viasna on patreon

Сем год калоніі ўзмоцненага рэжыму за пагрозы гвалту ў дачыненні да прэзідэнта, сілавікоў і прадстаўнікоў СК

2022 2022-06-27T09:20:05+0300 2022-06-28T07:51:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karpicki-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Карпіцкі

Ігар Карпіцкі

У судзе Ленінскага раёна Мінска 3 чэрвеня вынесены прысуд Ігару Карпіцкаму, абвінавачанаму па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік.

Ігару Карпіцкаму прад’яўленыя абвінавачанні:

  • абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса;
  • абраза прадстаўніка ўлады – арт. 369 Крымінальнага кодэкса;
  • гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі – часткі 1 і 2 арт. 366 Крымінальнага кодэкса;
  • арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх – ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Да суда Ігар Карпіцкі ўтрымліваўся ў СІЗА № 1 Мінска.

Пра абвінавачанага вядома, што ён 1969 года нараджэння, мае на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця.

Па матэрыялах абвінавачання, Ігар Карпіцкі падчас паслявыбарчых акцый пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе, “усведамляючы супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў і аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў МУС, якія знаходзіліся пры выкананні службовых абавязкаў, аб спыненні масавага мерапрыемства, неабходнасці вызваліць праезную частку дарогі, пешаходную і зялёную зону для свабоднага і спакойнага перамяшчэння грамадзян і транспарту, прыняў актыўны ўдзел у вышэйзгаданых групавых дзеяннях... у тым ліку, знаходзячыся на праезнай частцы Праспекта Незалежнасці, вуліцы Леніна, праспекта Пераможцаў і іншых, блакаваў працу гарадскога пасажырскага транспарта, што пацягнула спыненне яго руху."

У сувязі з чым КУП “Мінсктранс” вылучыла матэрыяльны пазоў.

Таксама Карпіцкі, выкарыстоўваючы ноўтбук, з выкарыстаннем электроннай паштовай скрыні афіцыйнага інтэрнэт-партала Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь напісаў некалькі электронных паведамленняў, у тэксце якіх выказаў пагрозы гвалту ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Ён жа адправіў электроннае паведамленне, даступнае для прагляду трэцім асобам, у тым ліку супрацоўнікам адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тэксце якога выказаў абразы прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў – супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Івану Кубракову і Дзмітрыю Балабу. Яны таксама вылучылі матэрыяльныя пазовы маральнай шкоды.

Падобнае паведамленне з пагрозамі гвалту, знішчэння і пашкоджання маёмасці накіраваў і супрацоўнікам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Дапытаны ў судовым пасяджэнні абвінавачаны віну ў здзяйсненні інкрымінуемых злачынстваў прызнаў часткова.

Экспертыза выявіла, што паведамленні змяшчаюць негатыўную ацэнку службовых асоб, з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага выказвання.

Акрамя таго дадзеныя электронныя паведамленні ўтрымліваюць прамую пагрозу гвалтам у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама прамыя пагрозы гвалтам, знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці ў дачыненні да супрацоўнікаў Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Паводле заключэння медычнай экспертызы, у перыяд здзяйснення злачынстваў Карпіцкі пакутаваў псіхічным захворваннем, але мог усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Патрэбы ў прымусовых мерах бяспекі і лячэння не мае.

Суд пастанавіў прызнаць Ігара Карпіцкага вінаватым і прызначыў пакаранне па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса – пазбаўленне волі тэрмінам на два гады; па ч. 1 арт. 368 –  пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады; па арт. 369 – абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады; па ч. 1 арт. 366 – пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады; па ч. 2 арт. 366 – пазбаўленне волі тэрмінам на пяць год.

Па сукупнасці пакаранняў, шляхам іх частковага складання, канчаткова прызначанае пакаранне – пазбаўленне волі тэрмінам на сем год з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства