viasna on patreon

Мужчына з Бярозы ледзь паспеў адбыць тэрмін за абразу амапаўца, як атрымаў новы — за абразу супрацоўніка ІСН

2022 2022-06-24T13:19:12+0300 2022-06-24T13:19:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud-bereza.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 чэрвеня суд Бярозаўскага раёна вынес рашэнне па справе Юрыя Юдчыца, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады".

Судовае пасяджэнне ўзначаліла Наталля Вакульчык.

Пра абвінавачанага вядома, што Юрыю Юдчыцу 35 гадоў, ён мае непаўнагадовае дзіця і да нядаўняга часу жыў у Бярозе, але цяпер пражывае ў Мінску. На судовае пасяджэнне мужчына прыйшоў проста напярэдадні свайго першага працоўнага дня на новым месцы. Мужчына аказаўся беспрацоўным пасля папярэдняй крымінальнай справы — у гэтым жа годзе паводле арт. 369 яго абвінавацілі ў абразе амапаўца з УУС Брэсцкага гарвыканкама Уладзіслава Шукаева. У "ВКонтакте" мужчына напісаў пра яго каментар "Пазыўны — дрышч". 23 сакавіка 2022 года суддзя суда Бярозаўскага раёна Дзмітрый Кавалевіч прызнаў Юдчыца вінаватым і асудзіў да трох месяцаў арышту, якія Юрый адбыў.

За слова "дрышч" мінчука асудзілі да трох месяцаў арышту

Суду Юрый Юдчыц патлумачыў, што раніцай 22 красавіка, гартаючы навіны ўбачыў публікацыю пра кіроўцу ўзвода АМАП Шукаева, не стрымаўся і на эмоцыях пакінуў абразлівы каментар.

Але як толькі мужчына вызваліўся, на яго зноў завялі крымінальную справу, і зноў — за абразу супрацоўніка міліцыі. Гэтым разам пацярпелым аказаўся начальнік інспекцыі па справах непаўнагадовых Бярозаўскага РАУС Дзмітрый Лішко.

Ад адваката Юрый Юдчыц адмовіўся — гэтак жа, як і падчас свайго першага суда паводле арт. 369 КК. Абвінавачаны адзначыў, што з цяжкім матэрыяльным становішчам ягоная адмова ад абароны не звязаная.

Юрыя Юдчыца абвінавацілі ў тым, што 27 лютага 2021 "у нявысветлены час у нявызначаным месцы" ў сацсетцы "ВКонтакте", у публічнай групе "NEXTA" ён размясціў каментар пад здымкам пацярпелага. Пра якое менавіта паведамленне ідзе гаворка, на судзе не прагучала, але, як зачытаў пракурор, "у каментары ўтрымоўваліся непрыстойныя, з негатыўнай ацэнкай асобы пацярпелага выказванні".

Дзмітрый Лішко
Дзмітрый Лішко на здымку справа

На судзе Лішко расказаў, як дазнаўся пра каментар у свой адрас:

"Пра абразу паведамілі калегі, якія займаюцца аналізам сацсетак. Яны назвалі прозвішча абвінавачанага. Я адразу зразумеў: прозвішча Юдчыц — бярозаўскае, значыцца — з Бярозы. Але асабіста абвінавачанага я не ведаю, ніякіх непрыязных адносін паміж намі няма, нагодаў для абразы таксама. Непрыемная сітуацыя. Калі абвінавачанага выклікалі ў міліцыю, мне патэлефанавалі супрацоўнікі, прапанавалі падысці і пабачыць Юдчыца. Я прыйшоў, запытаў яго, завошта ён мяне абразіў. Ён паціснуў плячамі і сказаў: "Прабач". Той каментар велізарная колькасць людзей прачытала, напісалі шмат негатыўнага… Я напісаў заяву".

У судзе пацярпелы Лішко заявіў хадайніцтва: папрасіў далучыць да матэрыялаў справы пазоўную заяву з просьбай спагнаць з Юдчыца 1500 рублёў — у такую суму пацярпелы ацаніў свае маральныя пакуты, якія, як ён кажа, выяўляліся "ў адчуванні прыніжэння ягонага гонару і годнасці ў вачах неабмежаванай колькасці асобаў". Лішко сказаў, што ўсю пазначаную суму ён мае намер накіраваць на дабрачыннасць.

Юрый Юдчыц прызнаў сваю віну, а суду растлумачыў, што не памятае ані акалічнасцяў, ані дакладнага часу напісання каментара, пра які ідзе гаворка.

"Гэта было ўжо год таму, мой тэлефон у прыбытак дзяржавы забралі яшчэ пасля суда па першай справе аб абразе, але дапускаю, што тэкст сапраўды быў напісаны з майго мабільнага тэлефона", — растлумачыў мужчына.

Паводле абвінавачанага, той каментар яму паказалі ўжо супрацоўнікі міліцыі. І ён быў зроблены з акаўнта "Юрый Юдчыц" у "ВКонтакте".

Падчас спрэчак бакоў пацярпелы сказаў:

"Перад тым як штосьці рабіць, трэба думаць. Пазоў падтрымліваю ў поўным аб'ёме".

Абвінавачаны прынёс прабачэнні пацярпеламу, папрасіў суд строга не караць за правіннасць і адзначыў, што сума пазову, выстаўленага Лішко, для яго завялікая. Таму ён падтрымлівае яе часткова, сума — на вырашэнне суда.

У сваім апошнім слове Юрый Юдчыц паабяцаў надалей не здзяйсняць падобнага і сказаў, што ўсвядоміў усю ступень адказнасці за такія каментары ў інтэрнэце.

Суд Бярозаўскага раёна прызнаў Юрыя Юдчыца вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У тэрмін адбывання пакарання суд пастанавіў залічыць тэрмін ужо адбытага пакарання па папярэдняй крымінальнай справе паводле арт. 369 КК. У якасці маральнай кампенсацыі суд абавязаў Юдчыца выплаціць Лішко 1000 беларускіх рублёў, а таксама 96 рублёў дзяржмыты.

Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства