viasna on patreon

Нічога не мяняецца? Настаўніка гісторыі, якога 10 год таму ўжо судзілі «па палітыцы», зноў асудзілі «па палітыцы»

2022 2022-03-04T15:40:00+0300 2022-03-04T16:07:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/eshbaeu_a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Артур Эшбаеў

Артур Эшбаеў

2 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска разглядзеў справу палітвязня Артура Эшбаева, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Судовае пасяджэнне па справе Эшбаева ўзначальвала суддзя Лідзія Целіца.

Пра абвінавачанага вядома, што па адукацыі ён настаўнік. Мужчыну 37 гадоў, і ў яго сур'ёзныя праблемы са зрокам.

Артура затрымалі ў пачатку лістапада 2021 года. За некалькі дзён да гэтага ён вярнуўся з Польшчы, дзе быў на заробках. Як распавялі родныя Артура, пасля затрымання яго адвезлі ў ІЧУ, а пасля прад'яўлення абвінавачвання - у СІЗА-1, дзе «у яго забралі акуляры, хоць адно вока ў яго-21, другое -19. Ён амаль нічога не бачыць».

Паводле інфармацыі, якой валодаюць сваякі абвінавачанага, у далейшым акуляры Артуру выдавалі толькі тады, калі ад яго патрабавалі падпісаць якія-небудзь паперы.

Вядома, што абвінавачванні па артыкуле 342 КК РБ мужчыну прад'явілі за падзеі 10-11 жніўня 2020 года. Пры гэтым галоўным доказам віны з'яўляўся інтэрнэт-фотаздымак.

15 лістапада 2021 года праваабаронцы прызналі Артура Эшбаева палітвязнем.

Смешна і сумна адначасова, але факт: аказваецца, за 10 год да цяперашняга затрымання, у 2011-м, Артура Эшбаева таксама затрымлівалі і судзілі «па палітыцы». Праўда, тады па адміністрацыйным артыкуле 23.34 і ў Смалявічах.

Артур Эшбаеў больш за 10 год таму.
Артур Эшбаеў больш за 10 год таму.

Ужо ў той час мужчына састаяў у незалежным беларускім прафсаюзе і быў актывістам. У 2011-м годзе Артур Эшбаеў займаўся арганізацыяй Народнага сходу. Збіраў у Смалявічах подпісы ў падтрымку мерапрыемства, прычым рабіў гэта ў адпаведнасці з заканадаўствам.

За гэта яго затрымалі супрацоўнікі мясцовага РАУС. Тады спачатку ён правёў двое сутак у камеры, потым суд адтэрмінавалі на тыдзень, а калі адбыўся - суддзя суда Смалявіцкага раёна Алена Міснік вынесла рашэнне аб адміністрацыйным арышце на 7 сутак.

Гэтая ж суддзя працуе і зараз. Але ўжо не ў судзе Смалявіцкага раёна, а ў Мінску.

Дарэчы, пасля вызвалення ў 2011 годзе Артур гаварыў:

«Умовы ўтрымання ў ІЧУ былі цалкам цярпімыя. Кармілі нядрэнна. Спачатку сядзелі ўтрох у камеры, потым учатырох. Стаўленне было нармальнае, нават жартавалі з мяне, маўляў, вось, да нас палітычны трапіў».

Мінула 10 год… Падчас зняволення з мужчыны літаральна здекваліся, адбіраючы акуляры.

2 сакавіка 2022 года суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў Артура Эшбаева вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», прысудзіўшы яму 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Вядома, што па лініі Мінсктранса мужчыну прад’явілі пазоў у памеры 21 667 рублёў і выдзелілі яго ў асобную вытворчасць.

Артура Эшбаева вызвалілі ў зале суда. Дакладна вядома, што мужчына працягвае актыўна губляць зрок. У хуткім часе ў яго ёсць магчымасць зрабіць аперацыю па замене крышталікаў. Праваабаронцы і родныя Артура Эшбаева вельмі спадзяюцца, што да яе правядзення і падчас рэабілітацыі мужчыну не адправяць адбываць пакаранне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства