viasna on patreon

Затрыманні і новыя "экстрэмісты": хроніка пераследу 1-3 кастрычніка Фота Дапоўнена

2022 2022-10-03T10:53:45+0300 2022-10-04T16:39:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pavel-znavec.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-3 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Верагодна, быў затрыманы былы дэпутат Вярхоўнага Савету Павел Знавец

Інфармацыя пра затрыманне з'явілася на старонцы Знаўца ў Facebook.

«Знавец Павел быў затрыманы ў асабістай кватэры 30.09.2022г. Цяпер знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Хутчэй за ўсё заўтра будзе суд», — паведамляецца там.


Грамадскае аб'яднанне "Трофі "Белавежскія зубры" знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі

Такое рашэнне вынес 06.09.2022 Гродзенскі абласны суд. Аб'яднанне працавала з 2011 года і знаходзілася ў вёсцы Новы Двор Свіслацкага раёна.

ГА "Трофі "Белавежскія зубры" - клуб пазадарожнікаў, які ладзіў спаборніцтвы і трофі-рэйды.


Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

Сярод іх наступныя:

Telegram-чаты «Суполка "Сьветлыя Думки"», «Б. Тростенец», «Отзыв депутата Лагуновой Г.Н.»;
Інтэрнет-рэсурсы «dze.nеws», «otrazhenie.tоp», «babruisk.bу».
Telegram-каналы «Гомель 51й мкр - чат», «Чат района к/т "Октябрь», «Svetlyja dumka | Сьветлыя Думки», «ПЕРШЫ РЭГІЁН».


У «Спіс экстрэмістаў» уключылі адразу 67 беларусаў

Цяпер у ім 573 прозвішчы – спіс абнавіўся адразу на 67 прозвішчаў. Так, МУС уключыў у «Пералік асобаў, датычных да экстрэміскай дзейнасці» беларусаў, якія пераследуюцца ці пераследаваліся па «палітычных» крымінальных артыкулах. Гэта і палітвязні, і людзі, асуджаныя да «хатняй хіміі», і тыя, хто адбылі свой тэрмін цалкам і нават у каго пагашана судзімасць. Сярод іх, напрыклад:

65-гадовая Алена Гнаўк, асуджаную да 3,5 гады калоніі паводле арт. 367 (паклёп у адносінах Лукашэнкі) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі);
Вольга Кронда, асуджаную два разы па арт. 369 КК, у тым ліку, за эмодзі;
настаўнік гісторыі Андрэй Пятроўскі, асуджанага да 1,5 гадоў калоніі за паклёп на Лукашэнку;
Ірына Кузьмянчук і Ларыса Яхімовіч, асуджаных па «справе карагодаў» па 2 гады «хатняй хіміі»;
былы палітвязень Руслан Шыла, асуджаны да 1 года «хіміі» за парэзаныя дзяржаўныя сцягі (арт. 370 КК) які выйшаў на волю ў студзені.


МУС унёс у «Спіс экстрэмістаў» Дзмітрыя Дудойця, які скончыў жыццё самагубствам падчас «хіміі»

Уключэнне ў «Пералік» адбылося 30 верасня 2022 года – амаль праз 10 месяцаў пасля смерці мужчыны. У «Пераліку асобаў, датычных да экстрэміскай дзейнасці» адзначана, што Дудойць «адбывае пакаранне».

Нагадаем, 5 студзеня стала вядома, што 43-гадовы жыхар Смаргоні скокнуў з маста ў Магілёве і разбіўся. Гэта адбылося, калі ён вяртаўся ў ПУАТ з паліклінікі без суправаджэння.

Яго асудзілі да двух гадоў «хіміі» за каментар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова. Свой тэрмін ён адбываў у Магілёве. Ён правёў на «хіміі» адзін тыдзень.


Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла з ШІЗА пасля чарговых сутак. Яна там ужо больш 30 дзён запар, а адваката да яе не пускаюць

Пра гэта паведамляе @viasna_brest са спасылкай на Андрэя Шарэнду:

«Паліна не выйшла з ШІЗА ні пасля 20, ні пасля 30 дзён знаходжаньня там. Хутчэй за ўсё Паліна правядзе ў халодным, вільготным і цёмным падвале запар мінімум 40 сутак. А за тры з паловай месяцы знаходжаньня ў жаночай папраўчай калоніі №24 (Зарэчча) гэта будзе ўжо 80 дзён катаваньняў холадам, голадам і жудаснай антысанітарыяй. [..] Адваката да Паліны не прапускаюць. Паўтары месяцы мы нічога ня ведаем пра стан яе здароўя».

Нагадаем, у гомельскай калоніі 7 красавіка Паліну асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў ёй у дадатак да 2 гадоў зняволення яшчэ 1 год у калоніі.

Падтрымайце Паліну: ПК № 24, 247526, Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Паліне Сяргееўне Шарэндзе-Панасюк
Напісаць анлайн.


10 сутак арышту атрымаў 29-гадовы жыхар Светлагорска Арсеній Ягорчанка — у яго мабільным тэлефоне знайшлі «экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю»

29 верасня па месцы пражывання Арсеня быў праведзены ператрус, падчас якога пры аглядзе мабільнага тэлефона і знайшлі «экстрэмізм». Таксама была знойдзена бела-чырвона-белая сімволіка.

Арышт малады чалавек адбывае ў ізалятары часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС. Тэлефон канфіскаваны ў «даход дзяржаве».

Крыніца: Гомельская Вясна


У чарговы раз затрымалі былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, супраць Дулінай можа быць распачата крымінальная справа.

Гэта чацвёртае затрыманне Наталлі за гэты год.

U.P.D. Стала вядома, што супраць Наталлі Дулінай распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК  (Актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).


Былому футбалісту зборнай Беларусі прысудзілі 13 сутак арышту

Паводле інфармацыі @tribuna_by Васіль Хамутоўскі атрымаў 13 сутак адміністрацыйнага арышту за перасылку матэрыялаў з тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.

Нагадаем, былы футбаліст зборнай Беларусі і трэнер Васіль Хамутоўскі быў затрыманы 30 верасня. Пасля выбараў ён асудзіў гвалт і з’ехаў з краіны. Апошнім часам працаваў ва Украіне разам з Алегам Дулубам. Затрымалі Васіля пасля вяртання ў краіну.

Праўладныя каналы паведамлялі, што на Хамутоўскага завялі крымінальную справу.


МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» суполку Xinkalik у дадатку Zello, якім карыстаюцца кіроўцы

«Zello-рацыя» — дадатак, які дапамагае кіроўцам арыентавацца ў сітуацыі на дарогах. Карыстальнікі могуць аб'ядноўвацца ў суполкі, расказваць аб праблемах і прапаноўваць дапамогу. У некаторых каналах колькасць удзельнікаў дасягае 15 тысяч чалавек.

Крыніца: @mediazona_by


Сілавікі прымусілі затрыманага сцерці бела-чырвона-белы сцяг зубачысткаю з карціны

У адным з праўладных тэлеграм-каналаў з’явілася «пакаяльнае» відэа з вядучым інжынерам па абароне інфармацыі кампаніі «Parimatch» (так ён сам сябе называе).

Як вынікае з відэа, у 2020 годзе мужчына ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама адміністраваў дваровы чат. Імаверна, гаворка пра адзін з дваровых чатаў Кастрычніцкага раёну Мінску.

«У выніку, на знак капітуляцыі, вырашыў выправіць свой бчб-шны сцяг на белы. І не толькі на карціне», – гаворыцца ў паведамленні канала.

Крыніца: @belsat


Палітзняволенага Дзяніса Івашына 1 кастрычніка змясцілі ў карцэр

«Там звычайна бывае халадно, але на штодзённыя шпацыры ўсё адно выводзяць. І я нагадаю, што зь невядомай, як заяўляе начальнік гарадзенскай вязьніцы нават для яго пакуль прычыны, хоць ён асабіста адказвае за здароўе й жыцьці вязьняў, у Дзяніса адабралі паліто й дагэтуль не павярнулі.

Дык вось вязьня, які знаходзіцца амаль 24 гадзіны ў халодным бэтонным памяшканьні, бязь верхняй вопраткі выводзяць на пачатку кастрычніка на вуліцу, і нахабна заяўляюць, што гэта ўсё адпавядае іхным "інструкцыям"», — напісала жонка палітвязня.

Падтрымайце палітвязня: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну

Напісаць анлайн


За ўдзел у пратэстах затрыманы мінскі таксіст Андрэй Угначоў

Паводле папярэдніх дадзеных, затрыманне адбылося яшчэ ў жніўні. На «пакаяльным відэа» 34-гадовы мужчына кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а над ложкам у сваёй кватэры павесіў БЧБ-сцяг.


Дзмітрыя Семчанку арыштавалі на 13 сутак за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Былога тэлевядучага і экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула на АНТ Дзмітрыя Семчанку разам з жонкай затрымалі 15 верасня ў Мінску. Юлію пазней адпусцілі, а Дзмітрыя пакінулі за кратамі да суда.

Праз дзень мужчыну арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства), а Юліі прызначылі штраф у памеры 960 рублёў (30 базавых велічыняў) за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў. Пасля «сутак» на волю ён так і не выйшаў.

Крыніца @mediazona_by

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства