"Бунтар хацеў заклікаць вайскоўцаў адмовіцца забяспечваць правапарадак падчас пратэстаў": як судзілі за імітацыю сілавой акцыі вайсковага пенсіянера Нешту з Баранавіч
23 чэрвеня суд Баранавіцкага раёна і Баранавіч асудзіў вайсковага пенсіянера Дзмітрыя Нешту па тэрарыстычным артыкуле 289 Крымінальнага кодэкса і за выраб "кактэйляў Молатава" па ч. 1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленнем звання "падпалкоўніка". Пад вартай ён утрымліваецца дзевяць месяцаў, КДБ уключыла яго ў "спіс тэрарыстаў". На працэсе стала вядома, што адной з прычын правядзення Дзмітрыем акцыі стаў бунт зняволеных у бабруйскай калоніі ў жніўні 2020 года, дзе пакаранне адбываў яго сын. Пасля гэтага Дзмітрый валанцёрыў пад СІЗА-6 — каб выкрыць валанцёраў і іх мэты, намеснік начальніка баранавіцкага СІЗА пераапранаўся ў цывільнае адзенне і праводзіў час з валанцёрамі пад сценамі ўстановы. Наконт валанцёрства Нешты ў судзе дапыталі яго, а таксама электраманцёра СІЗА-6. Таксама на судзе быў дапытаны знаёмы Нешты палітвязень з "хіміі", а таксама начальнік аддзела крымінальнага вышуку Віцебскага РУУСа. Дзмітрый на судзе прызнаў віну часткова і не пагадзіўся з кваліфікацыяй сваіх дзеянняў. Справу ў адкрытым рэжыме разглядала суддзя Юльяна Шчэрба пры дапамозе народных засядацельніц, а дзяржабвінавачванне падтрымлівала Святлана Пасемко. "Вясна" распавядае, як судзілі Дзмітрыя Нешту.
Хто такі Дзмітрый Нешта?
Дзмітрый Нешта – вайсковы пенсіянер, працаваў у Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе. Яго затрымалі 26 кастрычніка 2021 года. Адразу супраць Нешты ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 14 і ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса (замах на наўмыснае знішчэнне маёмасці), але потым справу перакваліфікавалі на арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). КДБ унёс яго ў “спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.
На суд прыязджала дзяржаўнае брэсцкае тэлебачанне. Вось, што ў сюжэце казалі пра Нешту на працэсе:
"Падсудны паводзіў сябе вельмі ўпэўнена: раіўся з адвакатам і, здаецца, нават усміхаўся".
У чым абвінавацілі вайсковага пенсіянера?
Па матэрыялах следства, Дзмітрый Нешта 26 верасня 2020 года, знаходзячыся ў гаражы ў Баранавічах, незаконна вырабіў тры "кактэйлі Молатава", дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, а потым перанёс іх да аўтамабільнай стаянкі, размешчанай каля адной з вайсковых частак, дзе ўжыў іх пры здзяйсненні акту тэрарызму.
Ён жа, знаходзячыся паблізу аўтамабільнай стаянкі, у мэтах аказання ўздзеяння на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь адной з вайсковых частак, жадаючы выклікаць у іх адмову ад выканання службовых абавязкаў па аказанні дапамогі супрацоўнікам праваахоўных органаў у забеспячэнні законнасці і правапарадку падчас масавых беспарадкаў на тэрыторыі Баранавіч, маючы намеры шляхам падпалу прычыніць цяжкія наступствы ў выглядзе знішчэння аўтамабіляў, што належалі вайскоўцам і размяшчаліся на аўтастаянцы, усёй маёмасці ў памеры на суму 59 039 рублёў 78 капеек, дзейнічаючы агульнанебяспечным спосабам, кінуў тры "кактэйлі Молатава" з запаленымі кнотамі ў аўтамабілі, якія належалі вайскоўцам, пасля чаго, пераканаўшыся, што яны ўспыхнулі, сыйшоў з месца здарэння.
“Сваім учынкам бунтар хацеў заклікаць вайскоўцаў вайсковай часткі 7404 адмовіцца ад выканання службовых абавязкаў прадастаўляць дапамогу органам унутраных спраў у забеспячэнні правапарадку падчас пратэстаў”, — сказалі ў сюжэце дзяржаўнага тэлебачання.
Віну па ч. 1 арт. 295 КК Нешта прызнаў цалкам, аднак па ч. 1 арт. 289 не прызнаў і паказаў, што пры падаўленні масавых мерапрыемстваў сілавікі былі занадта жорсткія, і ён вырашыў паўплываць на сітуацыю, данесці да прадстаўнікоў улады сваю пазіцыю аб недапушчэнні прымянення імі фізічнай сілы. Ён вырашыў заклікаць вайскоўцаў вайсковай часткі 7404 да адмовы ад выканання сваіх службовых абавязкаў па аказанні дапамогі органам унутраных спраў па забеспячэнні правапарадку, названай мэты можа дамагчыся шляхам кідка кактэйляў на тэрыторыю вайсковай часткі.
Па справе выступалі дванаццаць сведак і шэсць пацярпелых.
Што казаў сам Дзмітрый на судзе?
На судзе Дзмітрый Нешта даваў паказанні і растлумачыў, што адна з прычын, якая падштурхнула на здзяйсненне акцыі — бунт зняволеных у бабруйскай калоніі ў жніўні 2020 года, у якой на той момант адбываў пакаранне яго сын. На яго думку, бунт мог быць жорстка падаўлены.
“Да выбараў 2020 года я як дзяржаўны чалавек бачыў і станоўчыя бакі і недахопы. Па родзе сваёй дзейнасці я выяўляў прынцыповасць, настойлівасць у дасягненні мэты. Перад выбарамі ў мяне нават выклікала ўсмешку ўсё гэта мерапрыемства, масавыя беспарадкі, у сувязі з тым, што мая пазіцыя была такая што, калі чалавек нешта хоча, то трэба пачынаць са сваёй дзейнасці штодзённай, на працы і г.д., а калі такія масавыя мерапрыемствы, усе выходзяць такія незадаволеныя, у курылках, у краме, лаюцца, а на працы служыш. Галаву апусцілі і робяць, як ім кажуць. Праз усе гэтыя мерапрыемствы, якія былі ў перадвыбарнай кампаніі, я меркаваў, што ў гэтай абстаноўцы не можа быць гэтых адсоткаў — 80% — якія былі агучаныя пасля гэтага.
6 жніўня я лёг у бальніцу, мяне прааперавалі, быў у лячэбна-дыягнастычным цэнтры ў Баранавічах. Аналізаваў абстаноўку, якая адбываецца. 9 жніўня схадзіў прагаласаваў на свой участак. І так як былі праблемы з інтэрнэтам, то па тэлевізары чакаў вынікаў выбараў. І я не меркаваў, што перадвыбарная гонка дазволіць паказаць вынік 80%. Для мяне ён быў шакавальным, нечаканым. Я зразумеў, што ў краіне нешта пачалося. Камусьці было выгадна, каб пачаліся масавыя беспарадкі, міліцыя пачала іх разганяць. Для мяне гэта быў шок. Навошта, калі можна было спланаваць усё досыць менш абуральна, каб не было такім трыгерам для ўзняцця масавых беспарадкаў? Пасля гэтага працягнуў лячэнне, назіраў па тэлевізары, інтэрнэт-рэсурсы і г.д., аналізаваў сітуацыю, якая адбываецца ў краіне праз усе магчымыя інтэрнэт-рэсурсы, якія былі.
Праз тыдзень мне дзесьці паведамілі пра тое, што пасля выбараў адбыўся бунт у Бабруйску ў папраўчай калоніі, а там у мяне ў той час сын адбываў пакаранне. Бачачы тое, што адбываецца на волі, я проста трошкі... як жа там бунт душыцца, што там можа быць. Пры гэтым, я цалкам падтрымліваю дзяржаву на прымяненне фізічнай сілы, разумеў, што павінен захоўвацца прынцып законнасці і адэкватнасці прымянення гэтай фізічнай сілы. У шпіталі, акрамя як аналізаваць тое, што адбываецца мне не заставалася. Пры гэтым я думаў, чым я магу ў гэтай сітуацыі дапамагчы. Дыялогу няма, так, наламалі дроў, асабліва ў першыя дні, і пры гэтым не ідзе ніякага дыялогу, усё душыцца сілавымі метадамі”.
Пракурорка запытала, чаму Нешта выбраў менавіта вайсковую частку 7404. Абвінавачаны вельмі падрабязна растлумачыў:
“Ведаў, што ёсць такая вайсковая частка. Ведаў, што некаторыя пратэстоўцы пацярпелі ад вайскоўцаў гэтай вайсковай часткі, машыны і г. д.
Не імкнучыся заклікаць да адмовы ад выканання задання, але пры гэтым прымусіць задумацца пра тое, як вы — праваахоўныя органы — выконваеце гэтыя задачы. Мне нагадвала гэта — прафесіянал павінен выходзіць выконваць пастаўленыя задачы з халоднай галавой і гарачым сэрцам. Тое, што я бачыў пасля жніўня, гэта маё ўражанне, працавалі гарачыя галовы. Гэта мяне моцна, як вайскоўца, пакарабаціла. Сапхнулі беларусаў з беларусамі, ідзе такая эскалацыя, дыялогу няма.
Я вырашыў шукаць спосабы, як паўплываць станоўча на сітуацыю. З гэтай мэтай я абдумваў пытанне запісаць на прыём да камандзіра брыгады, старшыні гарадскога выканаўчага камітэта. Пры гэтым я ўсведамляў, ацэньваў абстаноўку, эфектыўнымі гэтыя мерапрыемствы не будуць. Фармальна можна схадзіць на прыём, але я ўсведамляў, што ў лепшым выпадку мяне не пачуюць, у горшым мяне пасадзяць на суткі за тое, што я ўмешваюся ў працу дзяржаўных органаў. Таму мной было прынята рашэнне правесці імітацыю сілавой акцыі. Я разумеў, што адмовы ад выканання пастаўленых заданняў не будзе, але праз даклады аператыўных дзяжурных службаў вайскоўцаў, кожны з іх задумаецца, як выконваць пастаўленыя задачы, без неабгрунтаванай жорсткасці да людзей.
Было тры варыянты. Першы — выбіраў аб'екты, як мінімізаваць шкоду, наступствы, пазбегнуць гібелі людзей, нанясення ім цялесных нават лёгкіх пашкоджанняў і г. д. Усе гэтыя аспекты мной ацэньваліся. І ў сувязі з гэтым, ведаючы, што ёсць стаянка ўнутраных войскаў, якая не ахоўваецца, побач знаходзіцца пустка, дзе будуюцца будынкі, побач знаходзіцца пажарная каманда, дзяжурныя службы ездзяць, дзяжурная служба вайсковай часткі, бескантрольна гэта не застанецца, нават калі нешта пойдзе не так. Планаваў зрабіць “кактэйль Молатава”, каб яго дзеянне было мінімальным. Ведаючы, прайшоўшы вакол стаянкі, шляхі адыходу, падыходу, размяшчэнне камер, высветліў, што паверхня самой стаянкі досыць гіграскапічная, г.зн. добра ўбірае паверхню. Для мацнейшага эфекту планаваў пры вырабе “кактэйляў Молатава” больш пустога месца. У мяне яшчэ было пытанне, як правільна зымітаваць, каб не пашкоджваць, але каб выглядала вельмі пераканаўчай імітацыяй спробы няўдалага тэракту. Таму, разгледзеўшы ўсе варыянты, я абраў “кактэйлі Молатава”. Таму нават калі не пашкодзіць, упадзе побач, эфект будзе. Візуалізацыя добрая. Мой пасыл дойдзе да адрасата. З гэтай мэтай я рабіў кактэйль, дзеянне якога мінімальнае”.
Дзяржаўная абвінаваўца звярнула ўвагу, што паказанні Дзмітрыя Нешты на судзе значна адрозніваюцца ад тых, якія ён даваў падчас следства. На гэта абвінавачаны на судзе сказаў:
“Мае паказанні падчас следства звязаныя з тым, што я не жадаў ствараць канфлікт са следствам і баяўся, што калі буду супярэчыць версіі следства, то ўмовы майго ўтрымання могуць змяніцца не ў лепшы бок”.
На пытанне пра тое, ці добраахвотна Дзмітрый даваў паказанні, ён адказаў:
“Скарыстаюся правам не адказваць на гэтае пытанне”.
Тады дзяржабвінавачванне запытала, ці быў пратакол допыту запісаны з ягоных словаў. На гэта Дзмітрый шматзначна адказаў:
“Магчыма. На ўсе паказанні пасля 19 студзеня 2022 года я хачу скарыстацца правам артыкула 27 Канстытуцыі”.
Больш тлумачыць гэтыя словы абвінавачаны адмовіўся.
На судзе ён дакладна акрэсліў мэты сваёй акцыі:
“Уздзейнічаць, каб выконвалі [вайскоўцы] свае абавязкі ў рамках прававога поля. Не адмовы ад выканання сваіх абавязкаў, а каб выконвалі свае абавязкі ў рамках прававога поля без неабгрунтаванай жорсткасці, без неабгрунтаванай агрэсіі”.
Што казалі пацярпелыя па справе?
Па справе былі дапытаныя шэсць пацярпелых з вайсковай часткі 7404: кіроўца, кантралёр, начальнікі службы і варты.
З паказанняў пацярпелых на судзе стала вядома, што вайскоўцы баранавіцкай часткі 7404 сапраўды ажыццяўлялі дапамогу супрацоўнікам міліцыі для "аховы правапарадку".
Кіроўца Павел Бутрулій распавёў, што ў выніку выбуху “кактэйля Молатава” на паркоўцы было разбіта лабавое шкло ў ягонай машыне. Вайсковец адразу зразумеў, што гэта акт запужвання і "адчуваў перажывання". Стала вядома, што сваякі Нешты ўжо выплацілі яму кампенсацыю за пашкоджанне машыне і маральную кампенсацыю — 352 рублі. Бутрулій працягвае карыстацца той машынай і прасіў строга не караць абвінавачанага.
Кантралёр Станіслаў Бычак, які дапамагае этапаваць зняволеных у вагонах, распавёў, што 26-га верасня ён быў у камандзіроўцы і пра інцыдэнт яму паведамілі па тэлефоне. Калі ён вярнуўся, то ўбачыў каля сваёй машыне толькі чорныя сляды, а пашкоджанняў на самой машыне не было. Ён распавёў, што ў жніўні і верасні сапраўды аказваў садзейнічанне органам унутраных спраў, а менавіта “спыненне масавых беспарадкаў”. На судзе ён заявіў, што не мае ніякіх прэтэнзій да Нешты.
Начальнік службы Сяргей Каржукоў 26-га знаходзіўся ў КПП, калі ўбачыў па відэакамерах тры ўспышкі на паркоўцы. Адразу выклікалі следчую групу, міліцыю і камандзіра часткі. Машына Каржукова таксама знаходзілася на паркоўцы, але яна не была ніяк пашкоджана, таму вайсковец не заяўляў патрабаванняў аб кампенсацыях.
На судзе дапыталі начальніка варты Пышнага, але 26-га ён быў у Гродне і па тэлефоне яму паведамілі, што на паркоўцы “ледзь не была пашкоджана яго машына”. Ён распавёў, што з вайскоўцамі праводзяцца трэніроўкі і навучанне на выпадак пазаштатных сітуацый — "бунты, масавыя беспарадкі, уцёкі".
Яшчэ адзін начальнік варты Юрый Шулейка на працэсе распавёў, што таксама быў у камандзіроўцы, калі адбылася акцыя на паркоўцы. Яго машына таксама знаходзілася 26-га на паркоўцы вайсковай часткі, але яна не была пашкоджана.
На судзе дапыталі палітвязня з “хіміі”
На судзе ў якасці сведкі праз відэасувязь з папраўчай установы № 6 быў дапытаны палітвязень Дзмітрый Максімчык. Гэта знаёмы абвінавачанага, яны пазнаёміліся падчас дваровага чаяпіцця восенню 2020 года і былі ў адным тэлеграм-чаце "Основание будущего". На пытанне дзяржабвінавачвання, ці абмяркоўвалі яны палітычныя тэмы, Максімчык адказаў, што "ў 20-м годзе палітычныя тэмы не абмяркоўваў толькі лянівы". Пракурорка запытала, якія тэмы абмяркоўваў менавіта Нешта:
"Нічога крамольнага ў прынцыпе не выказваў, не было ніякіх палітычных заклікаў. Нічога такога не чуў, каб ён да нечага такога заклікаў, асуджаў. У асноўным яго каментары тычыліся непасрэдна горада, добраўпарадкавання горада".
Допыт начальніка аддзела крымінальнага вышуку Віцебскага РУУСа
Начальніка аддзела крымінальнага вышуку Віцебскага РУУСа Івана Кавалёнка і Дзмітрыя Нешту звязваюць сямейныя сувязі: абвінавачаны з’яўляецца братам жонкі. Кавалёнка дапытвалі ў якасці сведкі. Ён распавёў, што летам 2021 года Нешта напісаў яму паведамленне, дзе выказаў меркаванне, што ў жніўні 2020 года супрацоўнікі міліцыі ўжывалі занадта жорсткія меры пры затрыманні пратэстоўцаў. Кавалёнак адказаў яму толькі адзін раз.
"Сэнс быў такі, што я яму казаў, што Дзіма не глядзі на захад, там нас не чакаюць, я яму тлумачыў, што ні ў адной дэмакратычнай краіне так званага Захаду нічога не адбываецца па-іншаму, а роўна гэтак жа, адбываецца разгон масавых беспарадкаў, сапраўды таксама прымяняюцца вадамёты, спецыяльныя сродкі і ўсё астатняе. Ну неяк вось так, у гэтым кантэксце", — сказаў на судзе начальнік аддзела крымінальнага вышуку Віцебскага РУУСа.
Пры гэтым, на судзе супрацоўнік міліцыі ахарактаразаваў Дзмітрыя са станоўчага боку.
"Разумееце, гэта чалавек фанатычна наладжаны сваю працу правільна і дасканала. Калі ён служыў ва ўзброеных сілах, ён быў адданы дзяржаве, ваеннай службе, ён працаваў ад і да, нездарма ж даслужыўся да падпалкоўніка. Ну а тут, разумееце, як я бачу гэта, тут проста адбылася такое “прамыванне мазгоў”. І тыя людзі, тыя сілы, якія займелі гэтыя мазгі, ну яны атрымалі такога фанатычна настроенага чалавека.
Сем'янін, чалавек зусім добрапрыстойны. Сем'янін выдатны. Толькі з станоўчага боку магу яго ахарактарызаваць".
Допыт намесніка начальніка СІЗА-6 Дзмітрыя Шустава
На працэсе ў якасці сведкі быў дапытаны намеснік начальніка следчага ізалятара № 6 Дзмітрый Георгіевіч Шустаў. Ён даваў паказанні наконт валанцёрства Нешты падчас мітынгаў пад СІЗА-6. Супрацоўнік СІЗА нават пераапранаўся ў цывільнае, каб укараніцца ў групу валанцёраў. Першае пытанне, якое яму задало дзяржабвінавачванне, было: “Ці памятаеце Вы ў верасні 2020 года наступныя дні падзей 2020 года ці адбываў які від пакарання на тэрыторыі СІЗА альбо па-за тэрыторыяй СІЗА Нешта? Калі так, калі гэта было і ў сувязі з чым?” На гэта Шустаў адказаў, што на тэрыторыі СІЗА ён не памятае, аднак памятае яго па-за межамі следчага ізалятара:
"Дакладнай даты я сказаць не змагу, арыентыровачна восень 2020 года кастрычнік-лістапад месяц. У нас у ўстанове ўтрымліваліся адміністрацыйна затрыманыя. Пры іх вызваленні працавала група валанцёраў за межамі ўстановы. У сувязі з тым, што дадзеная група знаходзілася паблізу ўстановы і неабходна было ўстанаўліваць факты супрацьпраўных дзеянняў на тэрыторыі нашай установы, на што яны гатовыя, маюць намер пайсці, я пераапранаўся ў цывільнае адзенне некалькі разоў. На працягу дня з дадзенай групай валанцёраў прысутнічаў там, з мэтай зразумець іх дзеянні. Збіраліся яны там з мэтай сустрэчы вызваленых ўчастка ІЧУ. У гэтай групе некалькі разоў на працягу нейкага часу я бачыў абвінавачанага. У наступным, ужо ў 2021 годзе, калі Нешта быў затрыманы, заключаны пад варту, прыбыў у нашу ўстанову, на камісіі па прафілактычным уліку я пазнаў яго, што ён знаходзіўся ў той групе валанцёраў".
Шустаў на судзе апісаў дзеянні валанцёраў пад СІЗА-6:
"Пры вызваленні чалавека падыходзіў валанцёр, валанцёры цікавіліся па якім артыкуле, за што, адкуль сам. Калі не па гэтым [пратэсным артыкуле 23.34 КаАП] артыкуле, то цікавасць гэтай групы людзей да яго знікаў і чалавек ішоў далей. А калі па гэтым артыкуле яны скандавалі адразу “Жыве Беларусь”. У гэтай групе была не забароненая сімволіка, у прынцыпе".
Супрацоўнік СІЗА сказаў, што Нешта ў групе валанцёраў выкрыкваў лозунгі.
Допыт электраманцёра СІЗА-6
Наконт валанцёрства Дзмітрыя Нешты пад сценамі следчага ізалятара таксама дапыталі электраманцёра Дзмітрыя Святлічнага, які распавёў, што бачыў абвінавачанага ў групе валанцёраў каля СІЗА-6 восенню 2020 года.
Чым скончыўся суд?
У судовых спрэчках пракурорка падкрэсліла, што акцыя Нешты "была здзейсненая ў сувязі з палітычным становішчам, а таксама змест галасавых паведамленняў і перапіска, выяўленая ў мабільным тэлефоне, з якіх устаноўлена, што абвінавачаны гатовы ісці на ўсё", і запрасіла 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У апошнім слове Дзмітрый сказаў толькі, што "хацеў бы законнага разгляду справы і ўсё".
У выніку, суд асудзіў Дзмітрыя, як і прасіў пракурор, да 12 гадоў калоніі, а таксама пазбавіў звання "падпалкоўніка".