viasna on patreon

Былы студэнт: «Проста змірыўся з тым, што стаў адным з палітвязняў»

2022 2022-05-24T14:41:21+0300 2022-05-24T15:32:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrodna_turma.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18-гадовага Кірыла Кятурку, якога адлічылі з каледжа падчас ягонага зняволення, асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі» за каментары, якія ён пакідаў у гродзенскіх чатах. Да вызвалення ў зале суда хлопец тры месяцы правёў у гарадзенскай турме. Ён распавёў «Вясне» пра затрыманне, умовы ўтрымання і свае далейшыя планы.

«Ты адсюль не выйдзеш»

— Мяне затрымалі 3 лютага 2022 года і адразу адвезлі ў Ленінскае РУУС у Гродне. У кабінеце аператыўнік пачаў задаваць нейкія пытанні, казаць, што я адтуль больш не выйду. Мне сталі пудрыць галаву артыкуламі пра масавыя беспарадкі і здраду дзяржаве, але толькі праз нейкі час сказалі, што мяне затрымалі за каментары ў інтэрнэце ў 2020 годзе. Яны надзелі на мяне кайданкі і запісалі «пакаяльнае відэа». З палітычных там сядзеў мужык, якога затрымалі за падпіску ў «Аднакласніках» на «Белсат». Опер пытаўся ў начальніка, што з ім рабіць, калі ў яго няма лайкаў і каментароў — той сказаў, адпраўляць у ІЧУ. А мужык пытаецца ў мяне: «А што такое ІЧУ?» Я тлумачу. А ён адказвае: «Мне нельга ў ІЧУ, я ў інстытуце працую кіроўцам, мяне звольняць».

hrodna_marsh.jpeg
Марш у Гродна 6 верасня, за які судзілі Кірыла

Пасля РУУС мы паехалі дадому, там у мяне забралі планшэт, тэлефон, сцяг, кубак з «Пагоняй» і петарды з Новага года — потым высвятлялі, навошта яны мне. Калі зноў прыехалі ў РУУС, да мяне прыехаў дзяржаўны адвакат і мяне дапыталі ў якасці падазраванага. Тую ноч я правёў у РУУС — так стаміўся, што прачнуўся толькі бліжэй да абеду.

4 лютага мяне хацелі дапытаць ужо ў якасці абвінавачанага, але я адмовіўся, таму што аператыўнік задаваў бы тыя самыя пытанні, што і ў папярэдні раз. Мяне ўзялі пад варту і адвезлі ў гродзенскую турму №1 — усе тры месяцы зняволення я знаходзіўся там.

Я не быў моцна ашаломлены ці засмучаны тым, што мяне затрымалі. Я ведаў, што ў краіне тысяча палітвязняў — і проста змірыўся з тым, што стаў адным з іх, і ні разу не пашкадаваў, што рабіў у 2020 годзе. Галоўнае ў зняволенні — не грузіцца і не ўпадаць у дэпрэсію. Горш за ўсё — утаропіцца ў сцяну і думаць пра тое, як будзеш сядзець пяць гадоў.

«Амерыканка» і «бастыён»

— У гродзенскай турме два карпусы: «амерыканка» і «бастыён». У «амерыканцы» камеры па чатыры чалавекі. Практычна ўвесь час я правёў там: першыя два месяцы — у адной камеры, два тыдні — у іншай: было дзіўна, што мяне не перакідалі часцей. У першай камеры са мной быў «наркаман» паводле арт. 328 Крымінальнага кодэкса і рэцыдывіст: ён адседзеў 16 гадоў з 40, а потым яго затрымалі за тое, што ён спаліў сваю знаёмую, хоць штодня ён паўтараў, што не рабіў гэтага.

На другім тыдні мяне паставілі на прафулік як «схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці». Але гэта значыла толькі тое, што мне можна было спаць толькі на другім ярусе нараў. Нават на «шмонах» «экстрэмістаў» не даглядалі больш старанна за астатніх — іх, дарэчы, праводзілі раз на тыдзень. Ніхто не ведаў, у які дзень і наколькі дасканалай будзе праверка.

hrodna_turma.jpeg
Малюнак адной з камер турмы. Крыніца: hrodna.life

У «бастыёне», куды мяне перавялі на апошнія два тыдні, лягчэй, бо там больш прасторы і сядзіць 10–12 чалавек. Хоць туалеты там былі з дзіркамі, але за дзвярыма і сценкай. Мянты не чапляюцца наогул ні да чаго, паставыя — маладыя хлопцы гадоў 18–21 пасля войска — рэдка зазіраюць у «вочкі».

Ежа была нармальнай, але калі есці толькі яе без перадачак, то будзеш худнець. Я еў усё — акрамя бігуса (тушанай капусты). Зранку давалі кашу — сечку і ці авёс, раз на два тыдні — рыс ці прасянку на малацэ. У абед елі суп і другое, мяса — толькі ў выглядзе тушонкі. Ніхто асабліва не любіць «перлагарох» — пярлоўку з гарохам і тушонкай — але мне ён падабаўся. Калі ў кагосьці была спецыяльная дыета — напэўна, яе давалі пры захворваннях страўніка — ім былі належныя курыца раз ці два на дзень, малако, сок. Перадачы нам даходзілі нармальна, але калі на «амерыканцы» ўсе дзяліліся з усімі, то на «бастыёне» разбіваліся па групках — і дзяліліся ўжо ўнутры іх. Я быў у «кампаніі» з трыма палітычнымі. 

Раз на дзень нас вадзілі на шпацыры. Да красавіка — на гадзіну, пасля — на паўтары–дзве. Гэтага часу хапала, каб паспяваць займацца фізічнымі практыкаваннямі. Там былі маленькія і вялікія дворыкі, ёсць нават два з новым рамонтам, але я быў там толькі двойчы.

«Калі мы гулялі 27 лютага, над горадам лётаў знішчальнік»

­— Мне лісты даходзілі нармальна — першы я атрымаў праз два тыдні пасля затрымання. У турме працуюць два цэнзары, заказныя яны чытаюць найперш. Бывае, што аддаюць іх ужо праз дзень пасля таго, як яны прыйшлі ў турму. Мне прыходзілі лісты разы два на тыдзень, але толькі ад знаёмых — ніхто не ведаў пра маю справу, таму лісты ад незнаёмых я не атрымліваў. Прыкладна палова маіх лістоў не дайшла.

Вядома, хацелася, каб пісалі больш навін. Але мы і так ведалі пра асноўныя падзеі ад тых, хто заязджаў, або ад адвакатаў, якія прыходзілі. Калі мы гулялі 27 лютага, над горадам лётаў знішчальнік. Было дрэнна, таму што ў гэты момант не можаш чытаць навіны, не разумееш, што адбываецца: сядзіш у каморцы без сувязі. Платнага адваката ў мяне не было, па палітычных справах ён — дарагі паштар. Але лісты ўсё адно пісаць важней за ўсё, гэта падтрымка. Можна пісаць і навіны, але акуратна. 

Яшчэ бавілі час за кніжкамі, але іх было не шмат цікавых. Я запомніў «Варкрафт» і «Севастопальскія апавяданні» Талстога. Добра час забіваюць гутаркі і даміно.  

«Я ведаў, што выйду на “хімію”»

— Маю справу разгледзелі за тры пасяджэнні. Прыйшоў нават адзін сведка Заруба — я вельмі здзівіўся. Ён расказваў, як людзі ішлі па дарозе, як ён апавяшчаў, што будзе ўжывацца сіла. Заруба казаў, што гэта людзі напалі на АМАП, хоць гэта АМАП пайшоў на нас, пачаў біць і затрымліваць. Але мяне асабіста ніхто са сведак не ўзгадаў.

Студэнта асудзілі да 2,5 гадоў "хатняй хіміі" за паведамленні ў чатах

Справу разгледзела суддзя Маргарыта Ланцэвіч з удзелам народных засядальнікаў Л. В. Якалцэвіч і Л. Д. Кашырынай.

Я ведаў, што выйду на «хімію», таму што да гэтага паўтара года чытаў навіны і ведаў, што паводле майго артыкулу часцей даюць менавіта яе. Але сваякі не верылі. Пакуль я быў пад вартай, мяне адлічылі з каледжа. Я збіраюся аднаўляцца ў наступным годзе — у гэтым ужо не паспею прайсці практыку. Атрымаю дыплом абліцоўшчыка-плітачніка сінтэтычнымі матэрыяламі/столяра, знайду працу. Свет асабліва не змяніўся за тры месяцы, трэба вось толькі грошы шукаць. Натуральна, заўважыў падвышэнне цэн. 

Людзям, якія селі ў турму, я б параіў не адчайвацца і верыць у сябе — тады час будзе ісці хутчэй. Проста жыць — і ўсё. І не спадзявацца, што вось-вось цябе адпусцяць.

Калі вы хочаце падтрымаць Кірыла, можна зрабіць грашовы перавод на ягоную картку:

Нумар карткі: 5208130000716310 
Тэрмін дзеяння: 
08/24
Імя ўладальніка карты: KIRYL KIATURKA

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства