viasna on patreon

Пракурор просіць прызначыць палітзняволенай Юліі Лаптановіч 5 гадоў калоніі

2022 2022-07-14T16:31:01+0300 2022-07-14T16:38:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/laptanovich_yu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гродзенскі абласны суд 4 ліпеня пачаў разглядаць крымінальную справу актывісткі з Пружанаў Юліі Лаптановіч. Судовы працэс вядзе суддзя Віктар Сянько. Год таму Юлію і яе мужа Ігара асудзілі па "справе карагодаў". Ігара адправілі ў калонію, а жанчыне прысудзілі "хатнюю хімію". Праз некалькі месяцаў Юлію затрымалі па новай крымінальнай справе. Цяпер палітзняволеную, якую ўтрымліваюць за кратамі ўжо дзевяць месяцаў, абвінавачваюць па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Пракурор просіць пакараць шматдзетную маці пяццю гадамі калоніі і штрафам у памеры 3 200 рублёў. Прысуд будзе агучаны 18 ліпеня.

laptanovich_yu.jpg
Юлія Лаптановіч

Пераслед сям’і Лаптановічаў

Юлія і Ігар Лаптановічы — актывісты з Пружанаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. На волі іх чакаюць трое дзяцей.

Мужа і жонку асудзілі 4 жніўня 2021 года ў Брэсце па «справе карагодаў» за падзеі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы вадзілі карагод і спявалі песні, а іх разагналі вадамётам. Тады Ігара асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі, а Юлію — да трох гадоў «хатняй хіміі». Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду, 13 кастрычніка 2021 года, дома ў Юліі прайшоў ператрус, пасля якога яе затрымалі ў межах новай крымінальнай справы. У палітзняволенай за час зняволення ў СІЗА №7 выявіўся апендыцыт. Жанчыне зрабілі аперацыю і цяпер яе стан добры.

Вядома, што ад Юліі не дайшло ні аднаго ліста з моманту, як жанчыну этапавалі ў гарадзенскую турму.

Палітвязня па "справе карагодаў" Ігара Лаптановіча асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, а ягоную жонку — да 3 гадоў "хатняй хіміі"

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 4 жніўня вынеслі прысуды сёмай групе па "карагоднай" крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У чым абвінавачваюць шматдзетную маці?

Юліі Лаптановіч прад’явілі абвінавачванні па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • арт. 188 (Паклёп);
  • ч. 1 арт. 13 арт. 369 (Стварэнне ўмоваў для здзяйснення абразы прадстаўніка ўлады);
  • ч. 1 арт. 1 арт. 389 (Стварэнне ўмоваў для здзяйснення пагрозы ў дачыненні да суддзі);
  • ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 366 (Садзейнічанне да пагрозы гвалтам у дачыненні да службовай асобы);
  • ч. 3 арт. 203-1 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальнай інфармацыі);
  • ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Следчы камітэт паведаміў, што падчас допыту Юлія распавяла, што ў ліпені мінулага года ў сацсетках з ёй звязаўся карыстальнік, які прапанаваў фінансавую падтрымку за прадастаўленне інфармацыі аб службовых асобах, якія ажыццяўлялі ў дачыненні да яе сям'і крымінальны пераслед. Жанчына пагадзілася праз цяжкае матэрыяльнае становішча, бо выхоўвае траіх непаўнагадовых дзяцей, а муж знаходзіцца ў калоніі. Паведамляецца, што шматдзетная маці выканала ўсе ўмовы суразмоўцы і атрымала грашовы перавод на суму больш за 500 еўра. Акрамя гэтага, на рахунак абвінавачанай пераводзіліся грошы, якія яна перадавала сваім знаёмым у якасці фінансавай дапамогі з-за мяжы. Лаптановіч нібыта перадала інфармацыю аб персанальных дадзеных і дзейнасці службовых асобаў сваёй знаёмай, у якой быў выхад на экстрэмісцкія телеграм-каналы. Усе звесткі былі апублікаваныя, а пацярпелым, як сцвярджае следства, паступалі пагрозы і абразы ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.

14 ліпеня на судовым пасяджэнні пракурор запрасіў для Юліі пяць гадоў калоніі, а таксама пакараць яе штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (3 200 рублёў). Прысуд палітзняволенай будзе агучаны ў панядзелак, 18 ліпеня.


Падтрымайце Юлію бандэролькамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Юлія Аляксандраўна Лаптановіч

Падтрымайце Ігара:

ПК № 3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Ігар Анатольевіч Лаптановіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства