Крызіс з правамі чалавека ў Беларусі абмеркавалі ў межах 50-й сесіі СПЧ ААН Відэа
14 чэрвеня прайшло анлайн-мерапрыемства “Правы чалавека ва ўмовах крызісу, Беларусь 2022 года” ў межах 50-й сесіі Савета па правах чалавека ААН.
Мэтай сустрэчы стала інфармаванне дзяржаў-удзельніц ААН пра крызіс з правамі чалавека ў Беларусі, асабліва ў адносінах найбольш сур’ёзных парушэнняў, якія адбываюцца ў краіне, аналіз асноўных тэндэнцый развіцця падзей, якія тычацца правоў чалавека пасля рэферэндума па ўнясенні зменаў у Канстытуцыі, таксама была закранутая тэма пагаршэння свабоды выказвання меркаванняў, сацыяльных і культурных правоў у Беларусі.
Сярод выступоўцаў былі намеснік міністра замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Мантас Адаменас, спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека Іман Гілмар, пастаянны прадстаўнік ЗША у Савеце ААН Мішэль Тэйлар, Спецыяльны дакладчык ААН па Беларусі Анаіс Марэн, аўтарка кнігі “Рассказ служанки” Маргарэт Этвуд, старшыня Беларускага ПЭН Таццяна Нядбай, юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў, супрацоўнік па міжнародным сувязям Фонда Дома правоў чалавека Мэцью Джонс, глава Кабінета, прадстаўнік па міжнародных справах Офіса Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі ды іншыя. Мадэравала мерапрыемства дырэктарка Еўразійскай праграмы PEN America Паліна Садоўская, а арганізатарамі сустрэчы выступілі PEN America, Літоўская місія пры ААН у Жэневе і Human Rights House Foundations.
Так, Анаіс Марэн адзначыла, што дзейнасць яе мандата Спецдакладчыка моцна абмежаваная з боку ўладаў, якія на працягу гэтых гадоў не прадставілі ёй доступ у краіну. Свой маніторынг Марэн праводзіць дыстанцыйна, збірае сведчанні пацярпелых ад парушэнняў правоў чалавека, праваабаронцаў і іншых дасканалых крыніцаў інфармацыі.
“Сітуацыя пагаршалася, у прыватнасці да свабоды слова і свабоды выказвання меркавання. І гэтая тэндэнцыя працягваецца. Ужо рэпрэсіўнае заканадаўства было зроблена яшчэ больш жорсткім дзеля таго, каб папярэдзіць і пакараць любыя спробы кантраляваць дзеянні ўладаў, падавіць дыскусію, што ўплывае на свабоду СМІ і культурныя правы”, — адзначыла Анаіс Марэн.
"Пакласці канец атмасферы рэпрэсій і страху". Спецдакладчыца ААН падрыхтавала новы даклад па правах чалавека ў Беларусі
Падчас свайго выступу юрыст “Вясны” Павел Сапелка падкрэсліў, што тая абстаноўка, якая склалася ў Беларусі, — вынік шматгадовага падаўлення палітычнай і грамадскай актыўнасці, якое дасягнула свайго апагею ў 2020 годзе, калі рэпрэсіі зазналі дзясяткі тысячаў чалавек.
“Намаганні рэжыму засяродзіліся на канчатковым знішчэнні грамадзянскай супольнасці і рычагоў грамадскага супраціву, іншадумства і свабоды слова. У цэлым палітычная апазіцыя планамерна выцяснялася з працэсу кіравання дзяржавай і на сённяшні дзень яе актыўная і ўплывовая частка выцесненая за межы краіны”, — адзначыў праваабаронца.
Ён падкрэсліў, што міжнароднай супольнасці варта паслядоўна і пастаянна прызнаваць правасуб'ектнасць, далучаць да дзейнасці міжнародных арганізацый і падтрымліваць дэмакратычныя палітычныя арганізацыі, якія сталі голасам беларускай грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці офіс Святланы Ціханоўскай.
Таксама Павел Сапелка нагадаў, што сярод 1230 палітвязняў у Беларусі — сямёра праваабаронцаў “Вясны”.
“У сённяшніх умовах, калі трагедыя ўкраінскага народа выйшла на пярэдні план і ўтрымлівае ўсеагульную ўвагу, я заклікаю вас не выпускаць з-пад увагі і тыя абставіны, якія дазволілі ўладам насуперак волі беларускага народа падтрымліваць агрэсіўную вайну, а менавіта сітуацыю татальнага тэрору ў дачыненні да ўласных грамадзян. І гэта працэс яшчэ не спынены”.
Юрыст “Вясны” заклікаў падтрымаць мандат Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, міжнародную платформу падсправаздачнасці Беларусі IBB, створаную для збора і праверкі доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека ў краіне, а таксама падтрымліваць праваабаронцаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў.