"Стаялі ў счэпцы локцямі". У Мінску вынеслі яшчэ два прысуды за падзеі 2020-га года
У судзе Заводскага раёна горада Мінска вынеслі чарговы прысуд па крымінальнай справе за падзеі 2020-га года. Асуджаныя — Аляксандр Казлоўскі і Аляксандр Цярэшка, абодвум па 26 гадоў.
Іх прызналі вінаватымі ў частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі — "арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і якія спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту".
Судовы працэс пачаўся 11 ліпеня. І, як устанавіў суд, Казлоўскі і Цярэшка 27 верасня 2020 года на праспекце Незалежнасці ў Менску “стаялі ў счэпцы локцямі ў першым шэрагу” грамадзян, якія ішлі па праезнай частцы. У выніку гэтага, па версіі следства, быў блакаваны рух грамадскага транспарту і адбыўся збой у яго працы.
Ні Казлоўскі, ні Цярэшка сваю віну не прызналі.
Суддзя Анжэла Касцюкевіч вынесла прысуд:
- Аляксандру Цярэшку — абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая "хатняя хімія") на тэрмін два гады і шэсць месяцаў,
- Аляксандру Казлоўскаму — пазбаўленне волі ў калоніі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў, а таксама прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Суддзя патлумачыла сваю пазіцыю па Казлоўскаму тым, што раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, і «шэраг злачынстваў здзейсніў у стане алкагольнага ап'янення».
Суддзя Анжэла Касцюкевіч неаднаразова вынасіла прысуды па палітычна матываваных справах. Напрыклад, менавіта яна асудзіла:
- на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму палітвязня Андрэя Папова,
- на тры гады калоніі агульнага рэжыму палітзняволенага грамадзяніна Украіны Міхаіла Феранца,
- па два з паловай гады палітзняволеных “нашаніўцаў” Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко
- на два гады “хатняй хіміі” Вольгу Сінялёву, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліне Касьянчык
- а таксама напісала заяву ў пракуратуру на адваката Андрэя Мачалава, які быў абаронцам у Вольгі Сінелёвай — пазней ужо экс-адваката асудзілі на два гады “хіміі”