Ціск на палітвязняў, «суткі», затрыманні — хроніка пераследу 27-28 траўня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» 27-28 траўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сайт Саюза палякаў Беларусі nadniemnemgrodno.pl уключаны ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Адпаведнае рашэнне прыняў суд Ленінскага раёну Гродна 20 траўня.
Улады выселілі з офіса Арганізацыю незалежнага прафсаюза «Нафтана»
Перад гэтым арганізацыю пазбавілі рэгістрацыі.
Прадстаўнікі прафсаюза кажуць, што яны планавалі абскарджваць гэтае рашэнне ў судзе, таму пакідаць памяшканне не збіраліся.
Палітвязню Яўгену Каханоўскаму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў крытую турму
Па інфармацыі «Гомельскай Вясны», у канцы красавіка ў наваполацкай калоніі над палітвязнем Яўгенам Каханоўскім адбыўся суд па ўзмацненні рэжыму. Суд пастанавіў перавесці хлопца на «турэмны» рэжым. Этап у жодзінскую турму №8 доўжыўся тры тыдні. У калоніі на хлопца ўвесь час аказваўся ціск: яго абмежавалі ў атрыманні пасылак і бандэролей, у званках, некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА, а потым перавялі ў ПКТ. Адразу пасля пераводу ў жодзінскую турму Яўгена зноў змясцілі ў карцар.
Палітвязня асудзлі за падзеі ў жніўні 2020 года ў Жлобіне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Яму прысудзілі 3,5 года калоніі.
Старшыню Беларускага Незалежнага прафсаюза Максіма Пазнякова зноў асудзілі на 15 сутак
Справу разгледзеў суддзя Віталь Лапко. Нагадаем, 19 траўня яму ўжо прызначылі 15 сутак арышту за аватарку ў Facebook: сцяг Украіны і выраз «я за незалежнасць».
Камерцыйнаму дырэктару сеткі кінатэатраў «Silver Screen» Аляксандру Дземідовічу прызначылі 15 сутак арышту
Яго абвінавацілі ў «непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы» (арт. 24.3 КаАП Беларусі).
Аляксандра затрымалі на працоўным месцы 25 траўня.
Раней ён працаваў на розных пасадах у TUT.ВY. Да разгрому партала ўзначальваў адно з падраздзяленняў камерцыйнай службы.
У Мінску быў затрыманы інжынер факультэту радыёфізікі БДУ Павел Пятроў
37-гадовага інжынера факультэту радыёфізікі БДУ затрымалі на працоўным месцы раніцай 27 траўня.
Павел Васільевіч навучаўся ў аспірантуры, стажыраваўся ў Германіі. Працаваў над дысертацыяй на спашуканне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук.
Да палітзняволенага Яўгена Галіча не дапускаюць адваката
Стала вядома, што да палітвязня Яўгена Галіча, які ўтрымліваецца ў СІЗА № 3 у Гомелі, ужо тыдзень не дапускаюць адваката. Неякіх тлумачэнняў аб прычынах гэтага ні адвакату, ні маці Яўгена не даюць; ад маці толькі прымаюць перадачы для зняволенага.
Як стала вядома, справу Я. Галіча цяпер вядзе новы следчы – Багданаў. Следчы даў дазвол на наведваньне адвакатам свайго падабароннага, і павінен быў такі ж дакумент адаслаць у СІЗА. Але супрацоўнікі СІЗА сцвярджаюць, што дазволу не атрымлівалі.
Адвакатка папрасіла ў следчага выслаць ёй факсімільную копію дазволу, але пакуль яе не атрымала. Апошні раз яна сустракалася са сваім падабаронным 2 тыдні таму падчас допыту.
Бацькам Маргарыты Ляўчук прысудзілі па 70 б.в. (2 240 руб.) кожнаму
Стала вядома, што іх судзілі за «непадпарадкаванне міліцыі». Суд адбыўся ў Брэсце. Таксама з імі запісалі «пакаяльныя відэа», дзе яны мусілі папракаць дачку.
Бацьку Маргарыты пры затрыманні паклалі тварам на падлогу, надзелі кайданкі і, як кажа спявачка, «нават ў турме нейкай за кратамі пасядзеў. Але настрой у іх пазітыўны».
Інфармацыя дапаўняецца