viasna on patreon

Тры гады "хатняй хіміі" за шматразовую абразу прэзідэнта: у Полацку вынесены прысуд Андрэю Патрэбку

2022 2022-05-17T12:17:00+0300 2022-05-17T13:48:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/patrebka-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Патрэбка. Фота з сацыяльных сетак

Андрэй Патрэбка. Фота з сацыяльных сетак

У судзе Полацка і Полацкага раёна 17 траўня вынесены прысуд па крымінальнай справе Андрэя Патрэбкі, які, па версіі следства, абразіў прэзідэнта Беларусі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Прычым рабіў гэта ў абразлівай і цынічнай манеры больш чым два дзесяткі разоў.

Справу разглядае суддзя Віктар Баліка, дзяржабвінаваўца — старшы памочнік пракурора Таццяна Коцур.

Андрэя Патрэбку затрымалі 24 снежня 2021 года. Да затрымання ён працаваў у Наваполацку брыгадзірам-цесляром у фірме "РэгіёнБудПолацк" па дамове падраду. Халасты, дзяцей няма. Жыве ў пасёлку Фарынава.

Паводле абвінавачання, з 5.08.2020 па 11.08.2021 года, Патрэбка, дзейнічаючы са злачынным намерам, выказваючы адкрытую непрыязнасць і маючы намер на публічнае прыніжэнне і абразу годнасці дзеючага прэзідэнта Лукашэнкі, у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" і "Аднакласнікі" неаднаразова размяшчаў розныя тэксты абразлівых паведамленняў. Усяго ў справе фігуруюць 25 эпізодаў.

Абвінавачанне запрасіла тры гады "хатняй хіміі" для жыхара пасёлка Фарынава за абразу прэзідэнта

Таццяна Коцур паведаміла, што Андрэй Патрэбка 25 разоў у перыяд з 5 жніўня 2020 года па 11 жніўня 2021 года у сацыяльных сетках “Аднакласнікі” і “ВКонтакце” размяшчаў тэксты і каментарыі абразлівага характара ў дачыненні да прэзідэнта Беларусі.

І хаця вынікі лінгвістычнай экспертызы сведчаць пра тое, што частка выказванняў Андрэя Патрэбкі пра Аляксандра Лукашэнку і Наталлю Качанаву хоць і ўтрымліваюць ненарматыўную лексіку, але не маюць негатыўных ацэнак, памочніца пракурора Таццяна Коцур запрасіла пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады.

Суд пастанавіў прызнаць Андрэя Патрэбку віноўным і вынес наступнае пакаранне: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). 

Пасля 8 месяцаў зняволення Патрэбка вызвалены з-пад варты ў залі суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства