За распаўсюд улётак з заклікам лічыць галасы сумленна палітвязняў асудзілі да трох гадоў калоніі
Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Мінска агучылі прысуд палітвязням Аляксею Хількевічу і Раману Лабанаву.
Суддзя Кацярына Мурашка прызнала іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса. Мужчын асудзілі за рассылку лістоў выбарчым камісіям з заклікам лічыць галасы выбаршчыкаў сумленна і прызначылі пакаранне: па тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Як сродкі здзяйснення злачынства канфіскаваныя тэлефоны палітвязняў.
Хількевіч мусіць выплаціць працэсуальныя выдаткі ў памеры 2754 рублі 2 капейкі. Лабанаў — 560 рублёў 18 капеек. Капэрты, каробкі, лісты паперы з тэкстам, паштовыя маркі з матэрыялаў справы мусяць быць знішчаныя.
Вядома, што Хількевіч быў затрыманы 17 лютага, а Лабанаў — 18 лютага 2022 года.
Нагадаем, 23 жніўня прысуд па гэтым жа артыкуле агучылі ў судзе Маскоўскага раёна Брэста. 18-гадоваму палітвязню-першакурсніку Раману Карпуку прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за адпраўку 99 лістоў членам камісій па рэферэндуму ад імя «палітычных» суддзяў. «Я хацеў, каб рэферэндум прайшоў справядліва і па законе», — казаў ён.