Палітзняволеную шматдзетную маці Юлію Лаптановіч асудзілі да 5 гадоў калоніі
У Гродзенскім абласным судзе 18 ліпеня агучылі прысуд актывістцы з Пружанаў Юліі Лаптановіч, якую ўтрымліваюць за кратамі дзевяць месяцаў. Суддзя Віктар Сянько прызнаў палітзняволеную вінаватай па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзіў да пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, суд прызначыў Лаптановіч штраф у памеры 2 650 рублёў. Віну сваю Юлія прызнала часткова.
Юлія і ейны палітзняволены муж Ігар Лаптановіч — актывісты з Пружанаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. На волі іх чакаюць трое дзяцей.
Нагадаем, мужа і жонку асудзілі 4 жніўня 2021 года ў Брэсце па «справе карагодаў» за падзеі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы вадзілі карагод і спявалі песні, а іх разагналі вадамётам. Тады Ігара асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі, а Юлію — да трох гадоў «хатняй хіміі». Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду, 13 кастрычніка 2021 года, дома ў Юліі прайшоў ператрус, пасля якога яе затрымалі ў межах новай крымінальнай справы.
Палітвязня па "справе карагодаў" Ігара Лаптановіча асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, а ягоную жонку — да 3 гадоў "хатняй хіміі"
Як паведамляў Следчы камітэт, падчас допыту Юлія распавяла, што ў ліпені мінулага года ў сацсетках з ёй звязаўся карыстальнік, які прапанаваў фінансавую падтрымку за прадастаўленне інфармацыі аб службовых асобах, якія ажыццяўлялі ў дачыненні да яе сям'і крымінальны пераслед. Жанчына пагадзілася праз цяжкае матэрыяльнае становішча, бо выхоўвае траіх непаўнагадовых дзяцей, а муж знаходзіцца ў калоніі. Паведамляецца, што шматдзетная маці выканала ўсе ўмовы суразмоўцы і атрымала грашовы перавод на суму больш за 500 еўра. Акрамя гэтага, на рахунак абвінавачанай пераводзіліся грошы, якія яна перадавала сваім знаёмым у якасці фінансавай дапамогі з-за мяжы. Лаптановіч нібыта перадала інфармацыю аб персанальных дадзеных і дзейнасці службовых асобаў сваёй знаёмай, у якой быў выхад на экстрэмісцкія телеграм-каналы. Усе звесткі былі апублікаваныя, а пацярпелым, як сцвярджае следства, паступалі пагрозы і абразы ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.
14 ліпеня на судовым пасяджэнні пракурор запрасіў для Юліі пяць гадоў калоніі, а таксама пакараць яе штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (3 200 рублёў).
Пракурор просіць прызначыць палітзняволенай Юліі Лаптановіч 5 гадоў калоніі
18 ліпеня Лаптановіч прызналі вінаватай паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 188 (Паклёп); ч. 1 арт. 13 арт. 369 (Стварэнне ўмоваў для здзяйснення абразы прадстаўніка ўлады); ч. 1 арт. 1 арт. 389(Стварэнне ўмоваў для здзяйснення пагрозы ў дачыненні да суддзі); ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 366 (Садзейнічанне да пагрозы гвалтам у дачыненні да службовай асобы); ч. 3 арт. 203-1(Незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальнай інфармацыі); ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Віктар Сянько вынес прысуд — пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 80 базавых велічыняў (2 650 рублёў). Таксама суд пастанавіў сплаціць 5 000 рублёў маральнай кампенсацыі на карысць аднаго пацярпелага пракурора.
Падтрымайце Юлію бандэролькамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі салідарнасці па адрасе:
Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1
Юлія Аляксандраўна Лаптановіч
Падтрымайце Ігара:
ПК № 3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба
Ігар Анатольевіч Лаптановіч