Затрыманне за данаты і паведамленні ў ЧКБ, новае "экстрэмісцкае фармаванне": хроніка пераследу 2 жніўня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 2 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За данаты затрымалі мужчыну
На "пакаяльным відэа" ён "прызнаецца" ў тым, што быў падпісаны на "экстрэмісцкія каналы", чатыры разы фінансаваў "экстрэмісцкія фармаванні", а таксама нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана "Перамога".
Паводле інфармацыі "Наша Ніва", затрыманы — Чэслаў Герасімовіч. Мужчына працуе ў IT-сферы і нядаўна вярнуўся ў Беларусь з Вільні.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 12 чалавек — цяпер у ім 4273 прозвішча
2 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі палітзняволеную Кацярыну Новікаву, фінансавага кансультанта Уладзіміра Нікіціна, грамадзяніна Расіі Аляксея Кулікова.
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — "Нацыянальна-дэмакратычная платформа"
Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 29 ліпеня.
Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы маюць Віталь Макаранка і Анатоль Фёдараў.
За паведамленні ў бот "Чорнай кнігі Беларусі" затрымалі мужчыну
Сцвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, быў падпісаны на "экстрэмісцкія рэсурсы", а таксама дасылаў інфармацыю ініцыятывае "Чорная кніга Беларусі".
На тэлефоне ў затрыманага знайшлі відэа з акцый пратэсту — сілавікі пагражаюць затрыманнямі тым, каго знойдуць на іх.