Заява "Вясны" з нагоды вынясення прысудаў Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку
Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна"
6 верасня 2022 г.
Сёння калегія Мінскага гарадскога суда пад старшынствам суддзі Сяргея Хрыпача асудзіла праваабаронцу, каардынатарку Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марфу Рабкову, валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка, а таксама васьмярых палітзняволеных анархістаў: Аляксандра Францкевіча, Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянку, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранца, Андрэя Марача, Данііла Чуля — да працяглых тэрмінаў зняволення, у тым ліку Марфу Рабкову — да 15 гадоў, Андрэя Чапюка — да 6 гадоў у папраўчай калоніі.
Вясноўцам Марфе — 15 гадоў калоніі, Андрэю — 6: агучаны прысуды адразу дзесяці палітзняволеным
Усе пералічаныя асобы былі адвольна асуджаныя за мірную рэалізацыю свайго права на мірныя сходы, свабоду выказвання меркаванняў і асацыяцыі, а Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк таксама — за негвалтоўную дзейнасць, скіраваную на абарону правоў чалавека і асноўных свабод.
Аб'ектыўнае расследаванне па гэтай справе было падменена надзвычай расцягнутым па часе штучным падборам эпізодаў і тэндэнцыйным тлумачэннем сфабрыкаваных доказаў, што раней неаднаразова былі прадметам ацэнкі праваахоўнымі органамі падчас розных праверак і расследаванняў, якія не знаходзілі ў дзейнасці абвінавачаных складу якога-небудзь злачынства або вызначалі недатычнасць да іх фігурантаў. Таму можна сцвярджаць, што сапраўднымі мэтамі папярэдняга следства было стварэнне ўмоў для пазбаўлення волі пералічаных асобаў за іх перакананні, мірную рэалізацыю сваіх канстытуцыйных і агульнапрызнаных правоў, а ў дачыненні да Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка — за бескампрамісна легітымную дзейнасць у Праваабарончым цэнтры "Вясна", вядомым сваёй непахіснай прыхільнасцю да выключна мірных спосабаў абароны правоў чалавека і асноўных свабод.
Судовы разгляд, праведзены ў парушэнне духу і літары працэсуальных гарантый у закрытым рэжыме, у адсутнасць публікі, з забаронай пад пагрозай крымінальнай адказнасці на распаўсюд звестак, якія былі прадметам разгляду, у тым ліку — доказаў абвінавачвання, частка якіх была атрыманая з прымяненнем катаванняў, і іх ацэнкі судом, пазіцыі абвінавачаных і іх абаронцаў, довадаў у абарону абвінавачаных. Абуральныя парушэнні канстытуцыйных і агульнапрызнаных правоў абвінавачаных не дазваляюць успрымаць прысуд у якасці акту правасуддзя, які вызначыў віну і ўхіліў сумневы ў абгрунтаванасці абвінавачвання і адпаведнасці выкарыстаных доказаў прынцыпам датычнасці і дапушчальнасці.
Прысуд у адносінах да Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка стаў чарговым актам рэпрэсій у дачыненні да Праваабарончага цэнтра "Вясна", яго сябраў і валанцёраў. Так, у калоніі працягваюць утрымлівацца юрыст гомельскай філіі "Вясны" Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца, у следчым ізалятары трымаюць кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага, сябра Рады "Вясны" і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, юрыста і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча. Праз арышты і ператрусы прайшлі дзясяткі праваабаронцаў, якія доўгі час працавалі ў арганізацыі, у тым ліку Сяржук Сыс, Алена Лапцёнак, Віктар Сазонаў, Андрэй Палуда, Алег Мацкевіч, Алесь Капуцкі і іншыя.
Рэпрэсіі супраць "Вясны" і яе сябраў з'яўляюцца часткай больш шырокіх рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі: улады закрылі больш за 800 грамадскіх арганізацый, у выніку чаго ў краіне не засталося ніводнай праваабарончай НДА, якая легальна дзейнічае.
1 323 чалавекі прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтымі падзеямі Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў чарговы раз заяўляе:
- ПЦ "Вясна" і нашы калегі-праваабаронцы ў краіне і па-за яе межамі ажыццяўляе мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, гарантаваных як Канстытуцыяй краіны, гэтак і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека. Любы ціск і пераслед сябраў нашай арганізацыі за ажыццяўленне такой дзейнасці з'яўляецца палітычна матываваным пераследам, які мае на мэце паслабленне і знішчэнне нашай арганізацыі і наогул — свабоды асацыяцый у Беларусі.
- Мы ўпэўнена заяўляем, што сапраўдным матывам пераследу з'яўляецца наша агульная з усёй праваабарончай супольнасцю Беларусі бескампрамісная барацьба за сцвярджэнне і прасоўванне правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў, супраць катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, а таксама нашы дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў.
- У гэтай сувязі мы дзякуем нашым калегам-праваабаронцам з Беларусі, міжнародным і замежным праваабарончым арганізацыям, актывістам і палітыкам, дэмакратычным урадам і іх прадстаўнікам, грамадзянам за падтрымку нашай дзейнасці і выступы ў падтрымку нашых зняволеных калегаў.
- Мы выказваем рашучы пратэст з нагоды асуджэння Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка, працягу рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі наогул і заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці.
- Мы патрабуем неадкладна вызваліць Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка, а таксама Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу.
- Мы падкрэсліваем недапушчальнасць асуджэння васьмярых палітзняволеных анархістаў выключна праз іх перакананні і негвалтоўную рэалізацыю сваіх правоў і свабод.
- Мы патрабуем спыніць рэпрэсіі ў краіне і вызваліць усіх палітычных зняволеных.
- Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і праваабаронцаў усіх краін выказаць свой рашучы пратэст супраць працягу грубага парушэння правоў чалавека і пераследу праваабаронцаў у Беларусі.