Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 19 новых палітвязняў
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
15 лістапада 2021 г.
У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Івана Ніканава, Яўгена Хар’янава, Ўладзіслава Верасава, Івана Дуброўскага, Віктара Кухарчука, Максіма Несцяровіча, Вольгі Гарбуновай, Марка Васількова, Уладзіміра Жолабава, Яўгена Марынца, Аляксандра Русецкага, Аляксея Русецкага, Паўла Грышкевіча, Ягора Кузьміна, Артура Эшбаева, па арт. 342 і арт 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) Вадзіма Цагельніка, па арт. 342 і ч.1 арт. 328 КК (за захоўванне 2 гр марыхуаны, якія былі выдадзеныя перад вобшуком) Андрэя Трусава, па арт. 342 і ч.1 арт. 339 КК (хуліганства) Аляксея Іванісава, а так сама пра пачатак адбыцця пакарання у выглядзе абмежавання свабоды ў папраўчай установе адкрытага тыпу Арцёма Андрасюка, які быў асуджаны па ч. 1 арт. 342 КК, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць Івана Ніканава, Яўгена Хар’янава, Ўладзіслава Верасава, Івана Дуброўскага, Віктара Кухарчука, Максіма Несцяровіча, Вольгу Гарбунову, Марка Васількова, Ўладзіміра Жолабава, Вадзіма Цагельніка, Андрэя Трусава, Аляксея Іванісава, Арцёма Андрасюка, Яўгена Марынца, Аляксандра Русецкага, Аляксея Русецкага, Паўла Грышкевіча, Ягора Кузьміна, Артура Эшбаева і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
"Прававая ініцыятыва";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Human Constanta.