Гісторыя таксіста Аляксандра Мураўёва, якога судзяць па справе ініцыятывы "Буслы ляцяць"
Гэтымі днямі ў Мінскім гарадскім судзе адбываецца закрытае пасяджэнне па справе ўдзельнікаў ініцыятывы «Буслы ляцяць»: яе, як і іншыя ініцыятывы, што ўваходзяць у склад «Супраціву», Вярхоўны суд прызнаў «тэрарыстычнай арганізацыяй». Вядома, што на лаве падсудных шасцёра актывістаў, якіх агулам абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у залежнасці ад ролі кожнага. Справу разглядае суддзя Анастасія Папко. Сярод абвінавачаных — 32-гадовы таксіст з Мінска Аляксандр Мураўёў.
Затрыманне, ператрусы і абвінавачванне
Мужчыну затрымалі 6 лістапада 2021 года, калі ён выйшаў з дома. У кватэры ў той момант знаходзіліся ягоная жонка і двухгадовая дачка. Ператрус у Мураўёвых праводзілі двойчы: у дзень затрымання і праз месяц. Родныя адзначаюць, што яны прайшлі спакойна, дом дагары нагамі не пераварочвалі.
Аляксандра Мураўёва абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 359 («Акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча»), ч. 2 арт. 290-4 («Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй»), ч. 1 арт. 218 («Наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці»). На думку абвінавачвання, Мураўёў з восені 2020 года — удзельнік і арганізатар ініцыятывы «Буслы ляцяць», а яшчэ датычны да інцыдэнту, калі ў сакавіку 2021 года быў абліты фарбай кузаў машыны суддзі з Барысава, таксама ў ёй былі прабіты чатыры колы. Следчы камітэт упэўнены, што мэтай абвінавачаных было «аказаць уздзеянне на прыняцце рашэнняў службовай асобай, а таксама перашкаджэнне яе службовай дзейнасці шляхам пашкоджання прыналежнай маёмасці».
Уладкаваўся таксістам, каб засвоіць англійскую мову і праграмаванне
Сваякі Аляксандра Мураўёва распавядаюць, што ў яго сярэдне-тэхнічная адукацыя, а пасля службы ў войску хлопец доўгі час працаваў кіроўцам аўтобуса ў мінскім аўтапарку. Але летась рашуча ўзяўся за англійскую мову і праграмаванне: каб ні ад каго не залежаць і мець магчымасць вучыцца паводле вольнага графіку, ён уладкаваўся кіроўцам таксі.
Аляксандр жанаты, мае двухгадовую дачку Алінку — камунікабельную і ласкавую дзяўчынку, якой цяпер вельмі не хапае таты. Калі яна ўбачыла ў маці заручальны пярсцёнак, запыталася, хто яго купіў — а калі пачула, што бацька, уздыхнула і адказала: «А мне купіць забыўся, відаць».
«Саша — добры і сумленны, цудоўны бацька і муж, — распавядаюць ягоныя сваякі. — Ён заўсёды дапамагае хворым дзеткам, асабліва ён перажывае за дзетак са спінальна-мышачнай атрафіяй. Брат заўсёды казаў, што няважна, што сума збору вялікая: калі шмат людзей будуць дапамагаць, то сабраць яе цалкам рэальна. Ён усіх нас прывучыў да гэтага, цяпер ягоныя блізкія таксама намагаюцца ўдзельнічаць у зборах дапамогі хоць бы мінімальна».
Акрамя таго што Аляксандр не можа заплюшчыць вочы на праблемы іншых людзей, ён заўжды быў барацьбітом за справядлівасць. Таму, калі ў Беларусі пачалася перадвыбарная кампанія 2020 года, ён імкнуўся данесці блізкім, што адбываецца насамрэч. І чым далей пагаршалася беззаконне, тым мацней сумленне і характар не дазвалялі яму заставацца ўбаку.
«Вядома, ён не памяняў сваю пазіцыю»
Цяпер Аляксандр знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. З роднымі ў яго стабільнае ліставанне: за ўсё паўгода зняволення праз цэнзуру не дайшло толькі некалькі лістоў. Але ў траўні мужчыну ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў»: цяпер яму нельга пераводзіць грошы на атаварку.
«У лістах Саша не скардзіцца на ўмовы, — расказваюць блізкія. — Пасля войска ён загартаваны. Калі падчас ягонай службы людзей знаходзілі павешанымі, ён сказаў мне, што ніколі такога не зробіць, каб родныя ведалі: калі з ім штосьці здарыцца, гэта не ён сам».
Перад судом жонцы зняволенага далі дазвол на спатканне, у яе атрымалася паразмаўляць з ім на працягу гадзіны. Астатнія блізкія змаглі толькі здалёк убачыць яго на пачатку судовага пасяджэння, пакуль разгляд справы не зрабілі закрытым.
«Вядома, ён не памяняў сваю пазіцыю, — упэўненыя родныя зняволенага. — Толькі шкадуе, што жонка засталася адна, а дачка расце без яго. Калі прыязджалі да яе ў госці, яна прасіла пабыць з ёй, паляжаць».
У лістах Саша падтрымае мноства тэмаў — ён усебакова развіты чалавек. Любіць глядзець фільмы, ведае шмат якіх акцёраў, чытае класічную і іншую літаратуру. Ён любіць лазню і паездзіць з сябрам на матацыкле за горадам, абмяркоўваць з блізкімі розныя тэмы. Яшчэ Аляксандр прынцыпова не п'е і не курыць. У яго ёсць дзве мары: набыць старую іншамарку ды адрэстаўраваць яе і адкрыць свой шапік з сухафруктамі.
Яшчэ Саша раіць у лістах улюбёныя фільмы і кнігі. Сваякі падзяліліся з намі некаторымі з літаратурных твораў, каб вы таксама маглі іх пачытаць і абмеркаваць з Аляксандрам у лістах.
-
Генрых Сянкевіч «Quo vadis».
-
Жуль Верн «Дзеці капітана Гранта».
-
Дэн Браўн «Пункт падману» і «Код да Вінчы».
-
Джэк Лондан «Марцін Ідэн».
-
Герберт Уэлс «Вайна светаў».
З фільмаў ён з задавальненнем абмяркуе «Схаваныя фігуры» і «Спіс Шындлера».
Падтрымаць Аляксандра лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і пасылкамі можна па адрасе:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Мікалаевічу Мураўёву |