Прысуд Ксеніі Луцкінай вынесуць 28 верасня: пракурор просіць восем год зняволення
У Мінскім гарадскім судзе 21 верасня былая журналістка Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна выступіла з апошнім словам. Ксенію вінавацяць ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
Разглядае справу суддзя Таццяна Фалькоўская.
Палітзняволеная Ксенія Луцкіна да жніўня 2020 года працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, а затым сышла з пазіцыі карэспандэнта тэлеканала "Беларусь 2" і ўвайшла ў асноўны склад "Каардынацыйнага савета".
Пазней Ксенія казала аб тым, што разам з іншымі журналістамі, якія звольніліся, яны плануюць стварыць "альтэрнатыўнае тэлебачанне" на YouTube. Праект развіваўся ў тым ліку пры ўдзеле Акадэміі Прэс-клуба. Першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені 2021.
Ксенію затрымалі 22 снежня 2020 ў Мінску на бульвары Мулявіна. На працягу чатырох гадзін у яе дома праходзіў ператрус. У журналісткі канфіскавалі камп'ютар, тэлефон, флэшкі і дакументы.
З таго часу журналістка ўтрымлівалася ў СІЗА-1 Мінска.
У сваім апошнім слове журналістка Ксенія Луцкіна ўзгадала дні разам з сынам перад затрыманнем:
— 21 снежня 2020 года мы з сынам прыбіралі елку, рыхтаваліся да любага свята. У мяне было адчуванне, што ўсе будзе добра. Раніцай 22 снежня я праводзіла Мацвея ў школу, абняла і пацалавала. Я і сёння адчуваю гэтыя абдымкі. Я засынаю і прачынаюся з гэтым адчуваннем. Наша елка стаіць у хаце ўжо 21 месяц. Мацвей нікому не дае яе прыбраць — ён чакае маму.
Ксенія сказала, што яе галоўнае жаданне сёння — вярнуцца да сына:
— Яму патрэбна маці. Не сябра, не проста дарослы побач, а маці. Чалавек, які кожны дзень дорыць пачуццё неабмежаванай любві, пачуццё бяспекі, дорыць тое самае дзяцінства. Больш за ўсё я хачу вярнуць веру ў дабрыню і справядлівасць. Я хачу выхаваць чалавека, грамадзяніна, чалавека, які ўмее рабіць правільныя высновы. Вярхоўны суд, прашу аб літасці і гуманнасці, аб магчымасці вярнуцца ў грамадства і прыносіць яму карысць, загладзіць сваю віну словам і справай. Мой сын мае патрэбу ўва мне.
Таксама ў апошнім слове Ксенія нагадала аб сваёй хваробе і неабходнасці ў медыцынскай дапамозе спецыялістаў на свабодзе.
Прысуд Ксеніі Луцкіной будзе абвешчаны 28 верасня ў 15 гадзін.
Абвінавачанне запрасіла для журналісткі Ксеніі Луцкінай восем год калоніі