viasna on patreon

Затрыманні, ціск на палітвязняў, "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 21-22 верасня Дапоўнена

2022 2022-09-22T12:29:02+0300 2022-09-22T16:45:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/slizky.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-22 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

22 верасня

Віцебскія ўлады ліквідавалі грамадскую арганізацыю «Самакіраванне і грамадства»

Па ініцыятыве Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і па рашэнні Віцебскага абласнога суда пачаўся працэс ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Самакіраванне і грамадства».

Арганізацыя праіснавала больш за 11 гадоў і рэальна дапамагала мясцовым уладам, асабліва рэгіянальным Саветам дэпутатаў, развіваць мясцовае ўпраўленне і самакіраванне ўсімі даступнымі законнымі спосабамі. Нязменным кіраўніком арганізацыі быў палітык і грамадскі дзеяч Хрыстафор Жаляпаў.


ГУБАЗіК затрымаў мінчука Уладзіслава Бялова

Паведамляецца, што 25-гадовы хлопец нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы», «прытрымліваўся правых поглядаў» і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Сілавікі сцвярджаюць, што Уладзіславу ўжо прызначылі 15 сутак арышту.


Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

За апошні тыдзень «экстрэмісцкімі» матэрыяламі былі прызнаныя яшчэ некалькі чатаў, старонак сацыяльных сетак і нават кніга. Сярод іх наступныя:

  • Telegram-каналы «Народны аўтаінспектар Info», «ХОЙники», «Гомельский чат конструктивных изменений», «Гомель 97%», «ПР-Т ПОБЕДЫ ГОМЕЛЬ | Локальный чат»
  • Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде» и Telegram-чат «Задержания, суды в Лиде ЧАТ»
  • кніга Анатоля Тараса «Краткий курс истории Беларуси IXX – XXI вв»
  • інтэрнэт-крыніца «Belarus union», яе сацыяльныя сеткі
  • Youtube-канал «Хойники для жизни»
  • Viber-чат «1RegBY»
  • Tik-tok-канал «vladimirovich_live»
  • Telegram-чаты «Žyžal», «Media-Polesye.bу».

Затрыманне ў Маладзечна

Стала вядома пра ператрус у панядзелак у жыхаркі Маладзечна Алы Сямак. Пра яе цяперашні лёс пакуль нічога невядома.


ГУБАЗіК затрымаў гомельскага інжынера-праграміста

Затрыманага завуць Мікіта Карпенка, яго абвінавачваюць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне варожасці).

У «пакаяльным відэа» хлопец распавядае, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» суполкі ва «УКантакце» і ў адной з іх пакінуў абразлівы каментар. Таксама сілавікі чамусьці прымусілі хлопца агучыць свой заробак, а ў апісанні да відэа дадалі, што Мікіта мае біткоіны.


Праваабаронцу Насту Лойка сёння будуць судзіць паводле адміністрацыйнай справы

Яе справу а 12-ай гадзіне пачне разглядаць суд Фрунзенскага раёну г. Мінска.

Нагадаем, праваабронца была затрыманая 6 верасня пасля абвяшчэння прысуду каардынатарцы Валанцёрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай і яшчэ дзевяці палітвязням. Лойку абвінавацілі нібыта ў «дробным хуліганстве», за гэта суд пакараў яе 15 суткамі арышту.

Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту Наста на волю не выйшла.

UPD: Наста Лойка зноў арыштаваная на 15 сутак. Паведамляецца, што нібыта пасля выхаду з мінулых сутак Наста пачала «паводзіць сябе абуральна», за што і была зноў затрыманая. Судовы працэс праходзіў па Skype і разглядаўся суддзёй Юліяй Блізнюк. Сведкам выступаў супрацоўнік Фрунзенскага РУУС Талкачоў.


Затрыманы чарговы прадстаўнік IT-індустрыі 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Мінска Аляксея Кавальчука.

Паводле іх, 32-гадовы супрацоўнік кампаніі Artezio удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама пакідаў «абразлівыя каментары».


З'явілася інфармацыя пра затрыманне ў Мінску дырэктара праекта «Нязведаная вузкакалейка» Арцёма Слізкага

Хлопец — аматар чыгуначнага транспарту, займаўся арганізацыяй турыстычных паездак па вузкакалейках і стварэннем адпаведнага музея.


Палітвязень Мікалай Статкевіч зноў у ШІЗА

Пра гэта паведаміла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Спагнанні палітыку выпісваюць за адмову прыбіраць прагулачны дворык.

«Калі, нарэшце, адрамантавалі прагулачныя дворыкі і Мікалая пачалі выводзіць на паўгадзінную прагулку, ад яго пачалі патрабаваць гэтыя дворыкі прыбіраць за іншымі. Безумоўна, ён адмовіўся. Пенсіянер жа. У выніку кожная "прагулка" заканчваецца спагнаннем.

Я даведалася, што нашым "падзельнікам" (6 чалавек) прад'явілі чарговы «пазоў» ад ГП, усяго толькі на 22 мільёны (лічба недакладная, са словаў). А за што, ведаеце? За цяжкія працоўныя пазапланавыя высілкі "любіцеляў мастацтва" ў 2020-м. Асаблівая вытанчанасць у тым, што ўсе, без выключэнняў, нашы хлопцы былі арыштаваныя ў траўні-чэрвені 2020-га».


21 верасня

«Хапун» у Гродзенскай вобласці — затрымана не менш за 5 чалавек

У некалькіх гарадах вобласці адбыліся затрыманні.

Былі затрыманыя жыхаркі Ваўкавыску Шрубок Людміла, Краўчак Наталля і Юруць Лілія. Паводле папярэдняй інфармацыі, Людмілу і Наталля затрымалі пасля вяртання з Польшчы, Лілію — у сваёй кватэры. Правабаронцам вядома, што Шрубок і Юруць затрымлівалі на антываеннай акцыі пратэсту 27 лютага.

У Лідзе была затрыманая настаўніца гімназіі і мясцовы жыхар Васільеў Руслан. Жанчыну затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», мужчыну — за «заклікі супраціўляцца супрацоўнікам міліцыі ў 2020 годзе і за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Вядома, што Васільеву прызначылі 10 сутак арышту.


Восем палітвязняў былі пазбаўленыя вайсковых званняў

Указам Лукашэнкі ад 19 верасня былі пазбаўлены званняў 80 афіцэраў. «Наша Ніва» прааналізавала спіс былых вайскоўцаў і міліцыянтаў, сярод якіх — восем палітзняволеных:

Ягор Лебядок — вайсковы аналітык, які быў старшым лейтэнантам запасу. Яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК).

Яўген Бабак — былы памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска. Яго асудзілі да 4 гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту, а тксама за «распальванне варожасці».

Аляксандр Велясніцкі — старшы лейтэнант запаса, які пасля выбараў-2020 асудзіў гвалт з боку сілавікоў. Затрыманы 29 верасня 2021 года па «справе Зельцэра».

Ігар Букас — капітан міліцыі, якога 10 жніўня 2020 года затрымалі разам з сынам. Яго асудзілі на 4 гады калоніі за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК). Нядаўна Ігару ўзмацнілі рэжым і перавялі ў гродзенскую турму.

Уладзімір Шустаў — індывідуальны прадпрымальнік з Магілёва, раней быў камандзірам падраздзялення АМАП і супрацоўнікам службы аховы прэзідэнта. Быў моцна збіты падчас затрымання 10 жніўня 2020 года. Асуджаны да 3 гадоў калоніі паводле арт. 364 КК.

Аляксей Сянькоў — падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы, з 2012 года да 2021 года ён працаваў на розных пасадах у Следчым камітэце. 5 ліпеня 2021 года яго затрымалі на працоўным месцы і звольнілі па згодзе бакоў. Яго асудзілі да 2 гадоў калоніі за нядзельныя Маршы 16 і 23 жніўня 2020 года.

Алег Ермакоў — былы супрацоўнік пракуратуры, які знаходзіцца пад вартай з 10 лютага 2022 года. Яго абвінавачваюць у перадачы дадзеных супрацоўнікаў праваахоўных органаў інфармацыйным рэсурсам.

Наталля Лашч — былая супрацоўніца пракуратуры, якую затрымалі 17 жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы аб «зліве» інфармацыі ў «Чорную кнігу Беларусі» (арт. 130 КК). 


У Беларусі заблакавалі незалежны партал Blizko.by

Адпаведанае рашэнне прыняў Мінінфарм, піша CityDog. Сайт не адкрываецца ні з Беларусі, ні за мяжой. Сацсеткі сайта не абнаўляліся ад учора. Blizko.by пазіцыянаваў сябе як партал пра Мінск і Беларусь.


Мікалая Аўтуховіча змясцілі ў карцар на 10 сутак

Пра гэта ў інстаграме паведаміла ягоная дачка.

Нагадаем, Аўтуховіча, якога абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, утрымліваюць за кратамі ўжо больш за 21 месяц. Лісты ад вязня даходзяць толькі ягонай маці. З 11 ліпеня па 1 жніўня Аўтуховіч трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газет.


Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства