Акрэсціна — распавёў, што ў межах крымінальнай справы ў ІЧУ мужчыну перавялі 11-12 чэрвеня. Да гэтага часу арыентыровачна з 21 сакавіка ён утрымліваўся ў ЦІП — два з паловай месяцы.
"На той момант аб ім чулі ўсе і распавядалі ізноў прыбылым, што "на ЦІПе ёсць чалавек, які сядзіць ужо амаль тры месяцы без выхаду!" Трымаўся бадзёра, быў, так бы мовіць, душой камеры. Вынаходзіў увесь час нешта. Навучыў, як можна стрыгчы валасы і бараду пры дапамозе лыжак! Выглядае... Усе мы там не вельмі выглядалі, але ён горш, усё ж такі ўжо тры месяцы".
Напрыканцы чэрвеня яго перавялі ў СІЗА-1. Былы сукамернік Віталя з "Валадаркі" рапавёў, што адразу яму ставіўся ў віну ўдзел у адным Маршы. Але перад закрыццём справы яму прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 130 КК — у інтэрнэце знайшлі яго каментары за жнівень 2020-га.
"Потым выклікалі на "кабінеты", усплылі каментары за 8 ці 9 жніўня. Карацей, капалі далей".
Як і папярэднія сукамернікі Віталя з ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна, былы сукамернік з СІЗА-1 адгукаецца вельмі добра пра мужчыну:
"Адчуваў сябе бадзёра, але вядома быў падаўлены новымі нюансамі па справе, бо высокая верагоднасць трапіць у калонію. Ён наогул на пазітыве заўсёды, верыць у лепшае".
Вядома, што да затрымання Енаровіч працаваў з кліентамі ў кампаніі па продажы і абслугоўванні экскаватараў.
"Ён там вельмі каштоўны супрацоўнік быў, і вялікі малайчына", — распавялі "Вясне".
Цяпер у раскладзе судоў з'явілася інфармацыя пра працэс Енаровіча. Мужчыну будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Справу будзе разглядаць суддзя Вера Галоўкава.
У Віталя 18 снежня Дзень народзінаў — павіншуйце і падтрымайце яго.
Падтрымаць вязня можна лістамі, тэлеграмамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Віталь Леанідавіч Енаровіч
"Людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць". Былы арыштант Акрэсціна распавёў пра ўмовы ў траўні і сукамернікаў
Былы арыштант распавядае пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў траўні-чэрвені.