viasna on patreon

Затрыманні, "экстрэмісцкія фармаванні", ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 16 чэрвеня Дапоўнена

2022 2022-06-16T13:28:37+0300 2022-06-16T17:15:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhurausky.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў загадчыка аддзела культурна-адукацыйнай работы Магілёўскага абласнога музея ім. Масленікава Дзмітрыя Жураўскага

Дома ў мужчыны правялі ператрус. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго падазраюць у тым, што ён у канцы 2021 года зарэгістраваўся ў чат-боце плана «Перамога».

Нібыта пры гэтым Жураўскі звярнуў увагу, што «гатовы даць схованку ў будынку музея і дапамагчы службовым аўто ў дзень "Х"».


Палітвязня Віталя Жука ў бабруйскай калоніі змясцілі ў ШІЗА 

Палітзняволенага кобрынца Віталя Жука, асуджанага да году калоніі за абразу Лукашэнкі, адміністрацыя бабруйскай калоніі № 2 змясціла ў штрафны ізалятар. Палітвязень павінен быў патэлефанаваць жонцы праз відэасувязь, але размова так і не адбылася праз спагнанне. Тэрмін і прынчыны — невядомыя.

У нядаўнім лісце Віталь напісаў:

«Я палічыў, што ўжо малых не бачыў (я не пра відэазванкі) 1 год і 5 месяцаў. Вось яна — славутая, знакамітая, выпраўленчая сістэма — пакараць усіх, у тым ліку і дзяцей, як і іх бацькоў».

23 лютага 2022 прайшоў ператрус у жонкі Віталя. Па розных падставах сілавікі прыходзілі да Маргарыты ўжо некалькі разоў. Падчас ператрусу 23 лютага стала зразумела, што жанчыну таксама падазраюць у абразе Лукашэнкі. Гэтым разам на ператрус сілавікі прыйшлі разам з органамі апекі, але забраць дзяцей не ўдалося, бо іх да сябе ўзяла бабуля.


Ліквідаваная Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў

Пра гэта паведамляе «Позірк» са спасылкай на Інстаграм арганізацыі. 

«Зусім крыху — і мы з вамі адзначалі б 30-годдзе Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў, аднак Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь палічыў, што гэтаму не быць. 18 траўня 2022 года нашу арганізацыю ліквідавалі. Па пэўных прычынах, якія не залежаць ад нас, мы не змаглі нічога зрабіць», — гаворыцца ў паведамленні.

Моладзевае аб'яднанне створанае ў 1993 годзе, займалася нефармальнай адукацыяй. Студэнты арганізоўвалі лекцыі, праводзілі архітэктурныя форумы і школы, удзельнічалі ў еўрапейскай Асамблеі студэнтаў-архітэктараў.


Затрыманні ў Мінску

Сёння ў Мінску былі затрыманыя 26-гадовая Крысціна Маліноўская, 29-гадовы Павел Маліноўскі і 27-гадовы Дзмітрый Латышаў.


Тры рэсурсы прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»

У Беларусі тры новыя «экстрэмісцкія фармаванні»: «Форум демократических сил Беларуси», «Орша 97%» і «Новополоцк и Полоцк 97%», паведамляе «Медыязона».


У КДБ зноў абнавілі спіс «тэрарыстаў» — у ім ужо 80 беларусаў

Іван Вярбіцкі. Фота:
Іван Вярбіцкі

У спісе тры новыя прозвішчы:

• 39-гадовы Аляксей Парэцкі, жыхар Магілёўскай вобласці, абвінавачваецца па арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК Беларусі;

• 42-гадовы Канстанцін Ханін, жыхар Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца па арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК Беларусі;

• 56-гадовы палітвязень Іван Вярбіцкі, жыхар Гродзенскай вобласці. Па трох артыкулах ён быў асуджаны на 8 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Такім чынам, у спісе «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» КДБ ужо 80 беларусаў, у тым ліку Святлана Ціханоўская, Павел Латушка ды іншыя.

Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства