"Людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць". Былы арыштант Акрэсціна распавёў пра ўмовы ў траўні і сукамернікаў
Ужо больш як два гады ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна затрыманых паводле палітычных матываў змяшчаюць у жорсткія нечалавечыя ўмовы, якія можна расцэньваць як катаванні. Увесь гэты час для іх не прымаюць перадачы, таму шмат хто там утрымліваецца без зменнага і цёплага адзення, без сродкаў асабістай гігіены і медыкаментаў. Камеры з "палітычнымі" ці, як іх там называюць, "кантрольнымі", перапоўненыя — людзі вымушаныя спаць на падлозе. Былы арыштант распавядае пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў траўні-чэрвені і пра сваіх сукамернікаў — сірату Андрэя Раптуновіча і адваката Віталя Брагінца.
"У камеры на чатыры спальныя месцы нас было 15-20 чалавек. Вядома ж, без бялізны і г. д. Туалетную паперу і мыла прасілі. Часам давалі, а часам не. Звычайна ўжо ведалі, хто можа даць і нават паспрабуе прынесці потым, а каго з "калідорных" прасіць марна.
Мыліся над туалетам, падаючы бутэлькі з гарачай вадой, абутак надзявалі, толькі выходзячы з камеры ля дзвярэй. Кожны дзень увечары прыборка — падмятанне і мыццё падлогі, бо на ёй спалі. Сікалі седзячы — новаўвядзенне, гэта дапамагала таму, каб было чысцей і менш смярдзела з туалета. У нас быў адзін, які выпадкова заехаў да "палітычных", ён быў у шоку. Хтосьці, пераязджаючы літаральна з суседняй камеры, дзівіўся таму, што ёсць гарачая вада. Там была толькі халодная.
На ранішнія праверкі ходзяць з вядром хлоркі. Калі штосьці не спадабаецца, гэтае вядро могуць выліць на падлогу камеры.
Стаўленне супрацоўнікаў максімальна безасабовае. Для супрацоўнікаў ІЧУ, за некаторымі выключэннямі, людзі проста як статак: пакарміць, праверыць, каб было ціха і без праблем.
Я не заўважаў, каб прасавалі там кагосьці. З гадкіх запомніўся адзін з дзяжурных па ЦІП — капітан нейкі. І медсястра — цётка ва ўзросце, якая правярае пры паступленні. Мацюкалася жудасна і сварылася з самай дробнай нагоды".
Мужчына распавёў, што некаторы час у камеры прабыў з палітзняволеным Андрэем Раптуновічам, якога 14 лістапада асудзілі да чатырох гадоў калоніі
"Ён не расказваў пра сутнасць абвінавачванняў, але казаў, што яго забіралі ў ГУБАЗ (паміж адміністрацыйнымі арыштамі), там паздзекаваліся, прымушалі адціскацца, скакаць, там жа падстрыглі, адрэзалі чубок нажніцамі. Вельмі моцна кашляў, выгляд быў хворы".
Былы арыштант адзначае, што не заўважыў слядоў збіванняў на Андрэю, але ён быў моцна хворы:
"Там усе хварэлі. Але вось ён неяк вельмі моцна кашляў. Там жа хлопец шчуплы вельмі, невысокі, напэўна 55-60 кг. Я здзівіўся потым, калі дазнаўся, што яго абвінавачваюць у наёмніцтве ці кшталту таго. Складана сказаць, якая гэта інфекцыя была, я піў моцныя антыбіётыкі, каб пачаць нармальна дыхаць пасля ЦІП".
Мастака асудзілі да 4 гадоў калоніі за жаданне далучыцца да "каліноўцаў" і рэгістрацыю ў плане "Перамога"
Таксама мужчына ўзгадвае яшчэ аднаго свайго сукамерніка — адваката Віталя Брагінца, які цяпер утрымліваецца ў СІЗА паводле абвінавачвання па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.
"Віталь малайчына, трымаўся бадзёра. Ён ніколі нікому не адмаўляў у кансультацыі на месцы. Але ён таксама амаль страціў голас ад хваробы. Віталь распавядаў, як абсурдна яго арыштавалі: проста перад тым, як яму трэба было ехаць да кліента. Здаецца, гэта быў КДБ і мусіў ехаць у СІЗА КДБ.
У дзень вызвалення яго забралі зранку з камеры. А выходзіць яму трэба было пасля абеду. Мы зразумелі, што гэта нядобры знак".
Былы арыштант успамінае свайго сукамерніка Віталя Енаровіча, інфармацыя пра затрыманне за каментары якога з'явілася напрыканцы сакавіка.
"Ён сядзеў на той час ужо пятую ці шостую адміністратыўку, не выходзячы на волю. Уявіце: чэрвень, а чалавек з зімовай вопраткай, ботамі, ні разу не падстрыжаны за ўвесь гэты час. Але ў той жа час — ніякай тугі, пазітыўны, на правах старажыла ўжо падтрымлівае парадак".
Мужчына звяртае ўвагу на праблему, што некаторыя людзі ў ЦІП на Акрэсціна ўтрымоўваюцца месяцамі без перадач:
"На "Валадарцы" ёсць перадачы. На Акрэсціна ж людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць. Я бачыў чалавека ў шкарпэтках, у якіх няма падэшваў — пара нітак толькі".
Паводле былога арыштанта, у траўні-чэрвені на Акрэсціна ўтрымліваліся затрыманыя за рэпосты і падпіскі на "экстрэмісцкія" Telegram-каналы, за здымкі з Маршаў у 2020 годзе, за актыўнасць у інтэрнэце. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца і дагэтуль.