Суд па справе "Буслы ляцяць" зрабілі закрытым Дапоўнена
У Мінскім гарадскім судзе сёння, 6 чэрвеня, распачынаецца суд па справе "Буслы ляцяць" над палітвязнямі Аляксеем Іванісавым і Аляксеем Гамезам, а таксама Мікалаем Біблісам, Андрэем Будаем, Аляксандрам Мураўёвым, Аляксандрам Сідарэнкам. Справу разглядае Анастасія Папко. Яна зрабіла суд закрытым па хадайніцтву пракуроркі Юліі Ланеўскай.
У залежнасці ад ролі кожнага ім у розным спалучэнні інкрымінаваныя: ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага дзеяча); ч. 1 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў) Крымінальнага кодэкса.
Згодна з версіяй абвінавачвання, 4 сакавіка 2021 года ўдзельнікі групы пашкодзілі аўтамабіль, які належыць суддзі Барысаўскага раёна: аблілі фарбай кузаў транспартнага сродку, прабілі чатыры колы; у перыяд з 14 па 15 сакавіка 2021 года адзін з абвінавачаных пашкодзіў чатыры шыны аўтамабіля, які належыць грамадскаму актывісту-карэспандэнту рэспубліканскага СМІ; 8 красавіка 2021 года фігуранты кінулі камень у акно кватэры, дзе пражывае супрацоўнік пракуратуры горада Мінска з малалетнім дзіцем; 22 траўня 2021 года аналагічныя злачынныя дзеянні здзейсненыя ў дачыненні да грамадскай актывісткі, якая падтрымлівае дзеючую ўладу; у перыяд з 2 па 15 чэрвеня 2021 года абвінавачаныя пашкодзілі і знішчылі сістэму відэаназірання, усталяваную ў Фрунзенскім раёне сталіцы.
"У сваёй злачыннай дзейнасці абвінавачаныя выкарыстоўвалі мноства сродкаў канспірацыі, у тым ліку маскі і вопратку цёмных колераў без адметных прыкмет, не выкарыстоўвалі мабільныя тэлефоны, хавалі свае транспартныя сродкі, будучы ўпэўненымі ў сваёй ананімнасці і беспакаранасці.
Пры расследаванні вывучаныя асобы ўсіх шасці абвінавачаных-мужчыны працавалі ў розных сферах эканомікі, займаючы ў тым ліку кіруючыя пасады, не судзімыя, амаль у кожнага маюцца малалетнія дзеці. Абвінавачаныя пазнаёміліся паміж сабой на так званых "дваровых чаяваннях", пасля чаго размаўлялі ў асобным закрытым Telegram-чаце", – паведамляюць у Следчым камітэце.
Затрымалі фігурантаў справы напрыканцы верасня-пачатку кастрычніка мінулага году. Праз месяц – 30 лістапада 2021 года – Вярхоўны суд прызнаў аб'яднанне "Супраціў", у якое ўваходзіць групоўкі "Кібер-партызаны", "Дружина народной самообороны – ДНС" і "Буслы ляцяць", тэрарыстычным.
Перад судом, 13 траўня гэтага года, стала вядома, што Аляксея Іванісава і Аляксея Гамезу, а таксама Андрэя Будая і Аляксандра Мураўёва ўнеслі ў "тэрарыстычны спіс" КДБ. Падставай для ўключэння іх у спіс паслужыла прад'яўленае ім абвінавачанне па артыкуле 359 Крымінальнага кодэкса Беларусі (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча).
Што адбываецца на судзе?
Як распавядаюць відавочцы, на працэс прыйшлі двое пацярпелых:
"Гэта жанчына і мужчына. У іх была група падтрымкі «ябацек», якая на суд прыйшла з сімволікай. У аднаго з іх на кашулі была літара "Z" грудзях з георгіеўскай стужкі".
Паміж імі і 76-гадовай маці Іванісава Наталляй адбыўся канфлікт. Група падтрымкі пацярпелых пачала наракаць, што, маўляў, з-за такіх як абвінавачваныя "ўсё адбываецца і можа пачацца вайна".
Маці Іванісава не вытрымала і нешта ім адказала. На яе выклікалі нарад міліцыі. На 76-гадовую жанчыны міліцыянты склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Суд па справе «Буслы ляцяць» зрабілі закрытым.
Ці могуць фігурантам справы "Буслы ляцяць" прызначыць смяротнае пакаранне?
На гэтае пытанне адказвае юрыст "Вясны" Павел Сапелка:
"Спіс злачынстваў, якія ставяцца абвінавачаным, выглядае даволі пагрозліва. Аднак пры існуючым законе ніводнае з гэтых абвінавачванняў не цягне за сабой пакаранне ў выглядзе смяротнага пакарання. Нават новыя скандальныя змены ў Крымінальны кодэкс не закранаюць складаў злачынстваў, якія абвінавачваюцца ў віну фігурантам гэтай крымінальнай справы. Да таго ж (гэта тычыцца як сапраўднай справы, так і іншых спраў, якія разглядаюцца або будуць разглядацца ў судах па злачынствах, учыненым да прыняцця змяненняў у Крымінальны кодэкс), будуць прымяняцца старыя правілы, якія не дапускаюць прызначэнне смяротнага пакарання ў тым выпадку, калі злачынства не пацягнула чалавечых ахвяр.
У той жа час, у цэлым трэба паўтарыць асцярогі праваабаронцаў: змены ў Крымінальны кодэкс сур'ёзна пашырылі магчымасці для прымянення смяротнага пакарання, і гэта можа быць выкарыстана для рэпрэсій у дачыненні да членаў пратэсных груповак".