viasna on patreon

Былы палітвязень Артур Эшбаеў: "Адразу пасля вызвалення зрабіў аперацыю на вачах"

2022 2022-06-09T12:39:33+0300 2022-06-09T12:58:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/eshbaev_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Артур Эшбаеў

Артур Эшбаеў

10 гадоў таму настаўніка гісторыі Артура Эшбаева двойчы затрымлівалі паводле палітычных артыкулаў, тады ўсё абыйшлося штрафам і суткамі. Ужо ў 2022-м яго асудзілі на тры гады «хіміі», прызнаўшы вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Чатыры месяцы ён правёў у зняволенні, а пасля прысуду яго адпусцілі ў зале суда. Праз некаторы час мужчына пакінуў краіну.

Артур распавёў «Вясне» пра ўмовы ўтрымання зняволеных на Акрэсціна і Валадарскага, маральную падтрымку сукамернікаў і тое, як чытаць навіны, знаходзячыся ў зняволенні.

«Ворага чарговага вяду»

Цяпер зразумела, што дыктатура зрабілася больш рэакцыйнай, — разважае Артур Эшбаеў. — Гэта нармальна з пункту гледжання гісторыі: улада адчувае сабе пагрозу і наводзіць рэакцыю, узмацняе жорсткасць дзеянняў. Зразумела, што нават згодна з заканадаўствам мы не заслугоўваем крымінальных артыкулаў, але ім жа трэба неяк адпомсціць людзям, якія выходзілі супраць іх.

Калі ГУБАЗіК мяне затрымліваў, яны сапраўды верылі, што праз нас Беларусь страціць суверэнітэт і пачнецца Трэцяя сусветная. Мабыць, часткова хтосьці і разумее там, што робіць памылкі. Сярод іх былі і тыя, хто зласліва настроены ў дачыненні да тых, хто супраць рэжыму, і тыя, хто проста выконваў сваю працу. Супрацоўнікі ГУБАЗ яшчэ і заідэалагізаваныя.

Калі мяне затрымалі, Высоцкі — ці хто ў іх там — сядзеў на пярэднім сядзенні і біў мяне кулаком у шыю і плечы, запытваючы пароль ад тэлефона. Казаў таму, хто за стырном: «Давай спыняй, цяпер будзем іншымі спосабамі пароль дазнавацца». Я ўзгадаў пакаяльнае відэа Міколы Дзядка і падумаў, што лепш сказаць — сілы і здароўе мне яшчэ прыдадуцца. Калі ў тэлефоне ён знайшоў у мяне фатаграфію сцяга, спытаў, дзе ён. Я прызнаўся, што ў сумцы. Ён дастаў яго і, калі мы прыехалі ў будынак, надзеў мне яго на плечы, на галаву — капюшон — і так вёў праз калідор ГУБАЗіКа і крычаў: «Ворага чарговага вяду». Хаця двое іншых, я чуў, адгаворвалі яго ад гэтага.

Калі мяне прывялі і я чакаў, пакуль начальнік паабедае, адзін з іх уключыў мне песню «Вставай, страна огромная» і сказаў, што будзе вучыць мяне патрыятызму. Я кажу: «Гэта ж я гісторык мабыць, мне цябе трэба патрыятызму вучыць?»

«Часам зранку не расплюшчваліся вочы»

Калі Артура затрымалі, у яго была запланаваная лазерная карэкцыя зроку, бо ён практычна нічога не бачыў: зрок на адным воку быў -21, на другім — -19. Але ўсе 10 сутак у ІЧУ на Акрэсціна, а потым некалькі тыдняў у СІЗА ён правёў без акуляраў.

— Умовы ў СІЗА пагоршылі зрок, — кажа Артур. — Па-першае, там было не самае лепшае асвятленне — чатыры лямпачкі на ўсю камеру. Па-другое, адбіваўся дрэнны мікраклімат: шмат людзей на невялікай плошчы, большасць з якіх курыць. Праз гэта шмат у каго гнаіліся вочы, а часам было такое цяжкае паветра, што вочы зранку не расплюшчваліся. Часам нам давалі кроплі, якія часова дапамагалі, але ж асяроддзе заставалася такім самым. Таму ўсё пачыналася зноў. Таму адразу пасля вызвалення я зрабіў аперацыю з выдаленнем крышталіка вока і заменай яго на штучны, якую планаваў яшчэ перад затрыманнем: лекары мяне нават узгадалі.

Паўтары гадзіны шпацыру не хапала, каб надыхацца свежым паветрам — пасля гэтага зноў даводзілася вяртацца ў душную камеру. Вентылятар дазвалялі выкарыстоўваць толькі ўлетку, хаця у падвальных камерах, дзе Артур правёў два месяцы, душна было нават увосень і ўзімку, нягледзячы на ўвесь час адчыненую фортку. Свежае паветра туды трапляла, толькі калі ў калідоры адчынялі фортку, але на просьбу зняволеных гэтага ніхто не рабіў.

Настаўніка гісторыі, якога 10 год таму ўжо судзілі «па палітыцы», зноў асудзілі «па палітыцы»

Паводле інфармацыі, якой валодаюць сваякі абвінавачанага, у далейшым акуляры Артуру выдавалі толькі тады, калі ад яго патрабавалі падпісаць якія-небудзь паперы.

Праз дрэннае асвятленне было складана чытаць, але Артур адолеў некалькі кніг са спісу, што перадалі валанцёры. Якія кнігі знаходзяцца ў турэмнай бібліятэцы, для зняволеных па-ранейшаму вялікі сакрэт: каб атрымаць пэўную літаратуру, трэба напісаць у заяўцы яе назву, а спісу кніжак, якія ёсць у наяўнасці, ніхто не мае.

— Таму аднаго разу я напісаў, што хачу пачытаць кнігі на гістарычную тэму, — узгадвае Артур. — Хацеў хаця б штосьці навукова-папулярнае. Але мне нічога не прыносілі. Адзінае — я прачытаў «Sapiens» Ноя Харары, але яго я заўважыў у аднаго з сукамернікаў. Яшчэ Арцём Салавей параіў мне пачытаць Віктара Франкла — ягоная кніга «Сказаць жыцці «Так!»: псіхолаг у канцлагеры» дапамагла мне ўсвядоміць, што гэта выпрабаванне, якое трэба перажыць, як лепш адаптоўвацца да ўмоваў, у якія трапіў.

Цяпер Артур сам не разумее, як можна было адаптавацца да камеры 5 на 4 метры, дзе адначасова знаходзіліся 24 чалавекі, а ранішняя чарга да ўмывальніка і туалета, які ўяўляе сабой адно памяшканне, магла займаць паўтары гадзіны.

«Пры выхадзе з карцара нас прымушалі сагнуцца ў 90 градусаў»

Але нават такія ўмовы здаліся добрымі пасля 10 сутак на Акрэсціна.

— Са мной на Акрэсціна быў чалавек, які ўжо праходзіў праз Валадарку, — расказвае Артур Эшбаеў. — Ён казаў: «Трымайцеся, хлопцы, будзе лягчэй». І сапраўды: на Валадарцы ў цябе, прынамсі, адразу ёсць матрац і падушка, можна пераапрануцца, памыць твар і рукі, пачысціць зубы. Ужо не бетонная падлога і не халодна. А супрацоўнікам Акрэсціна, відаць, падабаецца ладзіць фільтрацыйны лагер са сваёй установы. Двойчы за ноч нас падымалі, і мы мусілі назваць свае імя і прозвішча.

eshbaev_2.jpg
Фота, за якое затрымалі Артура. Мужчына — трэці злева

Артур узгадвае, што адразу ён трапіў у звычайную камеру, але на трэці дзень яго перавялі ў «карцар для палітычных», хаця за суткі да гэтага яму толькі збілі тэмпературу, якая паднялася ў яго пасля затрымання. У карцары ўтрымлівалася шасцёра чалавек замест аднаго, а сёмым па чарзе то ў адзін, то ў іншы карцар палітычным падсаджваюць чалавека без пэўнага месца жыхарства з вошамі.

­— Двойчы на дзень нас выганялі на агляд, — кажа Артур. — Пры выйсці з карцара нас прымушалі сагнуцца ў 90 градусаў, вочы ўтаропіць у падлогу, рукі — выставіць крыламі ўгару — і бегам на выхад. З нейкага дня пачалі ўключаць музыку гурта «Міраж». Са мной сядзеў Руслан Багданоўскі, які разам з пасажырам уключыў «Муры» каля Акрэсціна на «Тэсле». Перад тым як выпусціць яго пасля 30 сутак, з ім праводзілі выхаваўчую гутарку — думаю, там быў супрацоўнік КДБ.

Быў яшчэ адзін жудасны выпадак. Нам у карцар закінулі 19-гадовага хлопца з сардэчным клапанам. У яго павінен быць адмысловы рэжым: ежа, лекі — таму ён практычна нічога не еў, піў толькі кампот. І праз два дні ў яго здарыўся прыступ. Калі мы пачалі барабаніць у дзверы, падышла медсястра і стала праз кармушку казаць, што нам рабіць. Мы спрабавалі яму дапамагчы, але лепш хлопцу не рабілася. Потым мы ўжо кажам: «Давайце мы выйдзем, заходзь сюды, рабі штосьці — ты ж доктарка». Яна зайшла, пачала прыводзіць яго да прытомнасці нашатыром, але ў выніку сказала наглядчыкам выклікаць хуткую. Тады хлопца перавялі ў звычайную камеру — я так разумею, каб дактары не ўбачылі, што хлопец з хворым сэрцам ляжаў у карцары на бетоннай падлозе. Яго павезлі і назад больш не вярнулі — я так і не ведаю, што з ім было далей.

(Не)аказанне медыцынскай дапамогі як на Акрэсціна, гэтак і на Валадарскага залежала ад незразумелых суб'ектыўных прычынаў. Калі ў Артура ў ІЧУ паднялася тэмпература, доктарка прыйшла на працягу гадзіны, памерала тэмпературу і дала выпіць гарачкапаніжальнае з інтэрвалам. На наступны дзень іншая доктарка прыйшла яшчэ раз і праверыла тэмпературу. Яе не было, таму Артура адправілі ў карцар. Але часта палітвязень чуў «Вас сюды не лячыць прывезлі» на просьбы паклікаць лекара. На Валадарскага рэгулярныя абходы рабіла дзяжурная доктарка, хранічна хворым прыносілі таблеткі. Але з больш маштабнымі момантамі — напрыклад, хворым зубам — дапамога аказвалася няхутка.

«Ніхто з палітычных не ўсведамляе сябе злачынцам»

Артур узгадвае, што пасля «размоваў» з ГУБАЗам і дзікіх умоў на Акрэсціна палітычныя прыходзілі ў камеры на «Валадарку» панурыя. Але калі сустракалі тых, хто таксама патрапіў ў бяду праз свае перакананні, падбадзёрваліся. У першай камеры палітвязняў разам з Артурам было пяцёра, у другой — спачатку толькі двое, але са снежня па сакавік іх зрабілася ўжо 15–16 — шмат хто «заехаў» паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

— Усе адразу намагаюцца адзін аднаго падтрымаць, — кажа Артур. — Распытваюць, як у сям'і, калі чалавек перажывае — яму імкнуцца дапамагчы. Ніхто з палітычных не ўсведамляе сябе злачынцам, хаця зразумела, што на судзе кожны выбірае той ці іншы спосаб абароны, каб атрымаць меншы тэрмін. Бывала, што чалавек сыходзіў у дэпрэсію — такіх намагаешся падтрымліваць таксама, але часам чалавек і сам не хоча мець зносінаў.

Той чалавек знайшоў для сябе выйсце: калі ўсё клаліся на адбой, ён садзіўся на край стала — там было не бачна, што ты там сядзіш, — і то чытаў, то пісаў доўгія лісты пад святлом месяца брату і дзяўчыне. Ён сядзеў так гадзіны да 45-й раніцы, а потым адсыпаўся ўдзень на аддаленай паліцы. Яшчэ са мной сядзеў Арцём Дзмітрыевіч Салавей: у яго быў нармальны настрой, хоць ён разумеў, што атрымае вялікі тэрмін. Гэта мы не верылі. Ён моцна падтрымліваў мяне.

Мужчына кажа, што на Валадарцы не было асаблівага ціску на палітычных. Дадатковыя пераклічкі і забарона ляжаць на ніжнім ярусе — некаторыя спосабы ціску на палітвязняў. Адзін з дзяжурных любіў заляцець у камеру без папярэджання і злавіць зняволеных на парушэннях: напрыклад, калі хтосьці па звычцы павесіў адзенне на ложак.

eshbaev_1.jpg
Артур Эшбаеў у залі суда

Ціск на палітвязняў выяўляўся ў абмежаванні ліставання. Артуру лісты прыходзілі з затрымкай: на ўваходзе правяралі 3–5 дзён, на выйсці — здаралася, і па 8. Часцей за ўсё яму даходзілі лісты ад жонкі і сястры, двойчы даходзілі лісты ад валанцёраў. Калі ўжо Артур адпраўляў штосьці былым сукамернікам, нічога не даходзіла.

— Мне падабалася, калі жонка пісала пра тое, што адбываецца ў яе, сяброў, — распавядае Артур. — Валанцёрка пісала мне, што адбываецца ў горадзе, як пілуюць дрэвы, робяць дарогі, якія настроі ў людзей — мне падабалася чытаць і такое. Мы ж разумелі, што блізкім у такой сітуацыі яшчэ цяжэй, што ім трэба падтрымліваць і нас, і сябе. Таму важна проста не хвалявацца за блізкіх і сяброў. Вядома, там разумееш, што людзі пішуць, а лісты не перадаюць — і гэта напружвае. Моцна фільтравалі па лістах Арцёма Салаўя, даходзіў ледзь не 12 на месяц. Калі лісты раздавалі, усё казаў, што не можа быць так мала, што зноў не прапускаюць. Дзіма Падрэз нават пісаў заявы з просьбай вярнуць лісты, якія прыходзілі яму, пакуль ён быў у карцары. Але так нічога і не дамогся.

«Мы дазналіся пра вайну з навінаў»

Артур заўважае, што за 4 месяцы, якія ён прабыў у зняволенні, грамадства яшчэ больш паглыбілася ў страх. Людзі яшчэ больш баяцца размаўляць, абмяркоўваць палітыку і эканоміку.

Вядома, ніхто не чакаў, што наш дыктатар уступіць у вайну на баку іншага дыктатара, — кажа Артур. — Нас у СІЗА таксама абурыла, калі мы дазналіся, што пачалася вайна. Калі я выйшаў і пачаў чытаць навіны цалкам, быў у шоку. Хоць па адцягванні судоў, па прамове Пуціна перад вайной, па вучэннях мы здагадваліся, што штосьці будзе.

Мы дазналіся пра вайну з навін. Калі людзі пачалі хадзіць «на кабінеты», размаўляць з адвакатамі, пачалі разумець, што інфармацыя не такая радасная, як гэта ўсё апісвалася ў нашых крыніцах. Мы верылі, што справядлівасць на боку Украіны, што ў іх атрымаецца абараніць сваю краіну. Мы спрабавалі аналізаваць і супастаўляць факты, чулі пра антываенныя пратэсты ў Беларусі 27 лютага. Да нас прыходзілі «Белорусы и рынок» і «Российская независимая газета», а ў астатніх газетах даводзілася чытаць «шыварат-навыварат». Напрыклад, калі пра падзею выходзіць пяць радкоў — адбылося штосьці сур'ёзнае. Калі выходзяць памфлеты, дзе кагосьці лаяць — кіберпартызан, напрыклад — значыць, разумелі, што людзі абураюцца.

Яшчэ мы абураліся, што столькі людзей прыходзіць паводле артыкулу 342. Мы не разумелі: няўжо людзі не разумеюць, што навісае небяспека, што хапаюць усіх без разбору, чаму застаюцца ў краіне?

Суд над Артурам праходзіў два дні, абодва з якіх палітвязень правёў у кайданках перад сабой. На другі дзень яму прызначылі толькі абвяшчэнне прысуду — і мужчына правёў яшчэ ноч на «Валадарцы». Пасля прысуду ён з'ехаў з краіны і цяпер знаходзіцца ў бяспецы.

Дапамагчы Артуру:

Нумар карткі (рахунак адкрыты ў Польшчы): 5168 7629 8271 9967
Імя ўладальніка карты: ARTUR ESHBAYEU
Тэрмін дзеяння карткі: 05/24

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства