"Збітая спала на падлозе ля батарэі і грэлася бутэлькай з цёплай вадой". Былая палітзняволеная Наста Кухарава распавяла пра ўмовы ўтрымання, у якіх яна знаходзілася да суда
"Вясна" паразмаўляла з дзяўчынай і даведалася пра тое, як і ў якіх умовах яе затрымлівалі і "выбівалі" прызнанні, а потым утрымлівалі на Акрэсціна і ў СІЗА №1.
Сваё 25-годдзе Настасся Кухарава магла сустрэць у няволі, але, на шчасце, ёй удалося з’ехаць з Беларусі.
Гэта здарылася амаль адразу пасля таго, як 6 траўня суддзя Маскоўскага раёна Мінска Вольга Малашэнка прызнала дзяўчыну вінаватай ва ўчыненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх", прысудзіўшы Настассі тры гады "хатняй хіміі" (абмежавання волі без накіраванне ў папраўчцю установу адкрытага тыпу - Заўв.).
Нагадаем, дзяўчыну затрымалі 31 студзеня 2022 года. ГУБАЗіК схапіў яе на чыгуначным вакзале, калі тая вярталася з маскоўскіх канікул у Мінск. Спачатку Насту збілі, каб атрымаць пароль ад тэлефона, а затым ачарнілі ў "пакаяльным" відэа.
Маці палітзняволенай Насты Кухаравай: “Дзеля дачкі не дазваляю сабе плакаць, нават ведаючы, што з яе здзекаваліся”
Першыя 10 дзён пасля затрымання Насту ўтрымлівалі на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА №1 і прад'явілі абвінавачванні, нібыта за перакрыццё дарог на адным з нядзельных маршаў, які праходзіў у верасні 2020 года. Праваабаронцы прызналі Настассю Кухараву палітзняволенай.
Нават знаходзячыся ў іншай краіне, у бяспецы, дзяўчыне па-ранейшаму цяжка ўспамінаць пра тое, што з ёй адбылося. Настасся займаецца з псіхатэрапеўтам і вельмі хоча стаць той ранейшай Настай, якой яна была да затрымання. Але, як сама прызнаецца, атрымліваецца гэта з вялікай цяжкасцю.
Затрыманне і допыт у ГУБАЗіКу: "Узялі за валасы, ударылі галавой аб сцяну і сказалі, што такіх, як я, трэба забіваць"
"Мяне знялі з цягніка, — распавядае дзяўчына. — Замест маці, якая прыехала мяне сустракаць, сустрэлі 6 супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Адзін з іх быў у балаклаве. Яны спыталі, ці я Анастасія Андрэеўна, і калі ў поўным неразуменні я адказала, што гэта я, двое з іх узялі мяне пад рукі і кудысьці павялі. Я была ў шоку, спрабавала высветліць, чаму мяне затрымліваюць... У адказ на гэта яны паказалі мне фотаздымак з марша пратэсту, які праходзіў 27 верасня 2020 года. На тым фотаздымку сярод іншых удзельнікаў была я. Усе мае патрабаванні прад'явіць дакументы, на падставе якіх мяне затрымліваюць, яны ігнаравалі. Надзелі на мяне кайданкі і запіхнулі ў машыну. Увесь гэты час мне намагалася датэлефанавацца мама, тэлефон разрываўся. Але ён быў у іх. У нейкі момант яны знялі трубку і сказалі маме, што я затрыманая, бо парушыла закон".
Тое, што з дзяўчынай адбывалася далей, ёй балюча не тое што распавядаць, а нават успамінаць.
"Мяне прывезлі ў ГУБАЗіК, адвялі ў нейкі пакой і замкнулі дзверы на ключ... Было вельмі страшна, — успамінае Наста. — У пакоі са мной засталіся два велізарныя амбалы. Адзін з іх схапіў мяне за валасы і пачаў біць галавой аб сцяну, потым кулаком па галаве, твары ...У мяне пачалася істэрыка. Некалькі разоў ён ударыў мяне ніжэй грудзей...Потым зламаў мае акуляры і іржаў з гэтага. Ён скончыў мяне біць, а я рыдала.
Ён працягнуў здзекавацца. Казаў: "Ну што ты плачаш, Настачка, усё ж добра. Можа, гарбаты табе ці кавы? Вось цяпер паедзеш на зону, су..а ё...аная, і будзеш там рэвалюцыю ладзіць!".
Яны казалі, што такіх як я, трэба забіваць. Што такіх, як я, нельга нават блізка падпускаць да дзяцей (Наста — настаўніца рускай мовы і літаратуры, выкладала ў школе — Заўв.). Гэта было невыносна.
Пасля такога допыту і афармлення пратакола дзяўчыну прымусілі запісаць тое самае "пакаяннае" відэа на фоне дзвярэй.
"Мяне здымалі на зялёным фоне. І хоць я даўно нічога не ўжываю, мяне прымусілі сказаць, што я наркаманка. І самі ржалі пры гэтым: "О, гучная справа будзе — наркаманку-змагарку пасадзілі", — успамінае дзяўчына.
Акрэсціна: "Будзілі па начах і называлі паскудамі"
На Акрэсціна Насту ўтрымлівалі з 31 студзеня да 11 лютага. Пра ўмовы ўтрымання і стаўленне там супрацоўнікаў да затрыманых дзяўчына распавяла ў вершах:
Высокие стены, двухместная камера,
Нас было шестеро в комнате маленькой.
Там были клопы и другие создания —
Их называли мы "надзиратели".
Мы спали на досках, по двое на шконке,
Забрали одежду, не дали подушку,
О чем это я — матрасов не дали,
Мы спали как звери на лавках стеклянных.
Кто-то спал на полу, под батареей.
Кто-то из хлеба лепил изделия,
Кто-то бродил из угла в угол,
Такие вот были в пыточной будни.
Нам было так холодно ночью и днём,
Мы грелись бутылками с тёплой водой.
В обнимку по трое на шконке лежали,
Вот так мы отчаянно тепло сохраняли.
Среди ночи нас часто будили дежурные,
Стучали нам в двери, называли паскудами.
Вместо прокладок давали нам вату,
Чай был раз в день — мы пили из крана.
При шмоне все вещи на пол бросали,
Топтали ногами и хохотали.
Несмотря на все это, наш дух не сломали,
Всю нашу волю в кулак мы собрали.
Мы «Купалинку» шепотом пели,
Вот так страшные дни мы преодолели.
"Адстойнік" у СІЗА №1: прыбіральня-дзірка ў падлозе, ледзяная вада, затое ёсць матрацы
Са слоў Насты, пасля Акрэсціна СІЗА №1 на Валадарскага, куды яе этапавалі, падаўся ёй раем.
"Мяне прывезлі ўначы, але нават прапанавалі схадзіць памыцца. Потым адвялі ў камеру №5. Па-турэмнаму — у "адстойнік". У ім зняволеныя знаходзяцца некаторы час, пакуль іх не перавядуць у звычайную камеру.
Пад'ём у нас быў а 6 раніцы, а адбой у 22.00. Ляжаць днём было нельга, як і знаходзіцца на верхніх шконках, але мы ўсё роўна часам прымудраліся, я нават спала некалькі разоў.
У "адстойніку" вельмі нізкія столі, на падлозе пыл, пляўкі, сцены ў цвілі, прыбіральня — дзірка ў падлозе, адно акно, адна батарэя, вада ледзяная, але я была шчаслівая патрапіць туды, бо там мне далі матрац, падушку і плед, і я заснула як нармальны чалавек у ненармальных умовах. У гэтым "адстойніку" я жыла 5 дзён. Са мной было яшчэ 13 жанчын: палітычная была ўсяго адна. З ёй мы былі і на Акрэсціна, а астатнія былі за рабаванне з узброеным нападам, махлярства, замах на забойства, крадзеж, некалькі былі за нявыплату аліментаў, падаткаў, наркотыкі...
Пашчасціла, мяне своечасова перавялі, бо тым жа днём дзяўчынкам у камеру засунулі нейкую вар'ятку, якая казала: "Як толькі вы заснеце — я вас усіх заб'ю". Яна ўвесь час крачала, білася ў дзверы, бегала.
Мне расказвалі, што дзяўчынкі не спалі ўсю ноч і вельмі баяліся, асабліва тыя, хто апынуўся ў турме першы раз".
Камера ў СІЗА №1: "масаж для рэчаў", "бедная атаварка" і лазня з кіпенем
"Калі мяне перавялі ў камеру, я ўбачыла высокія столі, адно акно і шмат прыгожых жанчын. Мяне сустрэлі досыць цёпла, я плакала бясконца, а дзяўчынкі мяне падтрымлівалі, — успамінае Наста. — Была, праўда, адна жанчына-аліментшчыца, дык вось яна была зусім нездаровая: лаялася з усімі ўвесь час, крычала па начах, а яшчэ ў яе быў гепатыт і ВІЧ. Калі ў яе былі месячныя - яна не карысталасяч пракладкамі, увесь час на лаве заставаліся плямы яе крыві. Ёй прысудзілі месяц арышту. Яна адседзела з намі тэрмін і пайшла дадому.
У камеры ўвесь час лётаў пыл. Але мне пашанцавала — я апынулася ў самай вялікай камеры жаночага корпуса, нас было 10 чалавек, вада была ледзяная, але на сценах не было цвілі. Пралі як маглі: грэлі ваду кіпяцільнікамі, а паласкалі ў халоднай вадзе. Мы называлі гэта "масаж рэчаў".
У камэры была добрая тэмпература. Палілі па гадзінах, бо немагчыма ўвесь час дыхаць пылам і дымам. Вентыляцыі ніякай не было. Пару разоў мы бачылі нейкіх насякомых. Атаварка ў СІЗА была вельмі бедная, усяго 56 пунктаў. З ежы ў асноўным вафлі, печыва, кава, чай, кашы, супы, зефір, казінакі. Астатняе - тавары асабістай гігіены і бытавая хімія, яшчэ цыгарэты і канверты. Але палову з гэтага ў краме не было.
Лісты даходзілі вельмі дрэнна, нас у камеры было 10 чалавек, а ў дзень магло прыйсці 2-3 лісты.
У лазню хадзілі раз на тыдзень, вада была вельмі гарачая, напор слабы, але мыліся як маглі. Ежа, вядома, пакідае жадаць лепшага: мне падабаліся сняданкі — я ўвесь час ела там кашу (акрамя сечкі), але на абед быў суп-вада без гушчы, зліплыя ў адну масу макароны з парай кавалачкаў мяса ці сала, часамі нейкая прэсная каша, вадзяністая бульбачка з варанай капустай, раз на тыдзень давалі катлету, але я не магла яе есці —яна заўседы была халодная. На вячэру — вараная дробная рыба. Давалі велізарную талерку і толькі хвасты тырчалі. Ну і так: зноў наша любімая бульба і капуста на вадзе…
«Хачу крычаць на ўвесь свет гісторыю свайго дзіцяці»: маці палітзняволенай Насты Кухаравай расказала, пра што ёй баліць на волі, а дачцэ — за кратамі
На прагулках было складана, бо выводзілі ў неверагодна маленькі дворык з высачэзнымі сценамі. Неба там таксама за кратамі, але нават гэта падавалася шчасцем — абы не сядзець у камеры. Хаця б на гэтую гадзіну выйсці і падыхаць паветрам.
Па тэрыторыі турмы вадзілі ў позе "рукі за спінай". Хадзілі падваламі, дзе ўвесь час нечым смярдзела. Шмат бруду, некалькі разоў бачылі пацукоў... Там, дарэчы, захоўвалі нашы рэчы (альбо калі людзі на суд ехалі і іх там пакідалі, альбо тое, што не перадалі з пасылак).
З добрага: там у СІЗА зусім іншыя супрацоўнікі. Яны не ціснуць маральна, ёсць,канешне, шкадлівыя міліцыянты, было нават некалькі неадэкватных (у асноўным жанчыны ці мужчыны з жорсткімі жартачкамі, маўляў, "будзеце на зоне нам вопратку шыць"), але ў асноўным там працуюць усё ж "людзі", чаго не скажаш аб супрацоўніках з Акрэсціна”.
Вось што Наста распавядае аб медыкаментах і медыцынскай дапамозе ў СІЗА:
"У самым пачатку, калі я трапіла ў СІЗА, мяне забралі мае антыдэпрэсанты і сказалі, што будуць выдаваць па таблетцы, а потым іх страцілі. Я падняла гэтае пытанне да начальніка турмы і таблеткі знайшліся. Пасля гэтага кожны раз, калі ён прыходзіў на вялікую праверку, пытаўся: "Ну што, таблеткі даюць як мае быць?". Калі было дрэнна, тэмпература, да прыкладу, то лекара можна было чакаць некалькі дзён. Мы называлі медработнікаў "ветэрынарамі", бо яны не рабілі абсалютна нічога і вельмі любілі пляскаць "кармушкай" перад носам. Але быў адзін добры фельчар. Ён заўсёды пытаўся, як справы, даваў нам фурацылін і аддаваў мне мае таблеткі.
Яшчэ быў псіхолаг: я пісала заявы ёй кожны божы дзень, мой стан быў жахлівым. У выніку за тры месяцы я трапіла да яе два разы. І тое таму, што пісала ёй кожны дзень і клікала яе праз "дзяжурных". Я пыталася ў яе: "Як вы можаце тут працаваць?". Яна адказвала: "Тут таксама людзі...". Думаю, яна не разумела майго пытання.
Яшчэ было неверагоднае спецыяльнае харчаванне для тых, хто знаходзіцца на лячэбнай дыеце. Напрыклад, зняволеныя з гепатытам або анеміяй. Ім 4 разы на тыдзень давалі 1 л малака, 2 разы на тыдзень раніцой кавалак запяканкі і 3 разы на тыдзень шклянку соку. Ну і, нібыта, ім давалі больш мяса ў абед, але мы гэтага не заўважалі".
Са слоў дзяўчыны, самае светлае падзея ў турме – гэта лісты і спатканне з роднымі.
"Я не ведаю, дзе мая маці знаходзіла сілы, але падчас спатканняў яна трымалася, як салдат. Схуднела да 35 кілаграмаў, але працягвала мне ўсміхацца, хоць, я ведаю, ёй хацелася галасіць. Мой дзядуля трапіў у кардыялогію, бабуля практычна перастала хадзіць. Але ўсе яны пісалі мне лісты і верылі ў добры зыход.
Карыстаючыся выпадкам, я хачу падзякаваць усім людзям, якія падтрымлівалі мяне, маіх родных і былі неабыякавымі да майго лёсу. Тым людзям, чые блізкія цяпер за кратамі, я магу пажадаць толькі сілы і веры ў лепшае. Вера сапраўды творыць цуды".
Зараз Настасся Кухарава знаходзіцца ў бяспечнай краіне і спрабуе аднавіцца пасля перажытага. Ёй па-ранейшаму патрэбна маральная падтрымка.
Калі вы хочаце падтрымаць дзяўчыну яшчэ і матэрыяльна, мы пакінем тут рэквізіты банкаўскага рахунку, на якія вы можаце перавесці любую суму:
Пераводы можна рабіць на літоўскую карту:
IBAN LT183500010015146938
Нумар рахунку: 4745030906082556
Тэрмін дзеяння: 05/26
Атрымальнік: Oxana Katsemba (гэта імя і прозвішча маці Насты).
На беларускую карту:
Нумар карты: 4255 1901 2341 9874
Тэрмін дзеяння: 07/24
Беларусьбанк, INSTAND CARD