Палітвязня Аляксандра Геджадзэ перавялі з Беларусі ў расійскую калонію
Маскоўскі гарадскі суд у студзені разглядзеў справу аб пераводзе ў расійскую калонію палітзняволенага грамадзяніна Расіі Аляксандра Геджадзэ, асуджанага ў Беларусі на тры гады калоніі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па інфармацыі праваабаронцаў, Аляксандр ужо знаходзіцца ў расійскай папраўчай калоніі № 3 у г. Сафонава. Гэта першы грамадзянін Расіі, прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітычным вязнем, якога перавялі ў Расію. "Вясна" сабрала ўсё, што вядома па справе палітвязня Геджадзэ.
Палітвязень Аляксандр Геджадзэ — грамадзянін Расіі, большую частку часу жыў і працаваў у Маскве, але часам прыязджаў у Мінск у госці да сваёй дзяўчыны. Яго затрымалі 27 кастрычніка 2020 года ў Мінску. Крымінальную справу супраць яго ўзбудзілі за тое, што ён на каршэрынгавым аўто перавёз покрыўкі, з якіх потым на дарозе ў жылым комплексе «Каскад» былі збудаваныя барыкады. Гэта адбылося ўвечары 12 кастрычніка. У той дзень на "Маршы пенсіянераў" у Мінску супраць пратэстоўцаў былі ўжытыя газ, святлошумавыя гранаты і іншыя спецсродкі, і ў адказ на гэта людзі ў многіх раёнах сталіцы выйшлі на вечаровыя акцыі пратэсту.
Суд над палітвязнем распачаўся 5 красавіка 2021 года. Сваю віну Аляксандр прызнаў часткова. Ён не адмаўляе, што перавозіў покрыўкі, але сцвярджае, што не ведаў, для чаго іх будуць выкарыстоўваць. Яшчэ да пачатку слуханняў па справе палітвязень кампенсаваў пазоў ад МНС на пакрыццё шкоды ў памеры 66,36 рублёў. У судзе Фрунзенскага раёна 20 красавіка палітвязня прызналі вінаватым у "актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і прызначылі яму тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта столькі і прасіў пракурор.
Тэрмін Аляксандра накіравалі адбываць у наваполацкую папраўчую калонію № 1. Але ў студзені 2022 года Маскоўскі гарадскі суд разглядзеў справу аб "перадачы грамадзяніна замежнай дзяржавы, асуджанага да пазбаўлення волі, для адбыцця пакарання ў дзяржаве, грамадзянінам якой ён з'яўляецца" і пастанавіў перавесці Аляксандра ў расійскую калонію.
11 красавіка Савелаўскі раённы суд Масквы змяніў артыкул Аляксандру ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам — у Расіі ён будзе адбываць пакаранне па частцы 2 артыкула 212 КК РФ — удзел у масавых беспарадках. Праваабаронца Маскоўскай Хельсінскай групы Раман Кісялёў лічыць такую змену артыкулаў дзіўнай:
«Таму што, калі ў Расіі затрымліваюць беларусаў, якіх адшукваюць па 342 артыкуле КК, то іх адпускаюць пасля першай экстрадыцыйнай праверкі. Пракуроры не лічаць гэты склад злачынствам на тэрыторыі Расіі. А ў выпадку пераводу Геджадзэ, расійскі суд знайшоў магчымым змяніць 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі на 212 Крымінальнага кодэкса РФ. Калі б яно было так жа і ў экстрадыцыйных справах, то ў нас бы ў СІЗА беларусаў было б больш».
Геджадзэ — першы грамадзянін Расіі, прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітычным вязнем, якога перавялі ў Расію.
Расійскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял» прызнаў яго палітвязнем:
"Крымінальная справа супраць Аляксандра Геджадзэ распачатая ў межах кампаніі па падаўленні пратэстаў у Мінску. Рэпрэсіі супраць найбольш вядомых пратэсных супольнасцяў Мінску, такіх як «Каскад», «Плошча пераменаў», дзе сілавікі забілі аднаго з пратэстоўцаў, мікрараён «Малінаўка» і іншых, былі закліканыя прадэманстраваць грамадзянскай супольнасці Беларусі рэпрэсіўны настрой улады, уседазволенасць сілавікоў і паслухмянасць судоў".
Цяпер у беларускіх калоніях застаюцца мінімум чатыры грамадзяніна Расіі: Дзмітрый Папоў, Ягор Дуднікаў, Андрэй Новікаў і Сафія Сапега. Вядома, што нядаўна на волю выйшлі, цалкам адбыўшы тэрміны, Ірына Вікхольм і Яўген Пятроў, але іх адразу дэпартавалі ў Расію.
Падтрымаць Аляксандра Геджадзэ можна па новым адрасе (пісаць па-расейску):
Российская Федерация, Смоленская область, г. Сафоново, п. Шахты-3, 215500, ФКУ УК-3, УФСИН России по Смоленской области (Напісаць анлайн можна з дапамогай сервіса «Зонателеком» ці валанцёрскага праекта «Росузник»)
Александр Давидович Геджадзе